Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне адно: «Калі будзеце здымаць сваю кандыдатуру?»


Графіці з заклікам да байкоту выбараў

Графіці з заклікам да байкоту выбараў

Агітацыйная кампанія завяршаецца. У многіх рэгіёнах мясцовыя ўлады па-ранейшаму адмаўляюцца публікаваць звароты дэмакратычных кандыдатаў у газэтах, трансьляваць іхныя выступы на дзяржаўным тэлебачаньні й радыё.

Гарадзенчына: Чыноўнікі баяцца «засьвяціцца» на сустрэчах з дэмакратычнымі кандыдатамі

На Гарадзеншчыне прадстаўнікі апазыцыі наракаюць на тое, што чыноўнікі не спрыялі ў арганізацыі сустрэчаў дэмакратычных кандыдатаў з выбарцамі.

Кандыдат ад АГП па Смаргонскай выбарчай акрузе Мікалай Уласевіч спрабаваў наладзіць перадвыбарчыя сходы ў працоўных калектывах. Ён прасіў аб сустрэчы з супрацоўнікамі міліцыі, бо адна з галоўных тэмаў ягонай перадвыбарчай праграмы датычыць карупцыі. Але ў Смаргонскім і Астравецкім РАУСах наладзіць сустрэчу з дэмакратычным кандыдатам адмовіліся.

Тады Мікалай Уласевіч дамогся, каб адбылася сустрэча ў Астравецкім райвыканкаме. Але, паводле кандыдата, на гэтую сустрэчу прыйшлі толькі тры чалавекі: намесьнік старшыні райвыканкаму, загадчык ідэалягічнага аддзелу і карэспандэнтка раённай газэты.

Уласевіч зачытаў ім свой праграмны выступ, які раней не агучылі й не надрукавалі ў дзяржаўных СМІ. Прысутныя задалі яму толькі адно пытаньне: калі будзеце здымаць кандыдатуру? Кандыдат па-філязофску паставіўся да мерапрыемства.

Уласевіч: «Справа ў тым, што каб нехта прыйшоў на сустрэчу, то ён бы нейкім чынам засьведчыў сваю прыхільнасьць да мяне. Чыноўнікі ведаюць, у якіх я стасунках з старшынём райвыканкаму і наагул з уладамі. Таму ад страху яны пайшлі далей, каб толькі не заходзіць і не афішаваць сябе».

Кандыдат ад БНФ па Слонімскай акрузе Іван Шэга кажа, што зрабіў для сябе выснову: калі начальства на прадпрыемствах і ў арганізацыях не зацікаўлена, каб калектыў сустрэўся з кандыдатам, то і нічога не арганізуеш.

Шэга: «Ну вось, да прыкладу, дырэктар папярова-кардоннай фабрыкі нам сказаў, што ён палітыкай займацца ня будзе, маўляў, калектыў працуе і не да сустрэчаў. Вось ёсьць Дом культуры — ідзіце туды, зазывайце людзей і сустракайцеся».

Меншчына: «100% не надрукуем!»

На Меншчыне выбарчая кампанія для кандыдатаў ад апазыцыі завяршаецца на тле забароны зваротаў да выбарцаў у дзяржаўных СМІ, а таксама на Беларускім тэлебачаньні й радыё. Над прычынамі гэтага разважаюць самі кандыдаты.

У ліку першых (яшчэ 5 жніўня) пад цэнзуру Назіральнай рады Цэнтравыбаркаму трапілі Арцём Агафонаў і Віктар Малочка. Загадзя запісаныя імі тэлезвароты да выбарцаў былі адхіленыя з-за таго, што нібыта кандыдаты ў дэпутаты ад АГП заклікалі да байкоту выбараў.

Зараз цэнзуру выкарыстоўваюць і мясцовыя газэты. Скарадзіцца кандыдат у дэпутаты з Салігорску Віктар Малочка:

Запрасілі ў рэдакцыю газэты „Шахцёр“ і папярэдзілі, што калі ў тэксьце будзе прозьвішча ГЭТАГА, то „100% не надрукуем!“

«Учора мяне запрасілі ў рэдакцыю газэты „Шахцёр“ і папярэдзілі, што калі ў тэксьце будзе прозьвішча ГЭТАГА, то „100% не надрукуем!“ Прапанавалі для ўзору іншы тэкст. А мой перарабілі і далі мне магчымасьць „падумаць да заўтра“. Але ў рэдакцыі плянуюць надрукаваць мой зварот толькі... 20 верасьня. А мы, як ведаеце, плянуем адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў гэтых выбарах 15 верасьня... Так што ў іх зьявіцца грунт, каб мой зварот не друкаваць, паколькі я ўжо ня буду кандыдатам...»

Карэспандэнт: «І такія ж самыя перашкоды рэдакцыя газэты „Шахцёр“ чыніць кандыдату ад АГП Арцёму Агафонаву?»

«Агафонаву ўжо прыслалі афіцыйную адмову, што яго выступ не надрукуюць...»

Цікаўлюся ў суразмоўцы, што яшчэ адбываецца ў ягонай агітацыйнай кампаніі? Віктар Малочка распавядае:

«Вось з акруговай выбарчай камісіі даслалі адказ на мой запыт пра вынесенае раней папярэджаньне. У адным канвэрце даслалі тэкст, што вынесена гэтае папярэджаньне, а ў іншым — тры радкі спасылкі на артыкул выбарчага заканадаўства...»

Гомельшчына: Камісіі папярэджваюць кандыдатаў, а выбарцы — камісіі

На Гомельшчыне ў Рэчыцы незалежны кандыдат у дэпутаты Антон Няфёдаў першым зладзіў агітацыйны пікет у сваю падтрымку. Але паколькі дзяржаўная друкарня «Тытул» за пяць дзён ня здолела надрукаваць ягоныя перадвыбарчыя ўлёткі, то кандыдат скарыстаў гатовую «Грамадзянскую дамову» кампаніі «Гавары праўду», якая падтрымлівае вылучэньне кандыдата. Плякаты з такімі дамовамі былі вывешаныя й на краме, дзе працуе спадар Няфёдаў. Аднак правіселі яны нядоўга.

Старшыня акруговай камісіі сам асабіста зьняў плякаты й вынес мне папярэджаньне

Па словах кандыдата ў дэпутаты Антона Няфёдава, акруговая выбарчая камісія своечасова не паклапацілася, каб зарэгістраваныя кандыдаты атрымалі выбарчыя плякаты і змаглі зь імі праводзіць агітацыйную кампанію. Затое цяпер зрываюць іншыя наклееныя агітматэрыялы. Антон Няфёдаў сьведчыць:

Няфёдаў: «Старшыня акруговай камісіі сам асабіста зьняў плякаты й вынес мне папярэджаньне. Павінен быць пазначаны наклад, колькасьць асобнікаў і нумар заказу. Я заходзіў у камісію — яны там у яго ляжаць, гэтыя плякаты. Ён сказаў, што ў Цэнтравыбаркам накіравана на нас скарга. Нашых жа агітацыйных матэрыялаў яшчэ няма, іх не надрукавалі».

За распаўсюджаныя сыгнальныя экзэмпляры перадвыбарчай улёткі 14 верасьня выклікаюць на паседжаньне й кандыдата ў дэпутаты ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Сяргіенку, які балятуецца ў Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33. Хутчэй за ўсё, яго таксама чакае папярэджаньне. Давераная асоба кандыдата Ўладзімер Сякерка кажа, што часу на агітацыю амаль не засталося, а агітацыйныя матэрыялы на адпушчаныя кандыдатам дзяржаўныя грошы яшчэ ня выраблены.


Тым часам неабыякавыя да лёсу Беларусі жанчыны-выбарцы пачалі распаўсюджваць у Гомелі звароты да жанчын — чальцоў участковых выбарчых камісіяў, у якіх просяць не займацца маніпуляцыямі на выбарах.

Такія ўлёткі перададзеныя ўжо ў шмат якія ўчастковыя камісіі Савецкай і Прамысловай выбарчых акруг Гомеля. Удзел у распаўсюджваньні зваротаў узялі незалежная кандыдатка Галіна Краўчанка й сябра руху «За свабоду» Галіна Скараход.

Скараход: «У гэтым звароце мы просім жанчын, сябраў выбарчых камісіяў, сумленна выканаць абавязкі, якія прадугледжаныя Выбарчым кодэксам Беларусі. І яшчэ мы вельмі просім іх, каб яны не паддаваліся на маніпуляцыі мужчын з падлікам галасоў, таму што ў большасьці выбарчыя камісіі ўзначальваюць мужчыны, а жанчыны працуюць пры іх статыстамі. Таму й такая просьба: быць самастойнымі і не паддавацца ні на якія маніпуляцыі».

У зваротах раіцца таксама чальцам участковых выбарчых камісіяў не дапускаць у сьпісах выбарцаў «мёртвых душ», не падпісваць незапоўненыя пратаколы й лішнія бюлетэні для незаконнага ўкіданьня ў выбарчыя скрыні, а таксама забясьпечыць назіральнікам магчымасьць сачыць за падлікам галасоў.
XS
SM
MD
LG