Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рух «За свабоду» вылучыць больш за 200 назіральнікаў


Рух «За свабоду» вылучыць на парлямэнцкія выбары больш за 200 назіральнікаў. Такое рашэньне прынятае 15 верасьня на пасяджэньні рады арганізацыі.

Як паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч, асноўная ўвага будзе нададзена назіраньню ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 у Менску, па якім «За свабоду» сумесна з Партыяй БНФ, кампаніяй «Гавары праўду!» і яе моладзевым крылом «Zмена» праводзяць кампанію актыўнага байкоту. Актывісты руху «За свабоду» плянуюць весьці назіраньне ў 15 акругах Менска, Гомельскай, Менскай і Віцебскай абласьцей.

Рух «За свабоду» вырашыў не выступаць зь якімі-небудзь заклікамі да кандыдатаў у дэпутаты. «Мы не вылучалі кандыдатаў, таму ня можам умешвацца ў справы структур, якія вылучалі іх альбо адклікаюць цяпер», — растлумачыў Губарэвіч. Ён дадаў, што Рух «За свабоду» вітае рашэньне Партыі БНФ аб зьняцьці кандыдатаў у дэпутаты з выбараў.

Раней прадстаўнікі руху «За свабоду», Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду!» і яе моладзевага крыла «Zмена» дамовіліся аб правядзеньні кампаніі байкоту ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 Менска. Па гэтай акрузе ад Партыі БНФ балятаваўся Арцём Лява, аднак сёньня на партыйным зьезьдзе яго кандыдатура была зьнятая з выбараў, як і іншыя кандыдатуры ад партыі.
XS
SM
MD
LG