Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацстат: інвэстыцыі ў асноўны капітал скарачаюцца


Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў дадзеныя пра тое, як разьвівалася эканоміка Беларусі за студзень-жнівень 2012 году.

Паводле Нацстату, валавы ўнутраны прадукт, прадукцыя прамысловасьці і сельскай гаспадаркі за 8 месяцаў году вырасьлі на 2—8 % адносна мінулагодніх паказчыкаў. Адначасна інвэстыцыі ў асноўны капітал, у тым ліку будаўніча-мантажныя працы, набыцьцё абсталяваньня, будаўніцтва жыльля скараціліся на 7—18 %.

Галіна эканомікі жнівень’12 параўнальна са жніўнем’11
Прамысловая вытворчасьць + 4.6 %
Прадукцыя сельскай гаспадаркі − 5.2 %
Жытло, уведзенае ў эксплюатацыю − 17 %
Грузаперавозкі − 2,7 %
Індэкс спажывецкіх цэнаў + 55,6 %

Эканаміст Леў Марголін: «Статыстыка сьведчыць пра вельмі дрэнныя справы ў эканоміцы Беларусі. Рэч такая, што інвэстыцыі патрэбныя для пашырэньня вытворчасьці. Калі пашырэньня вытворчасьці няма, то асноўныя фонды зношваюцца, становяцца горшымі, не даюць патрэбнай якасьці і аб’ёму вытворчасьці. Такія экстэнсіўныя паказчыкі, як валавы ўнутраны прадукт, яны таксама ні пра што ня сьведчаць, бо яны зьвязаныя з інфляцыяй. Таму ня выключана, што калі ўзяць у стабільных коштах, то, верагодна, ніякага росту і не было ў колькасным паказчыку. Стан вытворчасьці зараз нездавальняючы, і гэта відавочна нават неспэцыялістам».

Эканаміст — Міхась Залескі: «Памятаеце казку пра Бураціна, калі ён вісеў дагары нагамі? Адны лекары казалі, што пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы, а іншыя казалі, што пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы. Гэтак і дзьве часткі цяперашняй статыстыкі: адна зь іх сьведчыць, што пацыент жывы, як сьцьвярджае „міністэрства праўды“. Аднак яны ня могуць схаваць таго факту, што ўласных рэсурсаў гэты пацыент ужо ня мае.

Калі мы гаворым пра гаспадарку, то гэта аднаўленьне. А аднаўленьне патрабуе сталага інвэставаньня грошай у разьвіцьцё асноўных фондаў, у замену старых новымі. У гэтак хвалёныя інавацыі — ва ўсё трэба ўкладаць грошы.

Але ж паглядзіце: валавы ўнутраны прадукт вырас крыху толькі, бо ягоны рост быў забясьпечаны калясальным тэмпам росту продажу, экспарту вырабаў з нафтапрадуктаў: растваральнікаў, саляркі, бэнзіну і гэтак далей. А ўсе астатнія што рабілі?

Калі мы гаворым пра прамысловасьць, то сюды ўваходзіць і хімічная прамысловасьць. Не разглядаючы ўсе гэтыя падрабязнасьці, скажам так, што сыравінны комплекс і перапрацоўка сыравіны і далі асноўны прырост гэтага ўнутранага валавога прадукту. Сельскагаспадарчы экспарт таксама, але экспарт, які грунтуецца на датацыях. Усё астатняе, што патрабуе грошай, яно сваімі паказчыкамі сьведчыць, што грошай няма. Скарачэньне за няпоўны год на пятую частку — гэта вельмі гвалтоўнае, раптоўнае і непажаданае скарачэньне ў галіне інвэставаньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG