Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 верасьня адбудзецца прэзэнтацыя новага офісу сайту «Хартыя-97» у Варшаве. У імпрэзе возьмуць удзел кіраўнікі зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы, прадстаўнікі міжнародных фондаў, замежныя грамадзкія і палітычныя дзеячы, дыпляматы.

Пасьля разгрому офісу «Хартыі» ў ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і арышту рэдактаркі Натальлі Радзінай адноўлены рэсурс пачаў працаваць у Вільні. Што стала падставай, каб перанесьці бюро сайту «Хартыя-97» зь Вільні ў Варшаву? Натальля Радзіна ўдакладняе, што насамрэч будуць працаваць два офісы, таму гаворка не пра зьмену месца дысьлякацыі, а пра задзейнічаньне новых магутнасьцяў:

«Гэта не зусім правільная трактоўка, таму што ў Вільні таксама застаецца офіс сайту „Хартыі“, карэспандэнцкі пункт. А ў Варшаве адчыняецца галоўны офіс. Справа ў тым, што нас запрасіла Міністэрства замежных спраў Польшчы, і з гэтай прычыны мы згадзіліся працаваць у сталіцы гэтай краіны. З аднаго боку, тут праходзіць больш міжнародных мерапрыемстваў, на якіх абмяркоўваецца сытуацыя ў Беларусі, і мы павінны быць побач. Зь іншага боку, тут сёньня на самой справе вельмі шмат беларусаў, беларускіх арганізацый. Такое адчуваньне, што міграцыйная хваля зь Беларусі будзе толькі нарастаць, і гэтыя людзі будуць жыць менавіта ў Варшаве. Што да памяшканьня, то мы атрымалі яго пры дапамозе прэзыдэнта Варшавы, дапамагала мэрыя Варшавы, і цяпер мы маем будынак па заніжаных коштах арэнды».

Паводле Натальлі Радзінай, у справе насычэньня сайту віленскае бюро па-ранейшаму будзе мець ня меншае стратэгічнае значэньне, чым дагэтуль:

«Так, бюро там застаецца, таму што Вільня — гэта таксама сталіца беларускай апазыцыі, калі так можна казаць. Шмат беларусаў сёньня вымушаныя выяжджаць за мяжу ня толькі каб жыць, выжываць ці пазьбегчы турмы, але і каб працаваць, рабіць нейкія справы, якія немагчыма зрабіць у Менску. Таму, вядома, мы будзем працаваць і зь Вільні, і з Варшавы».

Карэспандэнт: «Як мяркуеце, з наяўнасьцю двух офісаў прадукцыйнасьць працы сайту ўзрасьце?»

«Думаю, што, вядома, узрасьце. Але застаецца галоўная мэта, прынамсі ў мяне асабіста — каб офіс сайту „Хартыі“ адкрыўся ў Менску. І гэта для мяне будзе самае вялікае дасягненьне. Хоць пакуль гэта і падаецца мала верагодным, але перамены — гэта такая зьява, якая адбываецца нечакана. Таму я веру, што рана ці позна — а мне здаецца, ня столькі пазьней, а хутчэй раней — гэтыя перамены адбудуцца, і мы пераедзем у Менск».

Цікаўлюся ў Натальлі Радзінай, хто запрошаны на цырымонію прэзэнтацыі новага варшаўскага офісу папулярнага незалежнага рэсурсу:

«На самой прэзэнтацыі будуць выступаць намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі, былы міністар замежных спраў Славаччыны Павал Дэмэш; будуць прысутнічаць амбасадары, прадстаўнікі міжнародных фондаў. Весьці цырымонію будзе польская актрыса Лідка Садова, якая ў польскім тэатры, у адным са спэктакляў грала мяне (быў і такі эпізод). Таксама запрошаныя прадстаўнікі ўсіх замежных амбасадаў як у Беларусі, так і ў Польшчы, журналісты, грамадзкія дзеячы, беларусы замежжа. На жаль, ня зможа прыехаць да нас Станіслаў Шушкевіч, якому забаронены выезд зь Беларусі».

Днямі былы палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка, які быў ключавой фігурай у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, менавіта ў інтэрвію «Хартыі-97» расказаў, што прыняў рашэньне не вяртацца пасьля лекаваньня ў Менск і застаецца ў Варшаве. Ці можна чакаць ягонага ўдзелу ў працы сайту? Натальля Радзіна кажа, што ў кожнага свая функцыя, Бандарэнка — палітык, а не журналіст:

«Зьміцер Бандарэнка, як і Андрэй Саньнікаў, — каардынатары грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97». Яна стваралася ў 1997 годзе, а аднайменны сайт узьнік у 1998-м. Зараз жа Бандарэнка, як і Саньнікаў, — лідэры грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

Натальлю Радзіну затрымалі ў ноч на 20 сьнежня 2010 году ў офісе «Хартыі-97» і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Ёй прад’явілі абвінавачваньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў і ўдзеле ў іх. 28 студзеня 2011 году журналістку вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе і суправадзілі да бацькоў у Кобрынь, па месцы прапіскі.

31 сакавіка яна павінна была зьявіцца да сьледчага КДБ у Менск, але, не чакаючы допыту, прыняла рашэньне пакінуць Беларусь. Праз Расею і Нідэрлянды трапіла ў Літву, дзе і папрасіла палітычнага прытулку. У Вільні далучылася да свайго калектыву, ад якога была ізаляваная больш чым на паўгода. Летась у верасьні Дэпартамэнт спраў міграцыі Літоўскай Рэспублікі задаволіў просьбу Радзінай даць ёй палітычны прытулак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG