Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сівая легенда», «Местачковае кабарэ», спэктакль пра Каліноўскага ды іншыя прэм’еры чакаюць гледачоў у менскіх тэатрах гэтай восеньню. Сьвежыя афішах нацыянальную клясыку.

Першым прывабіў прыхільнікаў айчыннага мастацтва Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатар опэры і балету. Ён распачаў свой васьмідзясяты сэзон опэрай Дзьмітрыя Смольскага паводле гістарычнай аповесьці Ўладзімера Караткевіча «Сівая легенда». Прэм’ера прагучала 9 і 10 верасьня. Гэта, строга кажучы, не зусім прэм’ера, а новая пастаноўка знакамітага спэктаклю, які ўпершыню быў паказаны публіцы яшчэ ў 1978 годзе.

Што ж пабачылі гледачы ў адноўленым спэктаклі ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ, у аснове якога здрада, бунт супраць яе, паўстаньне за правы шляхецкай годнасьці ды сацыяльнай справядлівасьці, падступная рэўнасьць, трагічнае каханьне ды іншыя падзеі чатырохсотгадовае даўніны на Магілёўшчыне? Кажа тэатралка Насьця Ўласава:

«Збольшага мне сам спэктакль спадабаўся. Музыка была проста выдатная. Пастаноўка сама вельмі дынамічная, вельмі актыўная. Вельмі прыгожыя дэкарацыі і ўвогуле афармленьне сцэны мяне, можна сказаць, уразіла. Такой інтэрактыўнасьці ў опэры я яшчэ ня бачыла, шчыра кажучы, хаця ў мінулым сэзоне глядзела даволі шмат опэр. Што тычыцца падбору актораў — тут мне ўжо ня надта спадабалася. Напрыклад, Раман мне ўяўляўся маладым чалавекам, а актор, які граў яго ды сьпяваў, быў такі даволі мажны мужчына, і гэта неяк выглядала ня надта. І голас ягоны таксама ня надта адпавядаў. А жанчыны, дзяўчаты — гэтыя ролі адыграныя, прасьпяваныя проста цудоўна. І таксама пастаноўка эфэктаў уразіла. Калі ў фінале паўстанцаў зьнішчаюць, вешаюць і калі адбываецца экзэкуцыя над Раманам і халопкай, то проста сьлёзы на вачах наварочваліся».



Акцэнт пастаноўшчыкі зрабілі менавіта на пачуцьцёвай лініі трагічнага каханьня шляхціча Рамана ды халопкі Ірыны, пакінуўшы па-за сцэнай тэму паўстаньня магілёўцаў. Ня ўсім гледачам гэта прыйшлося даспадобы. Спадарыня Ўласава працягвае:

«Ня надта была добра прапісаная сацыяльная тэма, тэма гэтага паўстаньня. Галоўнай тэмай былі гэтыя жарсьці там, любоў, а сацыяльная тэма фактычна была не раскрытая. Адзінае, што ў арыях яны сьпяваюць пра Край, пра людзей, але з кантэксту самой пастаноўкі гэтыя арыі ня надта зразумелыя».

Зрабіць уласныя высновы пра новую пастаноўку «Сівой легенды» ў опэрным гледачы змогуць 2-га кастрычніка. А пры канцы кастрычніка іх чакае прэм’ера ў Купалаўскім. Мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін рыхтуе «Местачковае кабарэ». Разам з загадчыкам літчасткі тэатру Ігарам Скрыпкам ды перакладчыцай Натальляй Русецкай спадар Пінігін сфантазіраваў астравок буржуазнага жыцьця ў Заходняй Беларусі, узяўшы за аснову міжваеннае польскае кабарэ.

«Мы склалі гэты спэктакль зь песьняў Марыяна Хемара — гэта польскае кабарэ, якое было паміж двума сусьветнымі войнамі. Такі вядомы варшаўскі кабарэціш быў — Марыян Хемар. У нас ёсьць ідышаўскія песьні і ёсьць Віктар Шалкевіч са сваімі песьнямі. Там ёсьць яшчэ мініятуры невялікія. Адна самога Хемара — такія скетчы, і адна Юліяна Тувіма — такія габрэйскія жартачкі».



Прэм’ера «Местачковага кабарэ» мае быць 31 кастрычніка.

А Тэатар юнага гледача 19 верасьня прадставіць публіцы спэктакль пра Кастуся Каліноўскага «Майго юнацтва крылы». Яго паводле паэмы Аркадзя Куляшова «Хамуціус» паставіў мастацкі кіраўнік цюгаўцаў Уладзімер Савіцкі.

XS
SM
MD
LG