Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паляўнічы вальер» замест «Катарскай інвэстыцыйнай выспы»?


Аляксандар Лукашэнка загадаў, каб кавалак зямлі ў Лагойскім і Смалявіцкім раёнах Менскай вобласьці перадалі Катару.

У інтэрнэт трапіў загад першага намесьніка старшыні Менскага аблвыканкаму аб захадах па перадачы Дзяржаве Катар зямельных участкаў у Лагойскім і Смалявіцкім раёнах. Што пабудуюць на землях, якія перадаюць новаму ўладальніку бязвыплатна на 99 гадоў?

«Аб прадстаўленьні Дзяржаве Катар зямельных участкаў для будаўніцтва рэзыдэнцыі і паляўнічых вальераў». На гэты ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 9 ліпеня 2012 году пад нумарам 302-дсп спасылаецца першы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму Аляксандар Замжыцкі ў сваім распараджэньні, дзе падрабязна пералічана, што трэба рабіць, каб аформіць зьдзелку. Паводле дакумэнту зямельны ўчастак для будаўніцтва рэзыдэнцыі перадаецца бясплатна, а зямля пад паляўнічы вальер — у арэнду на 99 гадоў. Між тым агульны памер участку ў дакумэнце, які падпісаў Аляксандар Замжыцкі, не пазначаны. Каб высьветліць гэтыя падрабязнасьці, званю ў ягоную прыёмную. Адказваюць, што першага намесьніка няма, і адпраўляюць да начальніка землеўпарадкавальнай службы Генадзя Пліскоўскага. Але і таго на месцы не аказалася:

«Толькі заўтра. Сёньня не дазвоніцеся да яго, ён зьехаў. Намесьнік? Намесьнік, які быў у курсе, у адпачынак пайшоў».

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі адмовілася камэнтаваць тэкст указу з грыфам «для службовага карыстаньня», спаслаўшыся на тое, што камэнтуюць толькі адкрытыя дакумэнты, перадае БелаПАН.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук не сумняецца, што гаворка ідзе пра рэальную перадачу зямлі катарскім інвэстарам. Паводле Яраслава Раманчука, Беларусь цікавіць багатага інвэстара з Блізкага Ўсходу зусім не як краіна зь вялікім інтэлектуальным патэнцыялам і прамысловымі магчымасьцямі:

«Акрамя вальеру, хутка атрымаем цэнтар, дзе будуць казіно, дзе беларускія дзяўчаты будуць прапаноўваць катарскім мільярдэрам дранікі ды ўсё іншае, што бывае падчас падобных сустрэч у закрытым фармаце. Беларусь ужо пераканала расейцаў у тым, што сэкс-турызм тут на добрым узроўні, зараз будзем канкураваць з Вугоршчынай і Латвіяй за цэнтар прастытуцыі ва Ўсходняй Эўропе».

Паводле Яраслава Раманчука, зямельная зьдзелка атрымала зялёнае сьвятло ў абмен на магчымасьць чарговага выгаднага крэдыту.

Леанід Заіка

Леанід Заіка

Іншую мэту супрацоўніцтва бачыць эканаміст Леанід Заіка, які вітае падобныя зьдзелкі, бо, на ягоную думку, яны пашыраюць магчымасьць для беларусаў інтэгравацца ў навакольны сьвет:

«Чым болей будзе рэзыдэнцыяў, болей месцаў для пражываньня людзей з усясьветнай эканомікі, тым лепей. Іншая рэч, калі свае грамадзяне ня могуць атрымаць кавалак зямлі. Але, мяркую, менавіта на падставе такіх зьдзелак трэба патрабаваць, каб было больш магчымасьцяў будаваць катэджы і дамы ў саміх беларусаў».

Канстанцін Скуратовіч

Канстанцін Скуратовіч

Жыхар Смалявіцкага раёну, журналіст Канстанцін Скуратовіч кажа, што набыць зямлю жыхару раёну пад будаўніцтва дома — гэта адно, а вось набыць кавалак лесу пад паляўнічы вальер ці дзеля гаспадаркі — зусім іншае.

«У нас праводзяць аўкцыёны і прадаюць пустыя ўчасткі пад будаўніцтва дамоў. Гэта магчыма. А ўсё астатняе — гэта ў Смалявічах, як і паўсюль: калі начальства скажа, дык і зробяць».

Летась у жніўні пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Катар дзяржаўныя мэдыі загаварылі пра пляны катарскіх інвэстараў рэалізаваць у Беларусі цэлы пакет праектаў пад агульнай назвай «Катарская выспа ў Эўропе». Мелася на ўвазе будаўніцтва банкаў, культурных і дзелавых цэнтраў, гатэляў. Падобныя пляны, аднак, гучаць не ўпершыню і не заўсёды становяцца рэальнасьцю.

Нядаўна стала вядома пра адмову інвэстараў з Аману рэалізоўваць праект будаўніцтва пяцізоркавага гатэля і дзелавога комплексу ў цэнтры Менску. У 2010 годзе ўказам Аляксандра Лукашэнкі Дзяржаўнаму генэральнаму рэзэрвоваму фонду Аману быў перададзены ва ўласнасьць зямельны ўчастак плошчай 2,6 гектара ў межах вуліц Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і ракі Сьвіслач. Аб’ём інвэстыцыяў ацэньваўся ў 150 мільёнаў даляраў. Аднак пасьля леташняга фінансавага крызісу інвэстар ад сваіх плянаў цалкам адмовіўся, а ўчастак зямлі пад былой 2-й гарадзкой бальніцай і выставачным комплексам зноў шукае гаспадара.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG