Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Полудзень ужо знаёміцца з сваёй крымінальнай справай


Яўген Полудзень

Яўген Полудзень

Кіраўнік Сьледчага камітэту Вакульчык паведаміў пра яшчэ адну гучную справу, якую вялі ягоныя падначаленыя — гэта справа былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня, якога арыштавалі ў канцы 2011 году. Зараз паведамляецца, што ён ужо знаёміцца з крымінальнай справай, якую хутка перададуць у пракуратуру, а адтуль, як мяркуюць сьледчыя, у суд. Полудзень абвінавачаны ў перавышэньні ўлады і службовых злоўжываньнях. Але ў чым дакладна правініўся былы намесьнік міністра, дагэтуль ня кажуць.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў паведаміў апошнія зьвесткі ад былых калегаў. Нібыта падчас ператрусу ў кватэры Полудня знайшлі матэрыяльныя доказы ягонай віны. Сярод міліцыянтаў вядуцца размовы і пра тое, што былы намесьнік міністра мог атрымліваць пэўную долю ад бізнэсу, які ён апякаў. Тое, што такімі рэчамі некаторыя ў міліцыі займаюцца, Мікалая Казлова ня дзівіць. Ён кажа: больш яго зьдзівіла, што міліцыянта такога ўзроўню, як намесьнік міністра, вырашылі пакараць, хоць звычайна ў падобных выпадках проста звальняюць:

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

«Гэтая сыстэма ўсё ж неахвотна распраўляецца з чыноўнікамі такога высокага рангу. Яны ж могуць і крыўду затаіць. Штосьці могуць і распавесьці дрэннае для ўлады. Для рэжыму гэта небясьпечна. Калі людзі на загад улады робяць шмат якія незаконныя рэчы, а пры гэтым паралельна клапоцяцца і пра свой дабрабыт, не зусім законна, то яны гэта робяць з думкай, што калі я раблю вось такое, то, мяркую, гэтую драбязу мне даруюць. І ў асноўным сапраўды даруюць. Але некаторыя, відаць, трапляюць пад гарачую руку».


Яшчэ адна «гучная справа» ўжо трапіла ў суд. У Менскім гарадзкім судзе на гэтым тыдні ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд справы былога кіраўніка сакратарыяту Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Глеба Бядрыцкага, якога таксама абвінавацілі ў службовых злоўжываньнях. Вядома, што Бядрыцкі не прызнае сваёй віны і настойваў на тым, каб суд над ім быў адкрыты, але судзьдзя спаслаўся на тое, што будуць агалошвацца інтымныя зьвесткі, і працэс ад грамадзкасьці закрыў.
XS
SM
MD
LG