Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З нагоды таго, ці падтрымліваюць беларусы ідэю байкоту, і палітыкамі, і аналітыкамі самых розных кірункаў і арыентацый за гэты час сказана так шмат, што ствараецца ўражаньне, быццам выказаўся ўвесь беларускі народ у асобе сваіх лепшых прадстаўнікоў. Згодна са старымі савецкімі традыцыямі, лепшыя прадстаўнікі, безумоўна, ведаюць, да чаго імкнуцца і каго падтрымліваюць простыя грамадзяне, лепш за саміх грамадзян. Як апазыцыя, так і ўлада ведае ня толькі, чаго жадаюць простыя выбаршчыкі, але гэтак жа – і чаго яны павінны жадаць. З гэтай прычыны тое, што меркаваньне саміх грамадзянаў – ці то ўдзельнікаў мітынгаў, ці то карыстальнікаў сацыяльных сетак – не бярэцца ў разьлік, – рэч цалкам вытлумачальная...

Скажу толькі, што калі чытаеш у інтэрнэце апавяданьні «ідучых на выбары» пра тое, як падтрымліваюць людзі іх жаданьне паўдзельнічаць у выбарах, складаецца ўражаньне, што мы жывем у розных краінах з розным народам, размаўляем на пікетах з рознымі людзьмі. Хлусяць гэтыя людзі або проста бачаць сьвет па-іншаму – судзіць не бяруся.

Лічу неабходным зьвярнуць увагу на іншую тэму, якая нязьменна суправаджае палітычныя кампаніі, – адзінства апазыцыі. Апошнім часам модна стала казаць пра тое, як палка ўсе гэтага адзінства жадаюць і як розныя стратэгіі ды амбіцыі гэтаму замінаюць.

Варта нагадаць пра вынікі апошняй спробы апазыцыйнага яднаньня.

2 лютага 2012 году рух «За свабоду», «Гавары праўду», БСДП (Грамада) ды БНФ падпісалі дэклярацыю «Аб грамадзкай дыскусіі аб мэтах і формах удзелу беларускай апазыцыі ў «выбарах-2012». У ёй, у прыватнасьці, заяўлялася:

«Дэмакратычныя кандыдаты ня могуць заставацца ў бюлетэнях для галасаваньня ў той час, як у краіне існуюць палітычныя зьняволеныя». «Мы патрабуем ад беларускіх уладаў іх як найхутчэйшага вызваленьня. Мы будзем заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі зьняць свае кандыдатуры пасьля выкарыстаньня ўсіх магчымасьцяў агітацыйнай кампаніі, за тыдзень да пачатку датэрміновага галасаваньня, у выпадку, калі да гэтага часу ўсе 15 палітвязьняў ня будуць вызваленыя або ў краіне зьявяцца новыя палітвязьні».

У камэнтарах да дакумэнту таксама адзначалася, што «немагчыма, каб імёны людзей, якія асацыююцца з нашымі арганізацыямі, заставаліся ў бюлетэнях для галасаваньня ў тым выпадку, калі ў краіне будуць палітычныя зьняволеныя». Таму: «вышэйзгаданыя палітычныя сілы публічна бяруць на сябе абавязаньне зьняць усіх кандыдатаў у абумоўлены ў дакумэнце тэрмін, калі да гэтага моманту палітычныя зьняволеныя ня будуць вызваленыя або ў краіне зьявяцца новыя палітычныя зьняволеныя».

«Адсутнасьць у краіне палітычных зьняволеных зьяўляецца сёньня нашым галоўным патрабаваньнем да ўлады. Астатнія патрабаваньні былі сфармуляваныя ў раней падпісаных дакумэнтах кааліцыі»…

Ня ведаю, ці выканалі, на думку падпісантаў, улады іхныя іншыя патрабаваньні, але палітвязьні да гэтага часу застаюцца ў вязьніцах, ва ўсё болей жахлівых умовах. Дадатковы год зьняволеньня атрымаў Зьміцер Дашкевіч. Месяц карцэру для Яўгена Васьковіча…

У адказ на гэта, за тыдзень да «выбараў», – новыя мерапрыемствы падпісантаў дэклярацыі ў падтрымку вылучаных кандыдатаў.

З чатырох падпісантаў толькі БНФ заявіў пра МАГЧЫМАСЬЦЬ выкананьня прадэкляраванага.

Дык дзеля чаго патрэбна ствараць такія кааліцыі і агучваць падобныя дэклярацыі?

Галоўная перашкода ў сумеснай працы розных дэмакратычных сілаў Беларусі – ня рознасьць стратэгій і тактык ды ўласныя амбіцыі. Гэта істотныя, але другасныя праблемы. Галоўнае – адсутнасьць элемэнтарнай здольнасьці трымаць сваё слова, безь якой немагчымая супраца ні ў палітыцы, ні ў звычайным жыцьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG