Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падгол: Я больш за ўсіх вас у Беларусі люблю Лукашэнку


12 верасьня ў дэбатах на тэлеканале Беларусь-2 узялі ўдзел кандыдаты ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Эдуард Кузьняцоў, кандыдат, дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віталь Бусько, кандыдат ад Партыі БНФ Уладзімер Падгол і незалежны кандыдат, бізнэсовец Уладзіслаў Цітовіч.

Прадстаўляючыся Ўладзімер Падгол сказаў:

«Я шмат зрабіў у сваім жыцьці. У 2003 годзе я зрабіў першую канцэпцыю законапраекту ЗША „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“. Больш за 10 год я пісаў кнігу „Куля для прэзыдэнта“. Арыштаваны першы раз у 1997 годзе, другі — у 2004 і трэці раз зь бібліятэкі кандыдата ў прэзыдэнты Някляева — у 2010 годзе. Я больш за ўсіх вас у Беларусі люблю Лукашэнку. Я аўтар кнігі „Цытаты прэзыдэнта“, „Цытаты Лукашэнкі“. Гэта кніга мае звыш 30 выданьняў. Яе маюць у выглядзе падарункаў Пуцін, Мядзьведзеў, Мэркель, усе эўрапейскія палітыкі. Мая пазыцыя: гэтыя парлямэнцкія выбары ня мусяць абіраць чалавека, які хоча засыпаць лужыны, каб трамваі хадзілі рэгулярна ці закрыць дахі».

Віталь Бусько адказваючы на пытаньне пра ўвядзеньне сыстэмы выбараў па партыйных сьпісах, адзначыў:

«Згодны, мажарытарная сыстэма звужае магчымасьці партый і палітычных рухаў. Пераход поўнасьцю на партыйныя сьпісы — яшчэ рана пра гэта гаварыць. Але на зьмяшаную сыстэму, калі будуць і сьпісы, і аднамандатныя — гэта мы гатовы, і краіна гатовая».

Падгол дадаў, што «грамадзтва да гэтага гатова, але не гатовы прэзыдэнт».

Бусько спытаў у Падгола, якія міжнародныя праекты і інвэстыцыі ён і яго паплечнікі прынесьлі ў краіну, асабліва калі ёй было цяжка.
Як толькі будуць свабодныя выбары, ЭЗ і ЗША гатовы выдзеліць Беларусі 500 мільярдаў даляраў пад праграму Маршала-3

Падгол: «Першы пункт: выхад з саюзу Расея-Беларусь. Выхад з вайсковага аб’яднаньня АДКБ. Гэта ўсё пункты праграмы БНФ. Выхад з Мытнага хаўрусу з Расеяй і з Эўразійскага зьвязу. Паставіць крыж на Эўразійскім саюзе. Гэта ўсё неканстытуцыйныя ўтварэньні. Яны пярэчаць палажэньню Канстытуцыі аб нэўтралітэце. Гэта ўсё трэба скасаваць. Экс-кандыдат у прэзыдэнты Кастусёў месяц таму правёў перамовы з кіраўнічкай Нямеччыны Мэркель і дамовіўся, што як толькі ў Беларусі будзе дэмакратычны лад, як толькі будуць свабодныя выбары, ЭЗ і ЗША гатовы выдзеліць Беларусі 500 мільярдаў даляраў пад праграму Маршала-3».

Калі Бусько папрасіў прывесьці прыклад, калі БНФ дапамагло малазабясьпечаным слаям насельніцтва, старым і дзецям, Падгол сказаў:

«БНФ, АГП і ўсе партыі апазыцыі рэгулярна зьбіралі рэчы, грошы, лекі дзеткам. І дайшло да таго, што ў шэрагу дзіцячых дамоў нам забаранілі перадаваць дзеткам гэтыя рэчы. Дзе вы тады былі?»

Бусько: «Я толькі адно магу сказаць, што вы не зьвярталіся да дэпутатаў».

Адказваючы на пытаньні Бусько адносна эканамічнай сфэры, Уладзіслаў Цітовіч заявіў, што эканоміку трэба перавесьці на рынкавыя рэйкі.

Цітовіч таксама адзначыў, што кандыдаты ад ЛДПБ «кажуць, як з аднаго аркуша, і што яны будуць укручваць лямпачкі ў падьездах». У адказе Эдуарда Кузьняцова прагучала:

«Гэта ж лібэральна-дэмакратычная партыя. Гэта ж не наўпрост зьвязана, што мы пойдзем і будзем укручваць. Але мы ўкруцім, калі нам скажуць».

Цітовіч спытаўся ў Бусько: «За апошнія 4 гады наша валюта прасела 4 разы. І гэта вялікі паказчык нават параўнальна з нашымі суседзямі, зь любымі іншымі краінамі, якія пацярпелі ад крызісу. Чаму? Хто за гэта адкажа? І ці не сутыкнёмся мы з новым крызісам, калі ўбачым у парлямэнце тыя ж твары?»

Бусько: «Мы крыху супакоіліся. Мы крыху падумалі, што мы жывем ужо надта добра і ўсе беды праходзяць міма. Насамрэч, быў пралік ураду. Яны пралічвалі не на далёкую пэрспэктыву, а на два-тры месяцы, паўгоду. І гэты пралік стаў прычынай той варонкі, якая ўтварылася, і якую мы зь цяжкасьцю выраўнавалі, і цяпер сытуацыя стабілізавалася».

Эдуард Кузьняцоў, Віталь Бусько і Ўладзіслаў Цітовіч заклікалі грамадзянаў прыйсьці на выбары. Падгол адзначыў: «Я люблю Лукашэнку, і вывучыў усе ягоныя цытаты. Лукашэнка ў 1995 годзе пра выбары ў парлямэнт сказаў: «Я на выбары не пайду. Падма+нуць. Адны прыйшлі за льготамі, другія прыйшлі за льготамі, падма+нуць. Я на выбары не пайду. Гэта цытата вельмі пасуе да гэтых парлямэнцкіх выбараў».

Бусько і Падгол у заключным слове цытавалі Ўладзімера Караткевіча.

Бусько: «Беларусь — гэта казка. І трэба берагчы гэтую казку, пакуль яна казка, а не пустыня. Прыходзьце на выбары, будзем разам берагчы казку».

Падгол: «Караткевіч, да таго ж, сказаў, што Беларусь — наш дом. Беларусь — наш дом-храм. А ў сярэдзіне лета наш прэзыдэнт заявіў, што зьбіраецца будаваць агульны дом з Расеяй. Гэта значыць — інтэрнат. Хопіць жыць у інтэрнатах! Мы мусім жыць у сваім доме „Беларусь“. З Хрыстовымі сымбалямі, дзе чырвоны — гэта кроў Хрыста, а белы — гэта чысьціня Хрыстовай душы. Падумайце, нашы бацькі і дзяды разграмілі гітлераўскі фашызм. Мы мусім жыць лепш, чым сёньня жывуць немцы. А чаму мы жывем горш? Ды таму, што намі і сёньня кіруюць з Крамля».

У сваім заключным слове Цітовіч адзначыў: «Гэта вельмі цікавая выбарчая кампанія. Гэта паказчык таго, да чаго мы прыйшлі за апошнія 20 гадоў. А паказчык вельмі сумны. Усім рэальна абыякава. Нас цягнуць ва ўсе бакі. Людзі дэзарыентаваныя, і ў іх поўная апатыя, яны ня ведаюць, што рабіць, каму верыць у цяперашняй сытуацыі. У парлямэнце патрэбныя новыя людзі, новыя думкі. І я гарантую, што, абраўшы мяне, вы атрымаеце вельмі цікавы парлямэнт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG