Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суботу і нядзелю ў Сочы адбываліся сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Пра дэталі сустрэчы піша расейскі друк.

Візыт Лукашэнкі ўскосна паўплываў і на ўнутрырасейскую палітыку. У суботу ў Маскве адбывалася маштабная акцыя пратэсту — «Марш мільёнаў», у якой паводле самых сьціплых ацэнак узялі ўдзел 14 тысяч чалавек. Але, як заявіў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў, Уладзімер Пуцін не сачыў за ходам «Маршу мільёнаў» з-за сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Пяскоў заявіў:

«Справа ў тым, што сёньня ў Сочы Ўладзімір Уладзіміравіч сустракаецца з прэзыдэнтам Беларусі Лукашэнкам, таму, на жаль, не ўдалося сачыць за гэтым мітынгам і цяжка штосьці камэнтаваць».

Паводле «Комсомольской правды», на сустрэчы бяз гальштукаў у Сочы абодва лідэры шмат усьміхаліся. Аляксандр Лукашэнка нават прызнаўся, што ў яго зусім не працоўны настрой. 15 верасьня ўлады Сочы зладзілі суботнік — горад рыхтуецца да Міжнароднага інвэстыцыйнага форуму. «Мы фактычна далучыліся да сочынскага суботніку», — пажартаваў кіраўнік Беларусі.

Падчас сумеснай гутаркі з журналістамі Уладзімір Пуцін зьлёгку падкалоў Аляксандра Лукашэнку. Расейскі прэзыдэнт паабяцаў расказаць аб выніках саміту арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага супрацоўніцтва, які нядаўна прайшоў ва Ўладзівастоку. «Асабліва пра тое, што гаварылася за кулісамі», — адразу ж папрасіў Лукашэнка.

І пачуў у адказ: «Ды нічога там асабліва сакрэтнага няма. У цэлым усё, што там абмяркоўвалася і як абмяркоўвалася, вы самі добра ведаеце. Нічога асаблівага на гэтым форуме не было, калі не лічыць, што ён праходзіў у рэгіёне, які зьяўляецца лякаматывам сусьветнай эканомікі, і настроі там больш пазытыўныя, чым у іншых рэгіёнах сьвету », - заявіў Пуцін.

Пры гэтым Пуцін падкрэсьліў, што на саміце Расея прадстаўляла ня толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы партнэраў па мытным саюзе — Беларусі і Казахстану.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, «ужо 50 дзяржаў у чарзе, каб заключыць з Адзінай эканамічнай прасторай дамовы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, гэта шмат аб чым сьведчыць — амаль паўсьвету буйных дзяржаваў».

Але і тут Уладзімер Пуцін крыху астудзіў імпэт калегі, сказаўшы: «Нам трэба ўзважыць вельмі ўважліва ўсе „за“ і „супраць“, таму што пры вырашэньні падобных пытаньняў трэба выраўноўваць інтарэсы. Але зацікаўленасьць сапраўды шчырая».

Паводле «Независимой газеты», размова на перамовах у Сочы ішла аб рэалізацыі праекту будаўніцтва Беларускай АЭС і пэрспэктывах увядзеньня ў Беларусі утылізацыйнага збору на сельгастэхніку. З уступных слоў у пачатку сустрэчы таксама стала вядома, што Беларусь турбуе рост патоку нелегальных мігрантаў з Расеі празь Беларусь на Захад.

Газэта адзначае, што за зачыненымі дзьвярыма сустрэчы магчыма ўзьнімаліся і больш вострыя пытаньні. Спыненьне кантрабанды нафтапрадуктаў з расейскай сыравіны прывяло да рэзкага падзеньня сальда зьнешняга гандлю Беларусі. У сувязі з гэтым тэма нумар адзін для Беларусі — аднавіць экспарт растваральнікаў. Гэта пацьвердзілі нядаўнія заявы прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча аб працягу перамоваў з Расеяй.

Акрамя таго, экспэрты прыгадваюць заявы беларускага боку аб тым, што ўступленьне Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю нясе пагрозы для партнэраў па Мытным саюзе, а гэта значыць, што ім патрэбная кампэнсацыя. Пра гэта гаварыў прадстаўнік Беларусі ў Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі.

«Независимая газета» цытуе беларускага экспэрта Аляксандра Класкоўскага, які не выключае таго, што танальнасьць і вынікі перамоваў у Сочы адаб’юцца на зьнешняй палітыцы афіцыйнага Менску ў адносінах з Эўропай. На думку экспэрта, жорсткая пазыцыя Пуціна можа прымусіць Лукашэнку зноў зьвярнуцца да палітыкі арэляў і пачаць выбудоўваць адносіны з Брусэлем і нават выпусьціць палітвязьняў, што зьяўляецца абавязковай умовай аднаўленьня дыялёгу.
XS
SM
MD
LG