Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Някляеў і Мацкевіч дыскутавалі каля філярмоніі


Уладзімер Някляеў і Ўладзімер Мацкевіч публічна дыскутавалі перад будынкам менскай філярмоніі. Палітык і палітоляг спрачаліся пра тое, якія палітычныя рэформы патрэбныя Беларусі, ці варта ўдзельнічаць у выбарах і як зрабіць так, каб усім стала лепш.

Такую дыскусію кампанія «Гавары праўду» зладзіла ў рамках пікету свайго кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Тацяны Караткевіч. Пабыць з мамай на пікеце прыйшоў і сын Тацяны трэцяклясьнік Алесь.

«Я лічу, што важна, каб дзеці ведалі, чым займаюцца бацькі, — распавядае Тацяна. — Ён пытаецца, як учора прайшла мая сустрэча, ці не надакучыла мне „здымацца“. Ён сур’ёзна ўспрымае мой удзел у выбарах».
Сын Тацяны Караткевіч Алесь прыйшоў пасьля школы, каб пабыць з мамай на пікеце

Сын Тацяны Караткевіч Алесь прыйшоў пасьля школы, каб пабыць з мамай на пікеце


На пачатку свайго выступу Ўладзімер Някляеў заявіў, што на мінулым тыдні былі арыштаваныя тры актывісты кампаніі «Гавары праўду». Усе яны — давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты. «Што зрабіць, каб гэтага не было? Мала праводзіць пікеты, мала змагацца з гэтым рэжымам штодня і штоночы. Трэба дазмагацца да таго, каб гэтага рэжыму ня стала. У гэтым мы бачым сэнс гэтай кампаніі як падрыхтоўкі да кампаніі прэзыдэнцкай. Але пасьля мы мусім вырашыць, што рабіць далей? Якой будзе нашая будучыня? Вось пра гэта мы сёньня размаўляем».

«У Беларусі няма палітыкі, — пачаў свой выступ палітоляг Уладзімер Мацкевіч. — Палітыка — гэта мастацтва вырашэньня грамадзкіх спраў. Сёньня ўсе нашыя грамадзкія праблемы вырашаюцца без удзелу тых, каго гэтыя справы тычацца. Мы не абіраем сваю ўладу, у нас увогуле няма самакіраваньня. Улады ніяк не залежаць і не справаздачацца перад тымі, дзеля каго яны павінны працаваць. Яны адказваюць перад сваім начальствам».

Вакол пікетоўцаў шыхтавалася два дзясяткі журналістаў. Рэдкія мінакі, якія наважваліся падыйсьці бліжэй, ня надта ахвотна адказвалі на пытаньні.

Вось малады раварыст кажа, што глядзіць «Белсат» і ў твар ведае людзей, якія цяпер стаяць на плошчы, таму і спыніўся. Пікет яму цікавы, бо гэта «хаця б нейкае іншае слова». Але на выбары ня пойдзе: «Навошта?» — пытаецца ён.

Сталы мужчына ахвотна ўступае ў гутарку, абы не публікавалі ягонага фота:

«Усе абяцаюць разьвіты сацыялізм. Няма таго, каб адзначаць тыя недахопы, якія ў нашым жыцьці ёсьць, — свабода слова, дэманстрацый, выбары. У нас дагэтуль у драўляныя скрыні галасуюць! Пікет гэты маленькі вельмі. Добра, што яго міліцыя не ганяе, бо дазволены. А на выбары пайду, мушу прагаласаваць, інакш нехта іншы за мяне прагаласуе».

Дзьве спадарыні спрачаюцца між сабою:

— Чаго хадзіць! Усё роўна адно і тое ж, як вы думаеце?

— Не, трэба. Трэба мець сваю пазыцыю.

— Пазыцыю я маю!

— А як вы яе выказваеце?

— Суседзям, сябрам сваім, усім, у аўтобусе нават еду. А каму я выкажу сваю пазыцыю? Каму? Там, куды прыду галасаваць? Там сядзіць Саюз справядлівасьці. Адкуль ён узяўся, калі ніякай справядлівасьці няма, а саюз ёсьць?!

Далучыцца да дыскусіі выказаў жаданьне толькі адзін сталага веку мужчына. Ён так доўга распавядаў пра сваё бачаньне сытуацыі і ўласную біяграфію, што вядоўцу пікета Андрэю Дзьмітрыеву давялося яго спыніць.

Пры канцы пікета на плошчы перад філярмоніяй зьявіліся Павал Вінаградаў, Аляксандар Арцыбашаў і Ягор Віняцкі — давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты ад «Гавары праўду». Вінаградаў толькі сёньня зранку выйшаў з турмы на Акрэсьціна, дзе адбываў пяцідзённы арышт. Арцыбашава выпусьцілі ў панядзелак, а Віняцкага — у аўторак, напярэдадні пікету. Хлопца проста на плошчы павіншавалі з 25-годзьдзем, якое ён адзначыў на Акрэсьціна.
Павал Вінаградаў і Аляксандар Арцыбашаў выйшлі з Акрэсьціна: «Нічога новага, звычайныя суткі»

Павал Вінаградаў і Аляксандар Арцыбашаў выйшлі з Акрэсьціна: «Нічога новага, звычайныя суткі»


Паўла Вінаградава традыцыйна затрымліваюць як мінімум раз на месяц.

Радыё Свабода: «Калі вас наступны раз пасадзяць?»

Павал Вінаградаў: «Я думаю, што да выбараў яшчэ адзін раз пасадзяць. Зараз нас выключылі з кампаніі „Байкот-101“, але мы вельмі хутка рыхтуем яскравую падзею на 101-й акрузе».

Навошта такія дыскусіі? Адказвае Ўладзімер Някляеў:

«Людзі ўжо пастанавілі для сябе: ім ніхто не дапаможа — ані ўлада, ані апазыцыя. Мы можам дапамагчы сабе толькі самі. Дык вось, калі ў гэтай сытуацыі іх пакінуць і не пайсьці да іх, то ў будучым невядома якая сытуацыя будзе. Якім чынам гэта адбудзецца — ці народ, ці апазыцыя, ці намэнклятура лукашэнкаўская гэта зробяць, — але Лукашэнку скінуць. І вось што будзе пасьля гэтага? Ці ня будзе яшчэ горш? Нам трэба падрыхтаваць неяк людзей да таго, што проста адмовіцца ад мінуўшчыны, як гэта было зроблена на выбарах 1994 году, мала. Трэба падрыхтаваць будучыню».

Уладзімер Мацкевіч: «У нас няма палітыкі. Такія падзеі зьбіраюць больш журналістаў, чым электарат. Я прыйшоў сюды не для таго, каб падтрымаць кампанію ГП. Я прыйшоў сюды, каб рэалізаваць норму. А нормай я лічу камунікацыю, дыялёг, спрэчкі. Я прыйшоў пагаварыць з тымі, хто згодны са мною размаўляць».
Уладзімер Мацкевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Уладзімер Някляеў і Тацяна Караткевіч

Уладзімер Мацкевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Уладзімер Някляеў і Тацяна Караткевіч


Можа, людзей так мала, бо яны ня надта гатовыя далучацца да дыскусій на такія складаныя тэмы? — пытаемся ва Ўладзімера Мацкевіча:

«Што я такога складанага сказаў? Я казаў, што няма палітыкі ў краіне, што няма выбараў, адпаведна, і што няма цікавасьці да гэтых выбараў. Я казаў пра тое, што мы бачым непасрэдна тут на плошчы перад філярмоніяй. Што ў гэтым складанага? Нічога складанага ў гэтым няма! Калі я казаў ня моваю Лукашэнкі… Калі я казаў без мацюкоў… Я магу і з мацюкамі, калі гэта будзе выглядаць прасьцей… А калі я казаў больш-менш пісьменнаю моваю, гэта ўжо падаецца складаным? Да чаго мы дажыліся! Калі вось тут, у культурным месцы, каля філярмоніі людзі лічаць пісьменную мову складанаю? Дык мы хутка палезем на дрэвы і павернем эвалюцыю назад і пачнём у малпаў ператварацца».

Уладзімер Мацкевіч падкрэсьлівае, што пры нармальнай сытуацыі 60 тысяч выбарцаў на ўчастку Тацяны Караткевіч меліся б самі дыскутаваць пра тое, ці вартая Тацяна быць абранай. А ў яе няма ніякай магчымасьці сабраць столькі народу на адным месцы.

Тацьцяна Караткевіч: «Людзі не прывыклі ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Яны праходзяць міма, яны спыняюцца на 3–5 хвілінак. Іх гэта цікавіць. Але іх можа спыняць і страх. Яны бачаць журналістаў, яны бачаць камэры, фотаапараты. Яны бачаць людзей у цывільным, якія таксама здымаюць. І яны баяцца».
Тацяна Караткевіч раздае перадвыбарчыя ўлёткі

Тацяна Караткевіч раздае перадвыбарчыя ўлёткі


Андрэй Дзьмітрыеў: «Я лічу, што сёньня ўлада робіць усё, каб выбары былі не заўважаныя простымі людзьмі. Мы ня можам па тэлебачаньні ці па радыё сказаць, што будзе пікет. Шмат хто кажа, што апатыя ў людзей, і гэта апраўдвае ўсё. Я хадзіў па кватэрах — няма апатыі. Калі ты ўцягваеш людзей у размову — ты бачыш, што ім гэта цікава».

Уладзімер Някляеў: «У нас у галаве няма, што нехта з нашых кандыдатаў стане дэпутатам. Мы ўдзельнічаем у выбарах, і хаця б так, хаця б праз страх, але мы з гэтымі людзьмі кантактуем. Нейкае ўзьдзеяньне на іх робім. Хоць бы візуальна. Яны ўсё ж такі бачаць, што ёсьць людзі, якія не баяцца. Ёсьць людзі, якія адкрыта супраць. І гэта асноўная прычына нашага ўдзелу ў выбарах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG