Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікеры АГП правядуць у Менску пікет салідарнасьці з палітвязьнямі


Камароўскі рынак у Менску

Камароўскі рынак у Менску

15 верасьня ў Менску каля Камароўскага рынку кандыдаты ў дэпутаты (сьпікеры) АГП вырашылі правесьці пікет у падтрымку палітвязьняў.

Пікет адбудзецца пасьля зьезду АГП, на якім будзе прынятае рашэньне, што кандыдаты ад партыі здымаюцца з выбараў у Палату прадстаўнікоў.

«Вызваленьне палітвязьняў уваходзіць у найпершыя прыярытэты партыі. Адна з трох умоваў, якія мы вылучалі да ўладаў дзеля ўдзелу ў выбарчай кампаніі, была вызваленьне палітвязьняў. У сваіх выступах сьпікеры АГП адзначалі, што амаральна браць удзел у выбарах, калі ў краіне ёсьць палітвязьні. Нашы сьпікеры яшчэ будуць валодаць паперкамі, што яны ёсьць кандыдатамі ў дэпутаты. Акруговыя камісіі могуць вырашыць пытаньне зьняцьця не раней за панядзелак, таму нашы сьпікеры яшчэ будуць знаходзіцца пад аховай мандату. Але гэта не азначае, што ўлады будуць усё гэта захоўваць», — заявіла «Свабодзе» прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна.

Удзельнікі пікету плянуюць разгарнуць партрэты палітвязьняў.

«Гэта будзе акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі і мы гэта разглядаем як працяг маратону салідарнасьці з палітвязьнямі, які пачалі музыкі», - сказала Ганна Красуліна.

«У 21-м стагодзьдзі ў Беларусі — у цэнтры Эўропы — людзі сядзяць у турме за свае перакананьні, — гаворыцца ў адмысловым пасланьні сьпікераў АГП. — У тым ліку былы кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, малады змагар за дэмакратычную Беларусь Зьміцер Дашкевіч і іншыя. Ва ўмовах такога дзікунства ўдзельнічаць у „выбарах“ не толькі бессэнсоўна, але і амаральна».
XS
SM
MD
LG