Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня карэспандэнты «Свабоды» даведваліся, якія рэальныя заробкі атрымліваюць у Беларусі людзі ў рэгіёнах. Ці вераць яны абяцаньням Аляксандра Лукашэнкі, які 11 верасьня зноў паўтарыў, што да канца гэтага году сярэдні заробак у краіне дасягне ўзроўню 500 даляраў.

Адна з найбольш высокааплатных галінаў народнай гаспадаркі — будаўніцтва. Сёлета, паводле прараба Аляксея, які працуе ў вытворчым аб’яднаньні «Гроднажылбуд», большасьць аб’ектаў у вобласьці будуецца ў доўг, за іх ніхто ня плаціць, бо грошай папросту няма.

«Маладыя будаўнікі, як толькі набіраюцца досьведу, адразу зьяжджаюць у Расею...»

Спадар Аляксей кажа, што з гэтае прычыны апошнім часам у іхнай сфэры з заробкамі адбываецца нешта незразумелае.

Спадар: «Да прыкладу, нашы дарожнікі рэзка страцілі ў заробках зь мінулага месяца, ледзьве на тры мільёны іх павыцягвалі. Будаўнікі зь дзяржаўных арганізацый усе даўно ад’ехалі на працу ў Расею. Тут у асноўным засталіся маладыя, але як толькі набіраюцца вопыту, адразу зьяжджаюць».

Цяпер заробкі ў будаўнікоў — ня болей за 2 мільёны 800 тысяч рублёў

Муляр тае ж будаўнічай арганізацыі, спадарыня Паліна, кажа, што некаторыя ў іх зарабляюць і па паўтара мільёна. Яна ўзгадала пра страйк рабочых на пачатку лета. Але і цяпер заробкі рабочых — ня большыя за два мільёны васямсот тысяч. Вось што кажа спадарыня наконт абяцаных прэзыдэнтам 500 даляраў сярэдняга заробку.

Спадарыня: «Глупства гэта ўсё. Калі нам заплоцяць цяпер 500 даляраў, то колькі мы павінны будзем адразу аддаць за кватэру — 250? Я толькі так гэта магу супаставіць, інакш ня веру. Дзякуй Богу, што нас зараз хоць сэканд-хэнд ратуе, ды яшчэ бацькі дапамагаюць».

«Усё горш і горш, усё ціснуць, ціснуць...»

У сфэры культуры заробкі традыцыйна слабейшыя. У раённым цэнтры звычайны супрацоўнік аддзелу культуры мае паўтара мільёна. Усякія размовы пра сярэднія 500 даляраў тут успрымаюцца з усьмешкай. Кажа супрацоўніца раённага аддзелу культуры спадарыня Марыя:

Спадарыня: «І размова пра 500 даляраў — гэта натуральныя кпіны. Навошта такое казаць, калі сам павінен разумець, што такога ня будзе, асабліва да Новага году, калі падымаецца даляр, растуць цэны».

А вось найбольш распаўсюджаны адказ рабочых на пытаньне, як сёньня жывецца з такімі заробкамі.

Спадар: «Усё горш, горш і горш, усё ціснуць, ціснуць... Я ня ведаю, як жыць далей. Баюся цяпер нават у краму заходзіць...»


Сярэднія заробкі — як сярэдняя тэмпэратура па шпіталі

На Гомельшчыне, паводле статыстычных зьвестак, намінальна налічаны сярэднямесячны заробак склаў сёлета ў першым паўгодзьдзі 3,1 мільёна рублёў. Вышэйшы ён у Рэчыцы, горадзе нафтавікоў — 3,8 мільёна. А вось у Кармянскім, Лоеўскім, Акцябрскім раёнах — у межах 2,1–2,3 мільёна рублёў, што адпавядае 265–280 далярам.

Рэальныя заробкі, аднак, яшчэ ніжэйшыя. Гаворыць даярка Марыя зь вёскі Стараград Кармянскага раёну, якая працуе ў мясцовым філіяле АТ «Карма-Аграсэрвіс»:

«Трохразовая дойка, у кашары доім. Ежджу за 7 кілямэтраў на ровары. І заробак — сёньня патэлефанавалі ў „Карма-Аграсэрвіс“, там сказалі — мільён 900 тысяч. Але гэта яшчэ „бруднымі“. Вылічаць падаходныя, прафсаюзныя, пэнсійныя, і атрымаецца дзесьці мільён 700 тысяч. Во й жыві».

«Мы і мільён рублёў ня можам зарабіць»

Спадарыня Натальля з гэтага ж сельгаспрадпрыемства ўсю ўборачную кампанію рабіла на збожжатоку:

«На збожжатоку мы й мільён ня можам зарабіць. Расцэнак ня ведаем, за што й як мы працуем. Такі эканаміст у нас, зрэзаў поўнасьцю расцэнкі. Калі ж ня будзеш працаваць, то жытло могуць адабраць. І дзяцей жа неяк трэба адзяваць, абуваць, карміць. А вось за мільён я ня ведаю — як? Паехалі ў райцэнтар дабівацца, пытаць, чаму мала плацяць. Нам адказалі: вы ня ўмееце працаваць. Вось і ўсё».

