Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лява — Кузьмічу: Я не сяджу на шыі ў народа, як вы


13 верасьня завяршылася трансьляцыя тэледэбатаў на канале «Беларусь-2». Пра гэта паведаміў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька падчас сустрэчы з кіраўніком місіі назіраньня Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ Антоніё Мілашоскім.

У апошні дзень на «Беларусь-2» паказалі дэбаты з удзелам кандыдатаў ад Партыі БНФ Арцёма Лявы, ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Вадзіма Пярвушына і дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сябра Кампартыі Беларусі Аляксея Кузьміча.

Пра тое, што паказаныя сёньня дэбаты доўга не маглі трапіць у эфір, сьведчыць тое, што іх праўладныя удзельнікі віншавалі менчукоў з надыходзячым сьвятам гораду, якое было амаль тыдзень таму.

Арцём Лява, які заклікаў грамадзянаў байкатаваць выбары, скрытыкаваў дзейнасьць парлямэнту, які не выконвае належнай яму ролі, і гэта ёсьць наступствам канцэнтрацыі ўлады ў краіне ў адных руках.

Лява: «Мне цікава, што зрабіў спадар дэпутат, калі ў нас быў крызіс у 2011 годзе, даходы насельніцтва рэзка ўпалі? Чаму дэпутаты маўчалі?»

На гэта дэпутат Аляксей Кузьміч, які прэтэндуе зноў трапіць у Палату прадстаўнікоў, сказаў:

«Кожны дэпутат удзельнічае ў працы Савету міністраў. Першае пытаньне, зададзенае дэпутатамі: чаму пры адпусканьні цэнаў ня быў створаны антыманапольны камітэт? Гэта вырашалі дэпутаты! Дэпутаты на сёньня — адны з прафэсіяналаў. Вы паглядзіце ў сьпіс — за плячыма якія прадпрыемствы і пасады».

Вадзім Пярвушын адзначыў, што ЛДП выступае за тое, што грамадзтву і парлямэнту час станавіцца партыйным. Ён даводзіў, што ў краіне няма палітычнага крызісу, а ёсьць пэўныя эканамічныя праблемы.

Пярвушын: «Пры інтэграцыі Беларусі, Расеі і Казахстана нам неабходна ствараць наднацыянальную валюту. Яна можа называцца расейскі рубель ці неяк яшчэ.І ўпэўнены, эканамічная стабільнасьць у нашай краіне будзе дасягнута».

Ён спытаў у Лявы, чаму той зьбіраецца здымацца. Лява адказаў, што на сёньняшні дзень Партыя БНФ лічыць, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма. Бальшыню сяброў партыі не ўключылі ў выбаркамы і назіраць за выбарамі магчымасьці няма.

Лява: «Другая ўмова — гэта вызваленьне палітвязьняў. У краіне 15 палітвязьняў, і калі яны ня будуць вызвалены да выбараў, Партыя БНФ ня лічыць мэтазгодным і маральным удзельнічаць у выбарах. І таму ёсьць такое папярэдняе меркаваньне пра зьняцьцё кандыдатаў. Падманваць выбаршчыкаў, заклікаючы іх на выбарчы ўчастак, калі галасы могуць не лічыцца, калі перамога аддаецца кандыдату, прызначанаму зьверху, напрыклад, Аляксею Кузьмічу, якога народ ужо ня любіць і расчараваўся як у дэпутаце, камунісьце і лукашысьце?»

Гэта зачапіла Аляксея Кузьміча і ён даводзіў, што Арцём Лява, маўляў, часова не працуе, у яго ў дэклярацыі нуль прыбыткаў, што той купіў кватэру. За што будуць любіць вас выбаршчыкі, спытаў дэпутат Ляву:

«Можа, спадар Аляксей жыве ў іншай краіне і ня ведае сытуацыю, што зараз займаць актыўную палітычную пазыцыю і пры гэтым мець афіцыйнае месца працы — рэчы маласумяшчальныя. Бо сотні людзей звольнены за палітычную дзейнасьць, некаторыя нават знаходзяцца за кратамі. Кандыдаты ў прэзыдэнты ня ўсе яшчэ вызваленыя з турмы. Але ў мяне працы хапае, я на канапе не ляжу».

Кузьміч: «Але падаткі, падаткі! Як вы скажаце школам, за што вы рамантуеце, за якія грошы, хто прынясе вам?»

Лява: «Я ў кішэню падаткаплатніка ня лезу, як вы. Вы атрымліваеце заробак. Колькі ў вас заробак?»

Кузьміч: «Дзевяць мільёнаў».

Лява: «Вось, і гэты заробак вы бераце з кішэні падаткаплатнікаў і набягае за 5 год там пад 50 тысяч, а тое і больш. Можна было б пабудаваць добры катэдж для шматдзетнай сям’і. А з вашай дзейнасьцю, эфэкт ад якой нуль, таксама амаральна атрымліваць такія грошы».

Кузьміч: «Чаму не плаціце падаткі?».

Лява: «Я ж кажу, я хоць не сяджу на шыі ў народа, як вы».

У заключным слове кандыдат ад БНФ Арцём Лява адзначыў: «Непрыход на так званыя выбары, калі гэты крок сьвядомы і актыўны, таксама можа быць прыстойным грамадзянскім учынкам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG