Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская камісія адцэнзуравала біяграфію кандыдата


Зьміцер Бандарчук (другі зьлева) падчас збору подпісаў

Зьміцер Бандарчук (другі зьлева) падчас збору подпісаў

У Горадні назіральнік ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель заяўляе, што выбарчая камісія Гарадзенскай Занёманскай акругі № 49 знарок не запрасіла назіральнікаў на паседжаньне, калі разглядалася скарга кандыдата ад апазыцыі Зьмітра Бандарчука.

Па словах Рамана Юргеля, акруговая выбарчая камісія парушыла выбарчае заканадаўства, калі выкрасьліла з улёткі кандыдата Зьмітра Бандарчука інфармацыю, што дэмакратычны кандыдат быў на прэзыдэнцкіх выбарах даверанай асобай Уладзімера Някляева.

Раман Юргель: «Камісія выступіла ў ролі цэнзара і выразала такую інфармацыю, што ён быў даверанай асобай Уладзімера Някляева ў прэзыдэнцкую кампанію 2010 году. І на гэтую камісію не запрасілі ні назіральнікаў незалежных, ні самога кандыдата. Вось так працуе акруговая камісія ў Горадні».

Плякат са здымкамі кандыдатаў быў надрукаваны. Зьміцер Бандарчук кажа, што свае біяграфічныя зьвесткі здаў асабіста старшыні акруговай камісіі Хлябічу, ніякіх заўваг не было. Кандыдат у дэпутаты атрымаў цяпер ад спадара Хлябіча такія тлумачэньні:

«Сабралася акруговая камісія, і яны ўсе разам вырашылі, што гэта пункт не маёй біяграфіі, а — маёй палітычнай біяграфіі. Я заўважыў, што ўсе астатнія кандыдаты напісалі: хто — сябра Лібэральнай партыі, хто — «Справядлівага сьвету».

У 49-й акрузе, апроч Зьмітра Бандарчука, удзельнічаюць у выбарах прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет» Віктар Міхальчык і Лібэральна-дэмакратычнай — Алег Карповіч. А кандыдат ад улады — галоўны рэдактар афіцыйнай газэты «Гродзенская праўда» Алена Берасьнева.

Бандарчук: «Берасьневай можна пісаць што заўгодна: і што яна ляўрэатка, і што толькі не рабіла ў жыцьці, і біяграфія ў яе большая ў два-тры разы, чым у іншых кандыдатаў. І там яны вырашылі нічога не падчышчаць. А ў мяне гэты пункт раздражняў. Але тут нічога ня зробіш. Такі яшчэ просты факт: гэты плякат, на ім намаляваны сьцяг дзяржаўны як фон. І ён так лунае, што накрывае чырвоным і зялёным колерам біяграфію маю, Карповіча і Міхальчыка. А біяграфія Берасьневай — на чыстым белым фоне».
XS
SM
MD
LG