У прамысловасьці заробкі вышэйшыя, чымсьці ў працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Але й тут больш дбаюць не пра рэальныя, а пра намінальныя даходы. Начальства нават раіць рабочым гаварыць правяральнікам няпраўду.

«Цяжкая прафэсія, а заробак — ад 1,5 мільёна рублёў да 4-х, ня болей»

Апавядае рабочы ААТ «Гомельшкло»:

«Сказалі людзям, каб яны гаварылі, што зарплата ў нас па 7 мільёнаў».

Рэальныя заробкі ў працаўнікоў «Гомельшкла» зусім іншыя:

«Ад паўтара мільёна да чатырох мільёнаў — такія заробкі на шклозаводзе. Пачынаючы ад слесараў-сантэхнікаў, электрыкаў і да цяжкай працы са шклом, дзе гарачая сетка — рэзчыкаў шкла, якія стаяць на працэсе. Здымаюць яго і ўсё такое — цяжкая прафэсія. Каля 4 мільёнаў — такі ў іх заробак».

Высокія сярэднія паказчыкі бяруцца, калі статыстыка складае разам заробкі рабочых і начальнікаў. Да прыкладу, генэральны дырэктар ВА «Гомсельмаш» Валер Жмайлік, які балятуецца кандыдатам у дэпутаты па выбарчай акрузе № 32, задэкляраваў свой прыбытак за мінулы год у памеры 260 мільёнаў. Выходзіць, што ягоны месячны даход склаў 21,6 мільёна рублёў.

Памочнік прэзыдэнта, галоўны інспэктар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка, нядаўна зьняты з пасады, таксама балятуецца ў дэпутаты. За той жа мінулы ён год меў даход у памеры 80 мільёнаў рублёў.
Эканаміст Міхал Залескі: «Высокія заробкі — гэта фікцыя за кошт маніпуляваньня й піяршчыны»

Міхал Залескі ўдакладняе:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Я шмат разоў паўтараў, што ў Беларусі абсалютна рэальна выплачваць заробак у 500, 1000 альбо 2000 ці нават 5000 даляраў... Але для гэтага трэба рэальна выйсьці на ўзровень, да прыкладу, рэальнай самаакупнасьці сельскай гаспадаркі ці рэальнай самаакупнасьці жыльлёва-камунальнай гаспадаркі... Мы будзем атрымліваць 2000 даляраў у месяц, плаціць за кватэру 700 даляраў, плаціць за ежу ў 5 разоў больш, чым зараз, і «выдатна жыць» — то бок горш, чым зараз... Але гэта ўсё — фікцыі розуму.

Мяне цікавіць як спажыўца: колькі за свой заробак я змагу купіць ежы, вопраткі, бэнзіну ці яшчэ чаго? Вось што галоўнае, а ня гэтыя «голыя» 500 ці яшчэ колькі даляраў.


Карэспандэнт: «Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты „Свабоды“ ўжо называлі прыклады таго, як можна павялічыць заробак і за кошт чаго. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

«Заробак расьце за кошт крэдытаў. Няма ў гэтых прадпрыемстваў абаротных сродкаў і нічога каштоўнага яны не вырабляюць, каб плаціць такія высокія заробкі. Гэта ўсё — фікцыя за кошт маніпуляваньня, піяршчына нейкая, і ніякага дачыненьня да эканомікі ня мае...

Ва ўсім сьвеце заробкі плацяць працадаўцы, зыходзячы з таго, чаго й колькі вырабілі працаўнікі. А ў Беларусі з гэтым атрымліваецца нейкая гульня...

Карэспандэнт: «У прыклад напрошваецца сельская гаспадарка, дзе зараз зьбіраюць нібыта вялікі ўраджай збожжа, бульбы, цукровых буракоў ды іншага... Але ж спэцыялісты кажуць, што калі ўсё разам прадаць, то ў большасьці сельскіх гаспадарак атрыманага прыбытку ня хопіць нават, каб дажыць да наступнага ўраджаю...»

«Якое-небудзь сельгаспрадпрыемства, да прыкладу, „Апошні шкворань“, што яно можа заплаціць? У іх „вош на аркане й вецер у кішэні“. Цяпер наша сельская гаспадарка мае дэбіторскую запазычанасьць у 17 разоў меншую за крэдыторскую. І што ў такім разе яна можа заплаціць сваім працаўнікам?! У цяперашняй сытуацыі прыгадваюцца словы знакамітай расейскай песьні „Окурочек“: (Юз Аляшкоўскі, рускі пісьменьнік, паэт й бард)

Проиграл я и шмутки, и сменку,
Сахарок за два года вперед.
Вот сижу я на нарах, обнявши коленки, —
Мне ведь не в чем идти на развод.

Вось і ўсё пра нашага героя Лукашэнку...»
XS
SM
MD
LG