Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскіх гісторыкаў, выкладчыкаў унівэрсытэту імя Янкі Купалы, якія прычыніліся да выданьня кнігі «Гродназнаўства», пачалі выклікаць да рэктара і браць тлумачэньні. Усё таму, што кніга выдадзеная не дзяржаўным выдавецтвам, а выйшла ў сэрыі «Гарадзенская бібліятэка», якую выпускае недзяржаўнае Таварыства беларускай школы, і аддрукаваная ў Польшчы.

Сёньня на гарадзенскіх сайтах зьявілася інфармацыя пра тое, што гісторыкаў выклікалі да рэктара, а таксама зь імі мелі размову супрацоўнікі КДБ.

Галоўныя папрокі, паводле публікацыяў: чаму кніга, маўляў, сканчаецца на 90-х гадах, чаму няма параграфа пра сучаснасьць, чаму там толькі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня і як так атрымалася, што беларускія выкладчыкі дазволілі сабе выдаваць свае працы за мяжой?

Самі гісторыкі не адмаўляюць, што іх сапраўды выклікалі ў рэктарат і што зь імі гутарылі супрацоўнікі КДБ, але камэнтаваць сытуацыю адмаўляюцца, бо ўсім пагражае страта працы.

Кнігу-падручнік «Гродназнаўства» напісалі вядомыя гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы. У 38 параграфах выкладзена тысячагадовая гісторыя гораду. Кніга надрукаваная на крэйдавай паперы з шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі, некаторыя зь якіх публікуюцца ўпершыню. Аўтары — Алесь Госьцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Сьвятлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG