Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыю з подпісамі журналістаў Беларуская асацыяцыя журналістаў перадала ў КДБ і Генпракуратуру. Недзяржаўныя журналісты патрабуюць спыніць перасьлед фатографа Антона Сурапіна, які фігуруе ў справе аб «плюшавых мядзьведзіках».

Перадачай пэтыцыі ў КДБ і пракуратуру Беларусі скончылася месячная кампанія, якую Беларуская асацыяцыя журналістаў праводзіла ў абарону фатографа-пачаткоўца Антона Сурапіна. Паводле актывіста кампаніі Аляксандра Коктыша, пад патрабаваньнем спыніць перасьлед маладога журналіста паставілі подпісы больш як 100 вядомых журналістаў, кіраўнікоў журналісцкіх арганізацыяў, рэдактараў недзяржаўных выданьняў:

«Што прыемна ўразіла, ніводзін з кіраўнікоў рэгіянальных выданьняў не адмовіўся сказаць — такая была ў мяне задумка — чаму ён падпісваецца за гэтую ініцыятыву. Бо ўсе разумеюць, і гэта шмат хто казаў, што «сёньня Сурапін, а заўтра — я ці мы».

Ніводзін супрацоўнік дзяржаўных выданьняў падпісацца за Сурапіна не пажадаў, зазначыў Аляксандар Коктыш.

Антона Сурапіна арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ 13 ліпеня. 4 ліпеня над Івянцом і ўскраінай Менску са швэдзкага лёгкаматорнага самалёта былі раскіданыя плюшавыя мядзьведзікі з плякацікамі ў абарону свабоды слова ў Беларусі.

На наступны дзень Антон Сурапін зьмясьціў на сваім сайце фатаздымкі гэтых мядзьведзікаў, якія яму даслаў, як ён сьцьвярджаў, невядомы. КДБ абвінаваціла Антона Сурапіна ў дапамозе асобам, якія незаконна перасеклі на самалёце беларуска-літоўскую мяжу. 17 жніўня маладога журналіста вызвалілі з «амэрыканкі» пад падпіску аб нявыезьдзе.

Ужо амаль месяц Антон жыве ў кватэры бацькоў у Слуцку. За час, які прамінуў ад вызваленьня, яго ніводнага разу не выклікалі для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях, хоць справа супроць журналіста ня спыненая. Як студэнт журфаку Антон Сурапін павінен праходзіць практыку. Раней ён дамовіўся, што будзе практыкавацца ў Менску, але перабрацца ў сталіцу не ўдаецца, бо фатограф ня можа знайсьці жытла пад арэнду:

«Пакой ужо шукаю, не кватэру, а хаця б пакой. Мне, каб пераехаць у Менск, трэба мець жытло, каб зьмянілі падпіску аб нявыезьдзе са Слуцку. А гэта не ўдаецца. Вось у чым праблема».

Як рэагуюць у інстытуце журналістыкі БДУ, дзе вучыцца Антон Сурапін, на ягоную гісторыю? Антон кажа, што пакуль прэтэнзіяў да яго па месцы вучобы не выказвалі, але не выключае, што калі ён не пасьпее прайсьці практыку, праблемы могуць узьнікнуць.

Калі Антон Сурапін сядзеў пад арыштам у КДБ, Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярталася на журфак наконт ягонага лёсу. Ці ёсьць нейкі вынік?

​«Намі быў накіраваны ліст да выкладчыкаў Інстытуту журналістыкі, што ваш студэнт знаходзіцца пад арыштам, хацелася б даведацца пра вашу пазыцыю адносна гэтага факту. Але адказу ад Інстытуту журналістыкі БДУ на гэты ліст мы так і не атрымалі», — распавёў актывіст БАЖ Аляксандар Коктыш.

Ня чула, каб яго куды выклікалі, размаўлялі. Ня ведаю пра такое. Неяк усё зь цягам часу сьцішылася. Але паглядзім. Справа ж не закрытая

Разам з Антонам Сурапіным у справе аб плюшавых мядзьведзіках фігуруе менскі рыэлтар Сяргей Башарымаў. Паводле сьледзтва, ён меўся дапамагчы з арэндаю кватэры для швэдаў, якія былі задзейнічаныя ў пералёце празь мяжу самалёта зь мядзьведзікамі. Сяргей Башарымаў таксама адбыў больш за месяц у СІЗА КДБ, яго таксама дагэтуль абвінавачваюць у дапамозе асобам, якія незаконна перасеклі мяжу. Дзе зараз Сяргей Башарымаў?

Знаёмая рыэлтара Ірына Лагойка кажа, што ён жыве ў Менску, аднавіў сваю працу рыэлтарам, але на сувязь з журналістамі па-ранейшаму не выходзіць. Пра ўдзел Сяргея ў сьледчых дзеяньнях пасьля выхаду з «амэрыканкі» Ірыне нічога не вядома:

«Ня чула, каб яго куды выклікалі, размаўлялі. Ня ведаю пра такое. Неяк усё зь цягам часу сьцішылася. Але паглядзім. Справа ж не закрытая».

У КДБ кажуць, што расьсьледаваньне справы аб «плюшавым дэсанце» працягваецца, і чакаюць прыезду ў Беларусь для допыту швэдаў, якія перасеклі мяжу на лёгкаматорным самалёце 4 ліпеня. Швэды гэта рабіць адмаўляюцца. У Літве праверка абставінаў перасячэньня мяжы швэдзкім самалётам яшчэ ня скончаная, паведамляюць літоўскія афіцыйныя крыніцы.
XS
SM
MD
LG