Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадач і Мурашка прапануюць стварыць ценявы кабінэт


Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач

Старшыня аргкамітэта Рады нацыянальнага адраджэньня Ўладзімер Барадач і старшыня Саюза беларусаў Нямеччыны Яўген Мурашка прапануюць беларусам-ліцьвінам стварыць ценявы кабінэт нацыянальнага адраджэньня.

Пра гэта гаворыцца ў іх звароце распаўсюджаным 14 верасьня.

«У беларуска-ліцьвінскага народа ёсьць толькі адзін шлях да аднаўленьня нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасьці, дасягненьня сваіх законных правоў на ўласнай зямлі. Гэты шлях ідзе праз аб’яднаньне ўсіх беларусаў-ліцьвінаў у нашу ўласную самаарганізацыю. Такая самаарганізацыя павінна адбывацца вакол аб’ектыўных інтарэсаў беларуска-ліцьвінскага народа», — адзначаецца ў звароце.

Аўтары дакумэнту лічаць, што сытуацыя вакол Беларусі можа раптам зьмяніцца з-за зьменаў у суседняй Расеі: «Апазыцыі трэба быць гатовай да гэтага. Аднак сёньня апазыцыйныя партыі намаганьнямі спэцслужбаў рэжыму апынуліся разьяднаная. Скарыстацца ў будучыні магчымай сытуацыяй, ўзначаліць грамадзтва і пасьпяхова правесьці адхіленьне дыктатара ад улады яны не здольныя».

Сёньня апазыцыйныя партыі намаганьнямі спэцслужбаў рэжыму апынуліся разьяднаная

Барадач і Мурашка ўпэўненыя, што ценявы кабінэт нацыянальнага адраджэньня павінен вярнуць Беларусь да дэмакратычных формаў кіраўніцтва: «Паўнамоцтвы гэтага кабінэта, як выканаўчага органа, будуць ажыцьцяўляцца да правядзеньня сапраўды дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі».

У звароце адзначаецца, што размова ідзе не аб стварэньні ўрада за мяжой: «Размова ідзе пра арганізуючую сыстэмную сілу (унутры краіны і за мяжой), не падкантрольную рэжыму. Такая наша дзейнасьць будзе і легальнай, і цывілізаванай, і самой што ні ёсьць дэмакратычнай (бо сутнасьць дэмакратыі як раз у тым і палягае, што народ у рамках сваёй этнічнай тэрыторыі будуе сваю дзяржаву, кіраўнікі якой павінны быць пастаянна нацэлены на аб’ектыўныя інтарэсы ўласнага народа)».

Барадач і Мурашка зьвяртаюць увагу на наяўнасьць у іх «праграмы пабудовы будучыні беларускай дзяржавы».

«Мы гарантуем, што пасьля прыходу да ўлады нацыянальна-патрыятычных сіл усім беларусам-ліцьвінам замежжа, якія пажадалі вярнуцца на радзіму, будуць дадзены роўныя правы зь беларусамі-ліцьвінамі — грамадзянамі Беларусі. У іх будзе улічаны працоўны стаж, пасьведчаньні аб адукацыі і прафэсіі. Пры наяўнасьці працоўнага стажу ў Беларусі яны атрымаюць права ўдзелу ў прыватызацыі. Ім будзе гарантаванае права на льготнае крэдытаваньне, пэнсійнае і сацыяльнае забесьпячэньне», — цытуе зварот БелаПАН.

Палітэмігранты лічаць, што ўдзел любога беларуса ў агульнай справе можа быць у трох формах: «удзел справамі, удзел словам, удзел у форме фінансавай падтрымкі».

Уладзіме Барадач і Яўген Мурашка прапануюць кожнаму «абраць свой кірунак дзейнасьці для выкананьня нашай агульнай высакароднай справы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG