Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму свабода слова ў Амэрыцы ахоўвае такія сумнеўныя творы як «Нявіннасьць мусульманаў»?


Хваля цікавасьці да малабюджэтнага фільму, які паказвае прарока Мухамэда як вартага сьмеху махляра, узьнялася пасьля бурных пратэстаў на Блізкім Усходзе. Калі фільм зьяўляецца такім абразьлівым для многіх, чаму яго дазволілі? Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтары да экспэртаў.

Асноватворнай гарантыяй свабоды слова ў ЗША стала фармулёўка, закладзеная яшчэ ў «Білі аб правах»: «Кангрэс не павінен выдаваць ніводнага закона, які абмяжоўвае свабоду выказваньня».

Першая папраўка да Канстытуцыі, унесеная «бацькамі-заснавальнікамі» ЗША як частка «Біля аб правах», замацоўвае фундамэнтальныя свабоды, на якія грамадзяне ЗША зрабілі стаўку з моманту здабыцьця незалежнасьці: яны маюць права выказваць свае ідэі і меркаваньні без цэнзуры і страху ўрадавых рэпрэсіяў.

Гэтыя гарантыі былі шмат разоў інтэрпрэтаваныя і пацьверджаныя судамі, якія дазвалялі выказваць свае меркаваньні прыхільнікам і праціўнікам абортаў, правабаронцам і расістам, мусульманам і габрэям. На якой падставе грунтуецца такая абарона?

Джэймс Мэдысан, які лічыцца асноўным аўтарам «Біля аб правах», аднойчы вызначыў «генія» Злучаных Штатаў як «дух, што сілкуе свабоду, а наўзамен сілкуецца ад яго».

Джуліян Кілінглі, дырэктар Цэнтру амэрыканскіх праўных дасьледаваньняў ва ўнівэрсытэце Бірмінгему, лічыць, што апісаньне, дадзенае Мэдысанам, можна таксама акрэсьліць сучасным выразам «рынак ідэяў»:

Кілінглі: «Амэрыканскім падыходам ад пачатку заснаваньня, было тое, што амэрыканскія юрысты называюць рынкам ідэяў. І «рынак ідэяў» азначае, што калі хтосьці кажа няпраўду пра вас, правільным падыходам будзе не перашкаджаць яго хлусьні, але казаць сваю праўду. Ідэя заключаецца ў тым, што чым больш выказваньняў дазволена, тым больш шанцаў, што ў змаганьні паміж паміж хлусьнёй і праўдай пераможа праўда. Гэта азначае не перашкаджаць людзям казаць непрыемныя рэчы і дазваляць усім астатнім казаць праўду, якая б паказала памылковасьць хлусьні».

Ці існуюць якія-небудзь абмежаваньні свабоды слова ў Злучаных Штатах?

Кілінглі спрабуе акрэсьліць, як шырока трэба разумець свабоду слова і выказваньня:

«Гэта непадзельная частка амэрыканскага погляду на развіцьцё індывідуалізму, што людзі павінны мець магчымасць свабодна выказваць сваё меркаваньне па любым пытаньні, якое іх хвалюе, і тут існуе вельмі мала абмежаваньняў. Людзі могуць свабодна выказваць свае думкі, нават калі яны шкодныя».

Урад ЗША, напрыклад, ня можа прыняць рашэньне аб забароне такіх фільмаў як «Нявіннасьць мусульманаў», нават калі фільм можа пакрыўдзіць вялікую колькасьць гледачоў.

Карыстаючыся такой жа свабодай, якую маюць вытворцы фільму, урад можа публічна выказацца супраць фільму або заявіць, што зьмест фільму не адлюстроўвае каштоўнасьці, прынятыя ў краіне.

Прыватны сайт YouTube, які размясьціў некалькі кліпаў «Нявіннасьці мусульманаў», дубляваных на арабскую мову, можа на падставе сваёй уласнай рэдакцыйнай палітыкі заблякаваць доступ да іх, як гэта было зроблена ў Лібіі і Эгіпце. Урад ЗША, аднак, ня змог бы прымусіць сайт зрабіць гэта.

Кантрольныя органы ЗША могуць зьмясьціць папераджальныя надпісы на копіі прадаваных фільмаў, калі яны лічаць іх непажаданымі для маладых гледачоў, або абазначыць этыкеткамі сьпяваную прадукцыю, дзе ўжываецца брыдкаслоўе, але ўлады ня могуць забараніць публікацыю і распаўсюджваньне. Практыка судовых працэсаў усталявала некаторыя выпадкі, калі свабода слова ў Злучаных Штатах можа быць абмежаваная, але яны рэдкія. Гэта дзіцячая парнаграфія, заклікі да зьдзяйсьненьня злачынства, або публікацыя зьвестак, што закранаюць нацыянальную бясьпеку. Вось некалькі прыкладаў, калі свабоду слова можа юрыдычна абмежаваць амэрыканскі ўрад.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG