Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты зь дзяржаўных СМІ: «Усе чакаюць, што будуць скарачэньні»


У дзяржаўных выданьнях, якія будуць аб’яднаныя ў адзіны холдынг, журналісты не падтрымліваюць ідэю закрыцьця пяці рэспубліканскіх газэт. Яны баяцца страты працы, нягледзячы на запэўніваньні міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага.

У менскім Доме прэсы разьмешчаныя рэдакцыі ўсіх пяці рэспубліканскіх газэт, якія маюць стаць адзіным холдынгам ужо да канца году. Супрацоўнікі старэйшага веку адмаўляюцца абмяркоўваць апошнія заявы міністра інфармацыі. Але маладзейшыя журналісты больш адкрытыя да размовы. Як, да прыкладу, карэспандэнты газэт «Рэспублiка», «Советская Белоруссия» і «Беларуская ніва»:

Карэспандэнтка: «Ці падтрымліваеце вы ідэю стварэньня адзінай рэспубліканскай газэты, ці лепш пакінуць усё так, як ёсьць?»

Карэспандэнт: «Лепш, каб усе былі паасобку».

Карэспандэнтка: «Мне падаецца, што гэтая ідэя ня дужа актуальная, бо газэты павінны быць кожная сваёй тэматыкі, а ня так, што адна газэта на ўсе тэмы. Таму я ня бачу ў гэтым здаровага сэнсу».

Карэспандэнт: «Не, гэта дрэнная ідэя. Бо людзі будуць выкінутыя на вуліцу. У гэтых газэтах зараз гэтулькі працуе людзей — нехта ж будзе звольнены. Гэта абавязкова — і тэхнічныя супрацоўнікі, і журналісты».

Карэспандэнтка: «А вы асабіста хвалюецеся за свой лёс?»

Карэспандэнт: «Не, бо гэта ж не апошняя праца».

Журналісты «Народнай газеты» і «Знамени юности» сьцьвярджаюць: у іхніх рэдакцыях таксама ня вераць, што пасьля стварэньня холдынгу ў супрацоўнікаў будуць захаваныя іх працоўныя месцы. Тым ня менш успрымаюць гэты факт з аптымізмам:

Карэспандэнтка: «Што ў вашай рэдакцыі кажуць пра стварэньне холдынгу, як ставяцца да ідэі?»

Карэспандэнтка: «У нас у рэдакцыі гэтую ідэю абмяркоўваюць вельмі мала. Проста людзі разумеюць, што гэта зьвязана са скарачэньнем бюджэту. Што гэта меры ня творчага характару, а пераразьмеркаваньня фінансаў. Таму кожнаму зразумела, што гэтулькі людзей, колькі ёсьць зараз у рэдакцыі, больш не спатрэбіцца, і людзей будуць скарачаць. Таму ў нас у рэдакцыі ўжо звольніліся тры вельмі добрыя журналісты, зараз многія таксама абмяркоўваюць, што трэба звальняцца. Зразумела, што нэрвовасьць у рэдакцыі прысутнічае. Але зараз усе шукаюць сабе месца для сваёй душы і менш бачаць сваю будучыню ў гэтым Доме прэсы».
Зараз усе шукаюць сабе месца для сваёй душы і менш бачаць сваю будучыню ў гэтым Доме прэсы

Карэспандэнт: «У рэдакцыі „Знамени юности“ шмат хто яшчэ ня ведае пра холдынг, і для многіх гэта становіцца адкрыцьцём. А настрой? Усе чакаюць, што будуць скарачэньні, звальненьні, і перажываньні ёсьць у людзей. А як на маю думку, дык, магчыма, і не патрэбна гэткая колькасьць газэт насамрэч. Лепш мо, каб гэта была сапраўды адна нармальная газэта, якая была б такім дзяржаўным рупарам, а людзі былі б з добрымі заробкамі. Каб не было гэткага штату, як у пяці рэспубліканскіх газэтах».

Карэспандэнтка: «Вы асабіста хвалюецеся за свой лёс?»

Карэспандэнт: «Хваляваньне ёсьць, зразумела, але ўсё роўна я на гэта з аптымізмам гляджу. Бо калі не атрымаецца працаваць тут, то гэта стане штуршком, каб разьвівацца далей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG