Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 верасьня спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня Максіма Танка. Сёньня з гэтай нагоды Беларускі ПЭН-цэнтар ладзіць у Менску ў кнігарні «Логвінаў» вялікую юбілейную вечарыну. Паведамляе Валянціна Аксак.

Паэт з прынарачанскай вёскі Пількаўшчына Яўген Скурко, які ўзяў сабе творчае імя Максім Танк, быў не галосна прызнаны найлепшым песьняром Заходняй Беларусі ды стаўся сымбалем ейнага нацыянал-камуністычнага руху. Ідэалам маладосьці ён ня здрадзіў да канца дзён, што не перашкодзіла яму заставацца цягам усяго творчага жыцьця ў авангардзе нацыянальнага прыгожага пісьменства. За што яго і шануе ўжо не адно пакаленьне новых паэтаў.

«Сёлетні конкурс маладых літаратараў, які штогод праводзіць Беларускі ПЭН-цэнтар, быў прысьвечаны менавіта юбілею Максіма Танка. Ганараваньне пераможцаў, якія пішуць ужо ў новай стылістыцы і паводле новай паэтычнай эстэтыкі, стане галоўнай падзеяй вечарыны», — гаворыць сябра журы конкурсу філёзаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч.

«Танк на іх фоне выглядае такім архаічным, хоць ён тады ў беларускай літаратуры лічыўся досыць мадэрновым адносна іншай паэтыкі. А тут на іх фоне — Танк зусім з іншай архаічнай эпохі. Але ж інакш і ня можа быць. Няўжо на конкурс імя Танка адбіраць вершы, якія сугучныя Танку? Ня думаю, што гэта было б правільна».

Фіналістамі конкурсу сталі Андрэй Адамовіч, Павал Капанскі, Ганна Мананкова, Тацяна Нядбай, Марыя Пушкіна, Антон Рудак, Юля Цімафеева, Цімур Хоміч, Ганна Янкута ды Аляксей Арцёмаў. Апроч іншых прызоў яны атрымаюць кнігу выбраных вершаў Максіма Танка «Абвяржэньне». Якая, дарэчы, выйшла ў адмысловай новай сэрыі выдавецтва Ігара Логвінава «Я кнігу маю», задуманай як шэраг аднатомнікаў найлепшых беларускіх аўтараў. І сёньня ў праграме вечарыны невыпадкова будзе прэзэнтавацца адзін зь іх — аднатомнік Максіма Танка.

Новую кнігу прадставяць, пераможцаў конкурсу павіншуюць, шмат цікавінак пра жыцьцё і творчасьць Героя сацыялістычнай працы, ляўрэата Ленінскай і Сталінскай прэміяў СССР, Старшыні Вярхоўнага Савету БССР, Народнага паэта Беларусі Максіма Танка распавядуць Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская ды іншыя прызнаныя пэрсоны сучаснага літаратурнага працэсу.

Пачатак імпрэзы ў кнігарні «ЛогвінаЎ» (Незалежнасьці, 37А) а 19-й.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG