Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыі, драмы ды габрэйскія жарцікі


Фрагмэнт афішы «Сівой легенды»
Фрагмэнт афішы «Сівой легенды»

«Сівая легенда», «Местачковае кабарэ», спэктакль пра Каліноўскага ды іншыя прэм’еры чакаюць гледачоў у менскіх тэатрах гэтай восеньню.

Першым прывабіў прыхільнікаў айчыннага мастацтва Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатар опэры і балету. Ён распачаў свой васьмідзясяты сэзон опэрай Дзьмітрыя Смольскага паводле гістарычнай аповесьці Ўладзімера Караткевіча «Сівая легенда». Прэм’ера прагучала 9 і 10 верасьня. Гэта, строга кажучы, не зусім прэм’ера, а новая пастаноўка знакамітага спэктаклю, які ўпершыню быў паказаны публіцы яшчэ ў 1978 годзе.

Што ж пабачылі гледачы ў адноўленым спэктаклі ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ, у аснове якога здрада, бунт супраць яе, паўстаньне за правы шляхецкай годнасьці ды сацыяльнай справядлівасьці, падступная рэўнасьць, трагічнае каханьне ды іншыя падзеі чатырохсотгадовае даўніны на Магілёўшчыне? Слова заўзятай менскай тэатралцы Насьці Ўласавай.

«Збольшага мне сам спэктакль спадабаўся. Музыка была проста выдатная. Пастаноўка сама вельмі дынамічная, вельмі актыўная. Вельмі прыгожыя дэкарацыі і ўвогуле афармленьне сцэны мяне, можна сказаць, уразіла. Такой інтэрактыўнасьці ў опэры я яшчэ ня бачыла, шчыра кажучы, хаця ў мінулым сэзоне глядзела даволі шмат опэр. Што тычыцца падбору актораў — тут мне ўжо ня надта спадабалася. Напрыклад, Раман мне ўяўляўся маладым чалавекам, а актор, які граў яго ды сьпяваў, быў такі даволі мажны мужчына, і гэта неяк выглядала ня надта. І голас ягоны таксама ня надта адпавядаў. А жанчыны, дзяўчаты — гэтыя ролі адыграныя, прасьпяваныя проста цудоўна. І таксама пастаноўка эфэктаў уразіла. Калі ў фінале паўстанцаў зьнішчаюць, вешаюць і калі адбываецца экзэкуцыя над Раманам і халопкай, то проста сьлёзы на вачах наварочваліся».

Акцэнт пастаноўшчыкі зрабілі менавіта на пачуцьцёвай лініі трагічнага каханьня шляхціча Рамана ды халопкі Ірыны, пакінуўшы па-за сцэнай тэму паўстаньня магілёўцаў. Ня ўсім гледачам гэта прыйшлося даспадобы. Спадарыня Ўласава працягвае:

«Ня надта была добра прапісаная сацыяльная тэма, тэма гэтага паўстаньня. Галоўнай тэмай былі гэтыя жарсьці там, любоў, а сацыяльная тэма фактычна была не раскрытая. Адзінае, што ў арыях яны сьпяваюць пра Край, пра людзей, але з кантэксту самой пастаноўкі гэтыя арыі ня надта зразумелыя».

Зрабіць уласныя высновы пра новую пастаноўку «Сівой легенды» ў опэрным гледачы змогуць 2-га кастрычніка. А пры канцы кастрычніка іх чакае прэм’ера ў Купалаўскім. Мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін рыхтуе «Местачковае кабарэ». Разам з загадчыкам літчасткі тэатру Ігарам Скрыпкам ды перакладчыцай Натальляй Русецкай спадар Пінігін сфантазіраваў астравок буржуазнага жыцьця ў Заходняй Беларусі, узяўшы за аснову міжваеннае польскае кабарэ.

«Мы склалі гэты спэктакль зь песьняў Марыяна Хемара — гэта польскае кабарэ, якое было паміж двума сусьветнымі войнамі. Такі вядомы варшаўскі кабарэціш быў — Марыян Хемар. У нас ёсьць ідышаўскія песьні і ёсьць Віктар Шалкевіч са сваімі песьнямі. Там ёсьць яшчэ мініятуры невялікія. Адна самога Хемара — такія скетчы, і адна Юліяна Тувіма — такія габрэйскія жартачкі».

«Местачковае кабарэ», фрагмэнт афішы
«Местачковае кабарэ», фрагмэнт афішы


Прэм’ера «Местачковага кабарэ» мае быць 31 кастрычніка.

А Тэатар юнага гледача 19 верасьня прадставіць публіцы спэктакль пра Кастуся Каліноўскага «Майго юнацтва крылы». Яго паводле паэмы Аркадзя Куляшова «Хамуціус» паставіў мастацкі кіраўнік цюгаўцаў Уладзімер Савіцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG