Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астапчук: Адчуваньне, што нас закапалі за тое, што мы казалі праўду


Надзея Астапчук
Надзея Астапчук

Пазбаўленая залатога алімпійскага мэдаля з-за допінгавага скандалу штурхальніца ядра Надзея Астапчук сказала ў размове з карэспандэнтам «Свабоды», што ня верыць, каб забаронены прэпарат ёй падсыпаў трэнэр Аляксандар Яфімаў.

Тое, што забаронены прэпарат падсыпаў спартоўцы трэнэр, вынікае з унутранага расьсьледаваньня допінгавага скандалу. Менавіта такую выснову агучылі дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва (НАДА) Аляксандар Ванхадла і кіраўнік Дырэктарату нацыянальных камандаў па відах спорту Міністэрства спорту і турызму Андрэй Фомачкін. Паводле Ванхадлы, у выніку разбору было выяўлена, што забаронены прэпарат падсыпаў спартоўцы безь яе ведама трэнэр Аляксандар Яфімаў. Спэцыяліст патлумачыў гэта тым, што ня быў упэўнены ў выніках атлеткі і вырашыў перастрахавацца. Гэта здарылася 30 ліпеня падчас трэніровачнага збору, за некалькі дзён да алімпійскага выступу.

Надзея Астапчук сказала карэспандэнту «Свабоды»: «Я ў гэта проста ня веру. Сьмешнае нейкае тлумачэньне».

Спартоўка распавяла, што на выходных плянуе ўбачыцца з трэнэрам:

«Я на выходных зь ім убачуся. Ён сказаў, што потым мне ўсё патлумачыць. Мне трэба пагутарыць, паглядзець рэакцыю трэнэра. Усе тэлефануюць, ніхто ў гэта ня верыць. Усе пытаюцца: ці націснулі на трэнэра? Але я ня ведаю, як гэта ўсё адбылося».

На пытаньне, ці будзе Надзея аспрэчваць гэтыя высновы, яна адказала:

«Пакуль цяжка сказаць, эмоцыі пакуль гэтыя ўсе ўлягуцца. Трэба хаця б зразумець, адкуль што выйшла. А потым буду вырашаць, што і як рабіць. Бо пакуль не магу ўбачыцца ні з Ванхадлам, ні з кім абсалютна. Хаця б пачытаць недзе нейкія тлумачэньні. Пакуль толькі адны словы, а па словах нічога рабіць не зьбіраюся. Сама хачу, каб усё хутчэй скончылася, каб адчапіліся. Бо ўжо жыць спакойна не магу».

Надзея распавяла, што мэдаль даўно аддала, а прызавых ёй ніхто плаціць ня будзе.
У мяне нават заробак зьнялі, у мяне нічога няма

«У мяне нават заробак зьнялі, у мяне нічога няма. З 15 жніўня ў мяне ніякага заробку няма. Пакуль ідзе разбор, калі ўсё будзе нармальна, — вернем. Вось так сказалі».

Надзея падзялілася сваімі адчуваньнямі ад усёй гісторыі з допінгам:

«Такое адчуваньне, што нас проста закапалі паціху за тое, што мы заўсёды казалі праўду, заўсёды змагаліся за свае правы. І такое адчуваньне, што з намі проста расправіліся, і ўсё. Спачатку са мной, а цяпер і трэнэра закапалі на дадатак. За тое, што мы вынесьлі з фэдэрацыі ўсё сьмецьце, якое там тварылася, усё беззаконьне, якое там было. Бязьдзейнасьць чыноўнікаў, якія павінны за гэта адказваць. Вось маеце, атрымайце. Іншага ў галаве ў мяне проста нічога ня ўкладваецца».

На пытаньне, чым будзе займацца Надзея бліжэйшым часам, яна адказала, што пакуль знаходзіцца ў Менску, але хоча куды-небудзь паехаць, памяняць абстаноўку.

«Пакуль ня ведаю. Усё залежыць ад таго, калі ўсё гэта скончыцца, якое рашэньне будзе канчаткова прынятае. Тады ўжо буду прымаць рашэньне, што рабіць. Пакуль ніякага жаданьня працаваць няма, няма жаданьня трэніравацца. Што рабіць далей — пажыву, пабачу. Калі ўсё наладзіцца, будуць працаваць нармальныя людзі тут — у фэдэрацыі, у міністэрстве — якія будуць адказваць за свае словы і дзеяньні, тады, магчыма, я прыму рашэньне вярнуцца. А так на гэты момант жаданьня ніякага няма».

«А як вы ацэньваеце намаганьні дзяржавы, каб вярнуць ваш мэдаль?»

«Цяжка мэдаль вярнуць. Калі б была памылка лябараторыі, то ёсьць шанец вярнуць мэдаль. Але памылкі лябараторыі няма. На жаль, гэта знутры ў нас тут дома адбылося. Таму спрачацца — з кім спрачацца? Тут трэба спачатку са сваімі разабрацца, з тымі людзьмі, якія палкі ў колы сунуць. Спачатку парадак трэба навесьці ў сябе, а потым ужо глядзець».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG