Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна замірыць «верных» зь «нявернымі»?


У арабскіх краінах працягваюцца антыамэрыканскія забурэньні, выкліканыя фільмам «Невінаватасьць мусульманаў», які сваім зьместам нібыта абражае вернікаў.

Фрагмэнты фільму былі выкладзеныя ў сеціве на гадавіну тэракту ў ЗША. У Лібіі і Емэне ўжо ёсьць ахвяры сярод супрацоўнікаў дыпляматычных ведамстваў і мітынгоўцаў. Ці існуюць падставы да замірэньня паміж жыхарамі рознапалярнага сьвету? Ці сапраўды людзі такія адрозныя, што ня могуць знайсьці пункты паразуменьня? Пра ўражаньні ад працоўнай камандзіроўкі ў Лібію і кантакты зь мясцовым насельніцтвам расказаў лекар Аляксандар Лазарчык.



Фота www.intex-press.by

У другой палове 2010 году лекар-нэўроляг з Баранавічаў Аляксандар Лазарчык у ліку 65 беларускіх мэдыкаў выправіўся па працоўным кантракце ў Лібію, дзе і адпрацаваў наступныя 10 месяцаў. Затрымацца даўжэй перашкодзіла рэвалюцыя — з заплянаванага адпачынку на радзіме, у які спадар Лазарчык падаўся яшчэ пры ўладзе Муамара Кадафі, вярнуцца назад ужо не ўдалося. Але атрыманы досьвед лічыць надзвычай каштоўным:

«Гэта вельмі цікавы народ, арабы. Мусіць, мусульмане наагул. Ня ведаю, як нашы, бо ня рэдкасьць, што ў нас мусульмане і п’юць, і ня вельмі добра сябе ўвогуле паводзяць. А там усё вельмі строга, у іх вельмі строгае мусульманства. Маё ўражаньне, што яны вельмі станоўчы народ і шчыра адданыя сваёй веры. Яны моляцца пяць разоў на дзень і падпарадкоўваюцца вельмі суровым, але зразумелым законам».

Карэспандэнт: «Нягледзячы нават на фармальна сьвецкі рэжым, які быў за часамі Кадафі?»

«Так, нягледзячы на рэжым. І, дарэчы, ён быў для людзей не такі і кепскі, той рэжым, паверце мне. Там да народу стаўленьне было вельмі добрае. Гэта ўсё зразумець досыць складана, але ў мяне свой пункт гледжаньня на некаторыя моманты, які адпавядае ня ўсім афіцыйным дадзеным, распаўсюджаным усясьветнымі агенцтвамі. Шмат было фальсыфікацыяў, і далёка ня ўсё так адназначна. Той рэжым быў, прынамсі, прадказальны, і стаўленьне як да мясцовых, так і да нас не было кепскім. Гэта я магу казаць з усёй адказнасьцю.

Ніхто там нікога не забіваў, ніхто нікога ня гвалціў, ніхто нікому дрэнна не рабіў. За намі там, натуральна, прыглядалі, але ў пэўнай ступені гэта таксама можна апраўдаць. Як на маю думку, адказнасьць за тое, што там урэшце здарылася, павінны падзяліць Амэрыка, Францыя. Я так лічу. Яны ж не маглі неяк інакш заваліць Кадафі, не маглі заваліць увогуле гэтую дзяржаву. Пачалося ўсё, вы ж ведаеце, у Альжыры, потым Туніс, потым Эгіпет, пасьля перакінулася на іншыя арабскія краіны. А Лібія стаяла, прычым стаяла вельмі моцна».

Суразмоўца кажа, што ў чалавечых адносінах тамтэйшыя людзі нашмат бліжэйшыя паміж сабой. Як прыклад, няма звыклай для постсавецкіх краінаў фанабэрыстасьці чыноўнікаў у дачыненьні да падначаленых:

Калі ў нас тут да начальніка нават сярэдняй рукі цяжка падыйсьці (гэта практычна нерэальна), то там гэта — звычайная справа ...

«Калі ў нас тут да начальніка нават сярэдняй рукі цяжка падыйсьці (гэта практычна нерэальна), то там гэта — звычайная справа. Адносіны абсалютна іншыя. Я сам бачыў, як просты чалавек сустракаў начальніка, яны віталіся за руку. Маглі, напэўна, і не сябраваць, але ветліва размаўлялі, як маглі, на сваім узроўні вырашалі пытаньні, што ў чалавека ўзьнікалі. Так што ў іх можна было шмат чаму павучыцца.

Мы адразу крыху не разумелі, чаму ўсе вітаюцца з намі, калі мы выходзілі на вуліцу, шпацыравалі па горадзе, у якім працавалі. З чымсьці віншуюць нас, нейкія перадаюць прывітаньні. Было вельмі добрае стаўленьне. Мы да такога былі зусім не прывучаныя, бо ў нас жа народ які — смурны. А там усе запрашаюць да сябе, пачастуюць цябе гарбатай, кавы табе навараць. Пры гэтым будуць цябе пра ўсё распытваць, прычым будуць гаварыць на ангельскай мове. Мы ўвогуле не маглі зразумець, як гэта так — маленькія дзеткі размаўляюць па-ангельску? І на арабскай, і на ангельскай, як толькі хочаш. Таму вельмі добрыя ўражаньні ў мяне пра той час, такая настальгія, што хочацца зьехаць туды зноў».

Аляксандар Лазарчык лічыць, што праблемы ў дачыненьнях паміж мусульманамі і «нявернымі» крыюцца ў няздольнасьці бакоў дамаўляцца. Ён мяркуе, што ёсьць тут і віна эўрапейцаў, амэрыканцаў, якія ня хочуць нават уявіць сябе ў тым культурным пласьце, у якім пануюць зусім іншыя маральныя каштоўнасьці. Само сабой, не спрыяе паразуменьню і незгаворлівасьць многіх мусульманаў, якія не прызнаюць заходніх каштоўнасьцяў:

«Памятаеце такое папулярнае выказваньне: „Усход — справа тонкая“. Там сапраўды ўсё на тоненькага. Гэта іншая краіна, іншыя людзі. Зусім іншыя, яны не такія, як мы. І гэта трэба ясна зразумець. Да нас гэтае разуменьне таксама прыйшло не адразу. Мы трапілі туды, як па-расейску кажуць, „как кур во щи“, і першыя некалькі месяцаў жыць там было вельмі цяжка. Пакуль урэшце мы не прызвычаіліся да тых абставінаў. А ўжо калі прызвычаіліся, то аказалася, што нічога складанага няма. Выконвай іх законы — і ўсё, больш нічога. Бо яны вельмі добры народ, ветлівы. І дапамогуць табе, і не адмовяць ніколі.

Нашы дзяўчаты там пасябравалі зь мясцовымі дзяўчатамі, хадзілі на іхнія
П’яны ў горадзе — гэта турма. Скраў на 5 дынараў — гэта турма. Там ня крадуць ...

вясельлі. І труціліся на вясельлі не алькаголем, як у нас. Быў такі выпадак, што восем чалавек атруціліся малаком вярблюджым. „Перабралі“ малака, скажам так. Ці, можа, не зусім было сьвежае, ці яны яго неяк адмыслова квасілі, але факт. Бо там алькаголь забаронены на 100%. П’яны ў горадзе — гэта турма. Скраў на 5 дынараў — гэта турма. Там ня крадуць. Там усё на двары стаіць: рэчы пад крамамі наваленыя, машыны ніхто не рабуе, не зганяе. Калі мы пачалі даведвацца, як жа гэта так — нам прастадушна адказалі: а ў нас папросту няма злодзеяў. А дзе ж яны падзеліся? Вывелі іх яшчэ 100–200 гадоў таму. Гадоў 50 таму апошні загінуў. Бо такім адсякалі руку. Калі бачылі, што чалавек без рукі, зьвярталі на яго падвышаную ўвагу. А калі ён краў яшчэ раз — бо яму не было за што жыць — яму секлі другую руку, і ён паміраў. І ўсё гэта скончылася. Там такая старонка незразумелага для нас, што можна пісаць працы і толькі паважаць іх за гэта».

Нягледзячы на зьмену палітычнага ладу, у Лібіі па-ранейшаму працуюць сотні замежных мэдыкаў. У іх ліку і некалькі дзясяткаў лекараў зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG