Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс-цэнтар з казіно і аўтастаянкай — замест дзіцячай пляцоўкі


14 верасьня грамадзянская кампанія «Гавары праўду» ў розных рэгіёнах краіны праводзіла акцыі, ладзіла пікеты, перадавала калектыўныя звароты, скаргі і заявы да дзейных дэпутатаў і чыноўнікаў. У сталіцы актывісты кампаніі разам з жыхарамі вуліц Мельнікайце і Шпалернай падалі скаргі ў Менгарвыканкам і Менскі гарадзкі савет дэпутатаў на незаконнае ўшчыльненьне дваровай тэрыторыі.

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў распавёў:

«Сёньня мы робім такі маратон „У пошуках праўды“. Гэта працяг розных сацыяльных акцыяў па ўсіх акругах — і зарэгістраваных, і не зарэгістраваных кандыдатаў. Прынамсі, у горадзе Менску да нас зьвярнуліся жыхары вуліцы Мельнікайце, дзе ў жылым двары ўлады хочуць ушчаміць бізнэс-цэнтар з аўтастаянкай і казіно».

14 верасьня больш за два дзясяткі жыхароў вуліц Мельнікайце і Шпалернай разам з кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Кальварыйскай выбарчай акрузе Тацянай Караткевіч спрабавалі запісацца на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі на 15 верасьня, але на гэты дзень у яго быццам бы ўсё расьпісана.Тады хадакі спрабавалі трапіць да дэпутатаў гарсавету. Але далей за прахадную іх не пусьцілі — маўляў, «слугі народу на нарадзе, пачакайце, па вашу заяву хто-небудзь спусьціцца». Праўда, заявы ў іх прынялі і ў гарвыканкаме, і ў гарсавеце.

Жыхары вуліц Мельнікайце і Шпалернай лічаць, што іхная дваровая тэрыторыя і так шчыльна забудаваная, дзіцячыя пляцоўкі вельмі маленькія, а тут яшчэ распачынаецца вялікая будоўля:

«Нам ніхто не паведаміў, што ў двары будзе будавацца бізнэс-цэнтар. Усё ціхай сапай робіцца. Да таго ж зьбіраюцца будаваць аўтастаянку на 200 машын. Там жа дзіцячая пляцоўка, тэрыторыя вельмі малая. Па-другое, за домам № 16 ужо ёсьць вялікая аўтастаянка. Атрымліваецца, што 16-ы дом з двух бакоў будзе аточаны аўтастаянкамі. Ці ж гэта адпавядае санітарным нормам?»

«Пастаянна адключаюць ваду. Там яшчэ капаць не пачалі, але пачалі бурыць водаправоды — і зачапілі наш водаправод. І пасьля гэтага ўтварылася гейзэрная крыніца, два дні біла вада».

Кандыдатка ў дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе Тацяна Караткевіч у сваёй перадвыбарчай праграме выступае за празрыстасьць у прыняцьці важных рашэньняў і таму абівае парогі Менгарвыканкаму разам са сваімі выбарцамі:

«Жыхары вуліцы Мельнікайце даведаліся, што ў іхніх дварах будуць будаваць бізнэс-цэнтар на дзіцячай пляцоўцы, ужо пасьля падпісаньня інвэстыцыйнай дамовы. Мой апанэнт — старшыня гарсавету Міхаіл Савановіч, і гэтае рашэньне выносілася на паседжаньне Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Чаму яны не папярэдзілі людзей, чаму не дамовіліся? Нашто ісьці на канфлікт зь людзьмі, так не паважаць іх права ведаць, што будзе будавацца ў іхнім двары? Мы проста будзем адстойваць іхнія правы на тое, каб людзі маглі ўплываць на прыняцьце рашэньняў».

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч мае досьвед змаганьня з чыноўнікамі: ён разам з жыхарамі вуліцы Заслаўскай дамогся, каб на месцы сквэру не будавалі бізнэс-цэнтар. Што да цяперашняй сытуацыі на вуліцы Мельнікайце, ён кажа:

«Мы зьвяртаем увагу на тое, што старшыня Менгарсавету, які падпісваў гэты інвэстыцыйны праект, Міхаіл Савановіч, на сёньняшні дзень як кандыдат у дэпутаты знаходзіцца ў адпачынку і не прымае грамадзянаў. А пасьля 23 верасьня гэта будзе ўжо дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які не адказвае за ранейшыя свае дзеяньні, і новы старшыня Менгарсавету скажа: „Дык гэта ж ня я падпісваў гэты плян, ня я выдзяляў гэтую зямлю“. Таму зараз задача стаіць такая: за тыя 9 дзён, што засталіся да выбараў, па максымуме прыцягнуць увагу чынавенства. У адваротным выпадку жыхары зьбіраюцца аказаць „паслугу“ байкотчыкам — там тры дамы, якія акурат утвараюць участак, і яны проста могуць не пайсьці на выбары».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG