Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі дзён таму адбылася ў мяне цікавая размова з адной жанчынай. Яна сама зьвярнулася да мяне на ганку прадуктовай крамы ў Чыжоўцы, каля тралейбуснага кальца.

«Алексей, я хочу вам сказать как избиратель: вы мне не нравитесь, и я за вас голосовать не буду».

Адказаў ёй, што выбарцаў у нас няма, бо няма выбараў, што прывяло суразмоўцу на некалькі сэкундаў у стан разгубленасьці. І, вядома, пацікавіўся, чым я ёй не спадабаўся. Жанчына яўна была гатовая да раскрыцьця гэтай тэмы. Яна распавяла, што чула мае выступы на тэлебачаньні і радыё, а таксама глядзела дэбаты кандыдатаў па нашай акрузе.

«Вы же не думаете про избирателя! Вы о местных проблемах вообще ничего не сказали. Про свою биографию – тоже ни слова. А людям только это интересно! Потом, вы по-белорусски говорили. Вы хотели выделиться, что-то показать. Но вас же никто не понял. Это Заводской район, вы забыли, где живёте. Наши работяги по-белорусски вообще не понимают. Они и по-русски трёх слов связать не могут! Короче говоря, народ вас не поддержит».

«За народ вы выказаліся, – адказваю. – Дзякуй. А асабіста вам што не спадабалася? Вы хацелі пачуць маю біяграфію? Ці вы па-беларуску не разумееце?» – «Да всё я понимаю! И биографию вашу я очень хорошо, очень хорошо знаю. Кроме того, что ещё с прошлых выборов ваши листовки остались, так у меня у соседки сын с вами в одной школе учился».

І далей жанчына выказала свае сапраўдныя прэтэнзіі. Распавяла, што муж вучыўся ў Маскве, мае там шмат уплывовых сяброў. Зараз працуе на «адным дзяржаўным прадпрыемстве» і прадукцыя амаль цалкам прадаецца ў Расею. У вялікай ступені – дзякуючы кантактам мужа. І Захад іх зусім не цікавіць, а наадварот, было б зручна, каб быў і ў Беларусі расейскі рубель. Таксама іх сям'ю вельмі непакоіць пэрспэктыва беларусізацыі, бо беларуская мова ім недаспадобы. А БНФ – і супраць расейскага рубля, і супраць Мытнага зьвязу, і за беларускую мову як адзіную дзяржаўную.

Давялося шчыра сказаць жанчыне, што нават на паўнавартасных выбарах ёй ня варта было б галасаваць за кандыдата ад Партыі БНФ, бо мы ніколі ня станем на тыя пазыцыі, зь якіх яна глядзіць на падзеі ў краіне.

Гэты выпадак, магчыма, і ня варты быў бы ўзгадак, калі б у мінулыя некалькі дзён у інтэрнэце мне не давялося сустрэць пэўную колькасьць камэнтароў – збольшага ананімных, але асобныя і з пазначэньнем аўтарства – на выступы кандыдатаў ад Партыі БНФ. Яны сваім пасылам вельмі нагадалі мне размову з той жанчынай у Чыжоўцы. Аўтары прэтэндуюць на тое, каб выказвацца ад імя «простых гледачоў». І ад імя жыхароў Беларусі або асобна ўзятай акругі спрабуюць заявіць, што ідэі Партыі БНФ – надта далёкія ад народу, выступы – нетэхналягічныя, а самыя кандыдаты – несалідныя.

Гэтыя аўтары, як тая жанчына, спрабуюць схаваць свае сапраўдныя матывы пад маскамі нэўтральнасьці і «аб’ектыўнасьці». Спрабуюць выступіць у ролі журы, якое вызначае лепшых. Але яны маюць свае матывы. Ня ўсе яны падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Але ўсе яны – ворагі беларушчыны, бачаць для сябе небясьпеку ў абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Так, нашыя выступы ў эфіры не былі ідэальнымі. І мы самыя ўсьміхаліся з тых ляпаў (у каго іх не было?), што дапускалі на дэбатах. І маем шмат працы наперадзе дзеля ўдасканаленьня формы. Але сутнасна Партыя БНФ, усе нашыя кандыдаты выступілі ў гэтай кампаніі надзвычай годна. Мы не імкнуліся падладзіцца пад дробную каньюнктуру, не тлумілі людзям галовы хлусьнёй пра добрыя дарогі і квітнеючыя двары. Мы не імкнуліся спадабацца ананімным форумным байцам. Мы білі ў званы і гаварылі пра самыя вялікія небясьпекі, зь якімі сутыкаецца нацыя і краіна. Бо калі ня будзе беларускай мовы, беларускай уласнасьці і беларускай дзяржавы, то ня будзе на гэтай зямлі і свабоды, ня будзе дэмакратыі, ня будзе добрых дарог і квітнеючых двароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG