Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савіных не адказаў, як ахоўваюцца беларускія амбасады


Падчас мітынгу каля амбасады Беларусі ў Бішкеку. Дэманстранты патрабавалі экстрадыцыі былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева ў Кіргістан і яго брат Джаныша Бакіева.

Падчас мітынгу каля амбасады Беларусі ў Бішкеку. Дэманстранты патрабавалі экстрадыцыі былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева ў Кіргістан і яго брат Джаныша Бакіева.

«Гэтая інфармацыя носіць рабочы характар. Таму мы ня будзем абмяркоўваць гэтыя пытаньні тут», — адказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на пытаньне: «Ці будзе Беларусь прымаць захады для аховы сваёй амбасады ў Бішкеку, паколькі апошнім часам каля яе зьбіраюцца абураныя жыхары Кіргізстану, якія патрабуюць ад беларускіх уладаў выдаць брата былога прэзыдэнта Бакіева?»

Стасункі паміж Менскам і Бішкекам ускладніліся пасьля таго, як стала вядома, што Джаныш Бакіеў, брат былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева, знаходзіцца ў Менску.

Канфлікт Бішкеку і Менску

5 верасьня Генпракуратура Беларусі адмовіла Кіргізстану ў выдачы Джаныша Бакіева, малодшага брата былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

«З улікам падзеяў, якія адбыліся ў Кіргіскай Рэспубліцы, і характару абвінавачаньняў, якія выстаўляюцца Дж.Бакіеву, беларускі бок лічыць, што запыт пра выдачу зьвязаны зь перасьледам яго па прыкмеце палітычных перакананьняў, таму запыт Генэральнай пракуратуры Кіргіскай Рэспублікі пра выдачу Дж.Бакіева пакінуты без задавальненьня», — паведаміў афіцыйны сайт Генэральнай пракуратуры Беларусі.

10 верасьня ля будынка беларускай амбасады ў Бішкеку прайшоў мітынг пратэсту. Удзельнікі патрабавалі выдаць Кіргізстану Джаныша Бакіева.

Напярэдадні грамадзкія арганізацыі «Мекен шейттери», «Айкол Ала-Тоо» і «Апрель байрагы» накіравалі прэзыдэнту, прэм’ер-міністру і сьпікеру парлямэнту Кіргізстану зварот, у якім патрабуюць эвакуяваць зь Бішкеку амбасаду Беларусі.

28 жніўня сваякі ахвяраў дзяржаўнага перавароту 2010 году напалі на амбасаду РБ. Некалькі дзясяткаў чалавек закідалі будынак пасольства камянямі, пабілі вокны.

24 жніўня Кіргізстан адклікаў зь Беларусі свайго амбасадара для кансультацыяў.

17 жніўня ў цэнтры Менску ў кавярні «Грунвальд» актывіст апазыцыйнага руху Беларусі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч сфатаграфаваў малодшага брата экс-прэзыдэнта Кіргізстану Джаныша Бакіева, які выходзіў з кавярні ў суправаджэньні двух чалавек.

Паводле МУС Кіргізстану, на менскіх здымках былі зафіксаваныя Джаныш Бакіеў, а таксама Тахір Рысаліеў, былы намесьнік Службы дзяржаўнай аховы, і Рустам Сайдуеў, блізкі сябар Максіма Бакіева, брата Курманбека Бакіева.

Кіргіскія ўлады сьцьвярджаюць, што гэтыя тры асобы — падазраваныя ў справе аб патройным забойстве ў Кіргізстане ў 2009 годзе. Тады былі забітыя былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстану Мэдэт Садыркулаў, кіроўца Кубат Сулайманаў і дырэктар Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргей Сьлепчанка.

7 красавіка 2010 году быў скінуты рэжым другога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які, у сваю чаргу, прыйшоў да ўлады пасьля выгнаньня 24 сакавіка 2005 году свайго папярэдніка Аскара Акаева, паведамляе Інтэрфакс.

Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Курманбека Бакіева атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі.


Кіргізстан дамагаецца выдачы Джаныша Бакіева

«Кіргізcтан мае намер рашуча дамагацца выдачы Джаныша Бакіева, які знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку ў СНД і міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола», — заявіў журналістам прэсавы сакратар МЗС гэтай краіны Нурджыт Кадырбекаў. Ён паведаміў, што, нягледзячы на адмову Беларусі, «праводзіцца дыпляматычная праца з мэтай яго экстрадыцыі зь Беларусі».

«Кіргізстан раней зьвярнуўся ў выканаўчы камітэт СНД (...) для аказаньня садзейнічаньня ў рамках канвэнцыі аб прававой дапамозе па рашэньні пытаньня аб выдачы Бакіева», — цытуе прадстаўніка МЗС гэтак краіны Інтэрфакс.

«У Кіргізстане чакаюць канструктыўнага падыходу да гэтага пытаньня з боку Беларусі, — дадаў ён. — Атрыманая адмова аб выдачы Бакіева чарговым разам прадэманстравала нежаданьне беларускага боку выконваць сваё абавязаньне. І ў сувязі з гэтым Кіргізстан спадзяецца на выканаўчы камітэт СНД».

Афіцыйны Менск: Джаныша Бакіева перасьледуюць за палітыку

5 верасьня Генпракуратура Беларусі адмовіла Кіргізстану ў выдачы Джаныша Бакіева, малодшага брата былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

«З улікам падзеяў, якія адбыліся ў Кіргіскай Рэспубліцы, і характару абвінавачаньняў, якія выстаўляюцца Дж.Бакіеву, беларускі бок лічыць, што запыт пра выдачу зьвязаны зь перасьледам яго па прыкмеце палітычных перакананьняў. Таму запыт Генэральнай пракуратуры Кіргіскай Рэспублікі пра выдачу Дж.Бакіева пакінуты без задавальненьня», — паведаміў афіцыйны сайт Генэральнай пракуратуры Беларусі.
XS
SM
MD
LG