Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Капыльшчыне ўлёткі за праўладнага кандыдата развозіць «хуткая»


У Капыльскім раёне на Меншчыне мясцовыя ўлады далучылі да распаўсюджваньня агітацыйных улётак кандыдатаў ад улады нават машыны хуткай дапамогі.

Сёньня слухач «Свабоды» Віктар Дашкевіч паведаміў, як на Капыльшчыне зараз праводзяць агітацыю за кандыдата ў дэпутаты, старшыню суседняга Клецкага райвыканкаму Анатоля Бойку. Яму 58 гадоў, неўзабаве пэнсія...

Віктар Дашкевіч: «Я ўчора еду на ровары і на дарозе пад горку сьпешыўся. Раптам поруч спыняецца аўтамабіль „хуткай дапамогі“, вадзіцель адчыняе фортку й перадае мне паперкі:

„Трымай! Гэта каб ведаў, за каго галасаваць!“

Я гляджу — з Клецку, Бойка! Улётка — чорна-белая, невялікага памеру. Наклад — 12 000 паасобнікаў. Вось гэта агітацыя! Я нават патэлефанаваў у акруговую выбарчую камісію і кажу „Агітацыя ідзе поўным ходам“. Мне ў адказ: „То ўжо ж пара!“

Я ўдакладняю пытаньне: „А як вы глядзіце на тое, што менавіта „хуткая дапамога“ развозіць гэтыя паперкі? Бо раней быццам бы такое немагчыма было“.

Дзяжурная ў камісіі пагаджаецца: „Ага, цікава...“

Высьветлілася таксама, што кіраўнікоў усіх капыльскіх установаў, прадпрыемстваў і арганізацыяў выклікалі ў райвыканкам і „ўсучылі“ 12 тысяч гэтых улётак...»
XS
SM
MD
LG