Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію імя Андрэя Сахарава


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Паводле сайту Эўрапарлямэнту, акрамя беларускага праваабаронцы ў ліку намінантаў на прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» — расейская панк-група Pussy Riot і яшчэ 6 праваабаронцаў і грамадзкіх дзеячаў з розных краін сьвету.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» не пацьвердзілі зьвестак пра намінацыю Алеся Бяляцкага на прэмію імя Андрэя Сахарава.

Намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч:

«Мы пакуль гэтых зьвестак ня маем. Ведаю, што польскія дэпутаты выступалі з такой ініцыятывай, але што з гэтага атрымалася, ня ведаю».

9 кастрычніка адбудзецца галасаваньне па трох фіналістах.

Уручэньне прэміі «За свабоду думкі» заплянаванае на 12 сьнежня.


Натальля Пінчук: «Значыць, Алеся не забываюць»

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук гэтак пракамэнтавала навіну.

«Зразумела, што вялікі гонар для Алеся — такое вылучэньне. Гэта важна ў любым выпадку, будзе ён узнагароджаны гэтай прэміяй ці не. Гэта важна ў тым сэнсе, што пра Алеся памятаюць і яго падтрымліваюць. І, мяркую, для яго таксама будзе важна гэта пачуць і ведаць. Таксама мяркую, што кожны, хто вылучаны, годны прэміі. Таму вельмі важнае менавіта вылучэньне, а як яно складзецца, гэтак і будзе».



На прэмію Бяляцкага вылучыў дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы

Пры канцы жніўня дэпутат ЭП ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі заклікаў падтрымаць вылучэньне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на атрыманьне прэміі імя Сахарава.

У сваім звароце Сарыюш-Вольскі падкрэсьліў, што ўклад Бяляцкага ва ўмацаваньне міру шырока ацэнены, у тым ліку і ААН. Акрамя таго, нагадаў ён, беларускі праваабаронца намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.

«Эўрапарлямэнт, які ўжо заявіў пра сваю падтрымку Алеся Бяляцкага ў рэзалюцыі ад 15 верасьня 2011 году, можа падкрэсьліць унівэрсальную значнасьць упартай барацьбы за свабоду ў краінах, дзе кіруюць дыктатары, узнагародзіўшы праваабаронцу прэміяй Сахарава», — заўважыў Сарыюш-Вольскі.

Раней прэмію Сахарава атрымлівалі Аляксандар Мілінкевіч і Беларуская асацыяцыя журналістаў.


Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG