Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч: Беларусь спыніла экспарт растваральнікаў, але хоча аднавіць яго


Міхаіл Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч

Беларусь на пачатку жніўня цалкам спыніла экспарт са сваёй тэрыторыі растваральнікаў і разбаўляльнікаў, але мае намер працягнуць перамовы з Расеяй пра ўмовы магчымага аднаўленьня экспарту гэтых нафтахімічных тавараў, паведаміў журналістам у пятніцу ў Менску прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.

«Прэзыдэнтам было сказана: калі гэта выклікае трывогу ў нашых расейскіх партнэраў — спыніце пастаўкі. І мы гэта зрабілі, 4 жніўня з тэрыторыі Беларусі сышоў апошні вагон з растваральнікамі», — сказаў Мясьніковіч.

Паводле ягоных слоў, гэтае пытаньне вырашалася на вышэйшым узроўні дзьвюх краін. «У час візыту Дзьмітрыя Мядзьведзева, на ўзроўні прэзыдэнта было рашэньне», — сказаў прэм’ер-міністар.

Мясьніковіч тлумачыць гэтае рашэньне кіраўніка дзяржавы імкненьнем пазьбегнуць папрокаў з боку Расеі ў парушэньні двухбаковых дамоўленасьцяў па ўмовах экспарту нафтапрадуктаў. «Ня трэба нас падазраваць у нядобрасумленным стаўленьні. Мы спынілі гэтую працу, але мы не парушылі ніводнага палажэньня Мытнага кодэксу Мытнага зьвязу», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар Беларусі.

Мясьніковіч падкрэсьліў, што беларускі бок зацікаўлены ў аднаўленьні экспарту растваральнікаў і прапануе расійскаму боку мэханізмы, якія дазволяць пазьбегнуць папрокаў у парушэньні двухбаковых дамоўленасьцяў. «Мы кажам: можа, давайце ўводзіць мыта, давайце глядзець, можа, квоты, але нельга зачыняць гэты від дзейнасьці», — сказаў прэм’ер.

Мясьніковіч таксама заявіў, што Беларусь захоўвае дадатнае сальда ў зьнешнім гандлі, нават без уліку экспарту растваральнікаў і з улікам пералічэньня ў расейскі бюджэт экспартнага мыта на нафтапрадукты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG