Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі заклікаў усіх дэмакратычных кандыдатаў зьняцца з выбараў


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі зьвярнуўся да старшыні кампаніі «Гавары праўду» Ўладзіміра Някляева, кіраўніка руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча і старшыні БСДП (Грамада) Ірыны Вештард.

Рымашэўскі нагадвае, што 2 лютага 2012 году рух «За свабоду», «Гавары праўду», БСДП (Грамада) сумесна з партыяй БНФ падпісалі дэклярацыю «Аб грамадзкай дыскусіі аб мэтах і формах удзелу беларускай апазыцыі ў «выбарах-2012», у якой, у прыватнасьці, заяўлялася аб намеры зьняць кандыдатуры, калі ў краіне будуць палітзьняволеныя.

«Мы будзем заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці Беларусі зьняць свае кандыдатуры пасьля выкарыстаньня ўсіх магчымасьцяў агітацыйнай кампаніі за тыдзень да пачатку датэрміновага галасаваньня ў выпадку, калі да гэтага часу ўсе пятнаццаць палітычных зьняволеных ня будуць вызваленыя ці ў краіне зьявяцца новыя палітычныя зьняволеныя».

Рымашэўскі нагадвае, што палітвязьні да гэтага часу застаюцца ў вязьніцах і іх становішча «толькі пагаршаецца».

Нягледзячы на гэта, на дадзены момант толькі партыя БНФ выказалася пра магчымае выкананьне падпісанай дэклярацыі.

«Да дня „выбараў“ засталося крыху больш за тыдзень, да пачатку галасаваньня — 3 дні. Яшчэ ня позна выканаць абавязаньні прынятай вамі дэклярацыі і публічна зьвярнуцца да грамадзян краіны. Дзеля адзінства дэмакратычнай апазыцыі, пра якое так шмат гаварылася ў апошнія месяцы, сёньня неабходна няшмат — выкананьне вамі і вашымі арганізацыямі ўзятых на сябе і агучаных публічна абяцаньняў», — піша Віталь Рымашэўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG