Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Драздоў: «Міліцыянты гатовыя страляць — гледзячы па абставінах»


Генадзь Драздоў
Генадзь Драздоў

Тры мільёны штрафу атрымаў у Смаргонскім судзе мастак Генадзь Драздоў. Так скончылася для яго ўшанаваньне памяці арганізатара мясцовага антыкамуністычнага падпольля Расьціслава Лапіцкага, прыгаворанага да найвышэйшай меры пакараньня ў 1950 годзе.

Пра суд над мастакамі і шчырыя размовы са смаргонскімі міліцыянтамі творца расказаў у «Вольнай студыі».

— Спадар Генадзь, судзьдзя Людміла Пятрова кваліфікавала вашыя дзеяньні як несанкцыяваныя пікет і шэсьце. А вы самі як можаце назваць тую акцыю, якую вы зладзілі ў Смаргоні разам з мастакамі Алесем Пушкіным і Валянцінам Варанішчам?

— Гэта акцыя, безумоўна, была хрысьціянская — выключна як ушанаваньне памяці Расьціслава Лапіцкага. Кожны народ мае сваіх герояў, або мусіць мець іх, у нас іх таксама вельмі шмат. І Лапіцкі — адзін зь іх. Мы вырашылі, што сёлета паедзем і закажам у царкве паніхіду па ім, бязьвінна расстраляным чалавеку. Кожны з мастакоў павінен быў напісаць яго партрэт, прывезьці яго ў Смаргонь, асьвяціць у царкве і потым з гэтым партрэтам прайсьціся па горадзе — той дарогай, па якой, магчыма, Расьціслава Лапіцкага везьлі на расстрэл у 1950 годзе. У царкве ў нас аніякіх праблемаў не было. Айцец Анатоль сустрэў нас вельмі ветліва, хоць гэта расейскя царква, а я сам прыхільнік Беларускай аўтакефальнай царквы. Мы патлумачылі сьвятару, хто такі Лапіцкі. Па-першае, ён — сын праваслаўнага сьвятара, хрысьціянін, па-другое, бязьвінна расстраляны камуністычным рэжымам. І сьвятар не адмовіў у паніхідзе. Трэба сказаць, што ўшанаваньне Расьціслава Лапіцкага на Смаргоньшчыне адбывалася не ўпершыню. Мясцовы мастак Валянцін Варанішча кожны год на дзень яго народзінаў ставіў памятныя крыжы, якія на наступны дзень зьнікалі. Мы пасьля адсідкі на наступны дзень усталявалі памятны крыж, і ён стаіць па сёньняшні дзень. І я думаю, што гэта — пераможны вынік. Гэта сьведчыць аб тым, што ўлады задумаліся, ці варта пасьля таго, як царква асьвяціла гэты крыж, выкідваць яго на сьметнік, браць на сябе грэх.

— Смаргонскім міліцыянтам ці не ўпершыню давялося затрымліваць мастакоў. Яны ўсьведамлялі, хто вы і дзеля чаго прыехалі ў іхны горад?

— Безумоўна, міліцыянты разумелі, што ў Смаргонь прыехалі знакамітыя мастакі, аніякіх крымінальных правапарушэньняў яны не ўчынялі, не было зь іх боку абразаў улады. Нам можна было проста ўручыць позвы і адпусьціць дадому. Не, нас вырашылі затрымаць. Пакуль нас дапытвалі, у пастарунак прывозілі шмат наркаманаў, алькаголікаў і адразу адпраўлялі дадому, уручыўшы позвы ў суд. А нас суткі пратрымалі ў каталажцы. Хто там пабываў, разумее, як улада зьняважліва ставіцца да свайго народу, у якіх жудасных умовах яна трымае людзей.

— Вам прысудзілі немалы штраф — 3 мільёны рублёў. Ці намераныя вы яго сплачваць, ці будзеце дамагацца адмены прысуду?

— Безумоўна, гэта максымальны прысуд. Безумоўна, гэта парушэньне ўсіх нормаў. І безумоўна, я буду гэта аспрэчваць, падаваць касацыйную скаргу. Падчас суду адбылося шмат працэсуальных парушэньняў, на якія я ўказваў судзьдзі Людміле Пятровай, але яна не адрэагавала. Было відно, што яна працуе па званках зьверху, не зьвяртаючы ўвагі на грубыя парушэньні заканадаўства. Сама судзьдзя сама парушала... Таму будуць скаргі і ў бок яе, і ў бок міліцыянтаў, якія прымалі неадэкватныя меры пры затрыманьні нас.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Калі мы сядзелі і адпачывалі ў парку каля помніка Багушэвічу, да нас двойчы
Алесь Пушкін запатрабаваў, каб міліцыянт, які зьвяртаўся да яго, гаварыў па-беларуску. Тройчы паўтарыў сваё патрабаваньне — безвынікова ...

падыходзілі міліцыянты. Паглядзелі нашыя працы, спыталі нашыя адрасы, мы прадставіліся, не было аніякіх праблемаў. Яны нават пажадалі нам добрага адпачынку. А потым, відаць, ім патэлефанавалі і загадалі нас затрымаць. Калі мы пачалі рухацца, на ціхай вуліцы да нас пад’ехалі 3 машыны, і пачалося затрыманьне. Алесь Пушкін запатрабаваў, каб міліцыянт, які зьвяртаўся да яго, гаварыў па-беларуску. Тройчы паўтарыў сваё патрабаваньне — безвынікова. Тады Алесь проста замаўчаў і стаў — з іконай зьверху і з абразом на шыі. Мы, праўда, усе пайшлі ў машыну. А Пушкін стаяў. Супраць яго пачалі ўжываць сілу, надзелі кайданкі, потым павалілі на зямлю — ён не сказаў ні слова. Паколькі ён вялікі і цяжкі, пагрузіць яго ў машыну было вельмі няпроста. Прыехала яшчэ адна машына — чацьвёртая, і чалавек дзесяць спрабавалі яго туды пагрузіць. Потым гэтак жа даставалі Пушкіна з машыны і вялі ў пастарунак. Мне здаецца, што міліцыянты зрабілі для сябе выснову, што больш з гэтымі хлопцамі зьвязвацца ня варта. Яны больш-менш нармальныя людзі, самі казалі нам: «Хлопцы, выбачайце. Нам загадалі зьверху».

— Як вы лічыце, хто мог аддаць загад на вашае затрыманьне?

— Безумоўна, КДБ зь Менску. Кадэбісты прыяждалі і займаліся гэтым пытаньнем.

— Вы іх бачылі?

— Мы іх ня бачылі. Яны ніколі не паказваюцца. Яны, як правіла, працуюць з-за сьпіны.

— Патлумачце яшчэ такую рэч. Магчыма, гэта нейкія юрыдычныя нюансы, незразумелыя звычайнаму чалавеку. Чаму судзьдзю вельмі цікавіла, як мастакі ставілі свае карціны каля помніка Багушэвічу, як несьлі іх па вуліцы?

— Судзьдзі абавязкова трэба было прышыць нам несанкцыяванае пікетаваньне і шэсьце. Мы ж казалі, што прыйшлі адпачыць у парк, і ставілі працы так, каб іх не пашкодзіць. Ля помніка былі камяні, працы ж тварам да камянёў не паставіш — можна падрапаць. І несьлі мы іх так, каб было зручна — хто на шыі, хто ў руках адкрыта, хто пад пахай. Мы свае творы ні ад каго не хавалі, несьлі адкрыта. Няма ніякіх нарматыўных актаў, дзе было б напісана, як трэба несьці карціны па горадзе. Паводле якога заканадаўства судзьдзя зрабіла выснову, што мела месца шэсьце? Мне гэта незразумела.

— Наколькі я ведаю, вы — чалавек законнапаслухмяны і раней на лаву падсудных не траплялі. Якое ў вас склалася ўражаньне ад суду ў Смаргоні над вамі і вашымі паплечнікамі?

— Было адразу бачна, што ўсё робіцца па тэлефанаваньні зьверху, кожнаму ўжо
Міліцыянт Грушэвіч, які пісаў мне пратакол, выказваў сваю незадаволенасьць гэтай уладай, што супраць нас прымаюцца такія меры, але ён казаў: «Ведаеце, у мяне двое дзяцей, і я хачу, каб яны былі сытыя і забясьпечаныя» ...

загадзя было вызначана пакараньне. Нам было сказана — калі хочаце, калі ў вас ёсьць сродкі, наймайце адваката, калі няма — абараняйце сябе самі. Суд адбываўся, сьведкі выклікаліся, хадатайствы рабіліся, нейкія зь іх задавальняліся... Стваралася бачнасьць суду. Пасьля таго, як нас адпусьцілі, мы нармальна пагаварылі з міліцыянтамі. Я ім кажу: «Хлопцы, зноў вы на ўвесь сьвет праславіліся». А яны: «Ці ж нам упершыню». І адкрыта расказалі, што быў званок, было патрабаваньне перапісаць па-новаму пратакол, каб інкрымінаваць адразу два артыкулы — пікетаваньне і шэсьце. Ніхто гэтага не хаваў. Міліцыянт Грушэвіч, які пісаў мне пратакол, выказваў сваю незадаволенасьць гэтай уладай, што супраць нас прымаюцца такія меры, але ён казаў: «Ведаеце, у мяне двое дзяцей, і я хачу, каб яны былі сытыя і забясьпечаныя». Я ў яго толькі спытаўся: «А калі загадаюць расстрэльваць?». І пачуў у адказ: «Будзем глядзець па абставінах».

— Як таго Лапіцкага...

— Так. І тут вельмі важна падкрэсьліць, што тая ўлада, якая расстрэльвала Лапіцкага, таксама прымала неадэкватныя меры. Яго ж расстралялі толькі за тое, што ён разьвешваў антыкамуністычныя ўлёткі. Нічога больш яны не рабілі, гэта былі практычна дзеці — 14, 16, 18 гадоў. І толькі Расьціслава Лапіцкага расстралялі. Астатнім давалі розныя тэрміны — па 5, 10, 25 гадоў. Сёньняшняя ўлада — спадчыньніца той улады. Што яшчэ цікава, калі мы трапілі ў Смаргонскі РАУС, міліцыянты іранізавалі: «Ну што, прыехалі падзарабіць грошай? За 300 эўра і мы зрабілі б тое самае».

— Яны лічылі, што вы за сваю акцыю атрымалі па 300 эўра?

— Так. Я павінен адзначыць, што ні за гэтую акцыю, ні за ўсе астатнія асабіста я ніколі ніякіх грантаў не атрымліваў. І ў Смаргонь мы прыехалі за свае сродкі. У той жа час я назіраў, як маладыя, гадоў па 25, міліцыянты прыяжджалі ў РАУС на крутых прыватных машынах. Атрымліваецца, што гэтая сыстэма вучыць іх абкрадваць беларускі народ і прыгожа жыць за яго кошт. Сыстэма бароніць сваіх людзей, і тыя павінны ў свой час адплаціць ім тым жа самым.

— Ці чакалі вы нейкай падтрымкі ад афіцыйнага Саюзу мастакоў, чальцамі якога зьяўляецеся ўжо шмат гадоў?

— Я не чакаў аніякай падтрымкі і не хацеў бы сюды ўмешваць Саюз мастакоў, паколькі гэта была наша прыватная ініцыятыва. Саюз мастакоў да акцыі ў Смаргоні ня мае аніякага дачыненьня. І я не хацеў бы, каб гэты меч апусьціўся на ўсіх астатніх сяброў нашага саюзу.

— Гісторык Міхась Чарняўскі ў адной з «Вольных студый» назваў Расьціслава Лапіцкага «героем будучай Беларусі». А хто ён для вас, гэты юнак, які ва ўзросьце 22 гадоў сьвядома пайшоў на сьмерць?

— Ён для мяне адназначна нацыянальны герой. Сёньня ў мультыкультуральным грамадзтве навязваюцца пэўныя глябальныя ідэалёгіі, якія працуюць у такіх вялікіх краінах, як Амэрыка, Кітай, Расея. А Беларусі гэта можа нанесьці непапраўную шкоду. Мы павінны адстойваць свае нацыянальныя каштоўнасьці. Таму такія героі, як Расьціслаў Лапіцкі, Вінцэнт Гадлеўскі, Кастусь Каліноўскі для мяне проста прыклад і ўзор, на іх сёньня павінны раўняцца ўсе беларусы, у тым ліку і ўся апазыцыя, якая апусьцілася сёньня да ўзроўню мышынай валтузьні ў інтэрнэце. Калі ты апазыцыянэр, выйдзі і зрабі нейкую мужную акцыю, якой вымагае сытуацыя. Сёньняшняе беларускае кіраўніцтва абрала канкрэтны шлях на вынішчэньне нашай культуры, нашай гісторыі, нашай нацыянальнай сьвядомасьці. А без нацыянальнай праграмы нацыя існаваць ня можа. Таму такія героі, як Лапіцкі, для нас сёньня вельмі важныя. Малады хлопец, які разумеў, на што ён ідзе, чым рызыкуе. Ён ахвяраваў сваім жыцьцём, сваёй будучыняй, сваёй кар’ерай дзеля будучыні нашай краіны і народу.

— Пачынаючы зь мінулага году вы ачольваеце суполку мастакоў «Пагоня». Якою вам бачыцца яе актуальная задача?

Адразу бачна, што за расейскія танныя нафту і газ мы ахвяруем нашай гісторыяй, нашай культурай, нашай мовай, што для мяне непрымальна ...

— У сёньняшніх умовах гэта, безумоўна, адстойваньне нашых нацыянальных каштоўнасьцяў. Вось я часам слухаю дзяржаўны радыёканал «Культура». Дык там беларускае мастацтва пачынаецца з Пэна і Шагала. Я люблю Шагала, але і да яго былі мастакі. Атрымліваецца, што беларускае мастацтва для «Культуры» не існуе. А БТ у нас амаль цалкам расейскамоўнае. Як можна такое цярпець? Адразу бачна, што за расейскія танныя нафту і газ мы ахвяруем нашай гісторыяй, нашай культурай, нашай мовай, што для мяне непрымальна. Таму я бачу місію суполкі «Пагоня» ў тым, каб адстойваць нацыянальнае. І тут не абысьціся без супрацьстаяньня з той уладай, якая вынішчае ўсё беларускае. Мы ніякім чынам не супрацоўнічаем зь ёй і, наколькі магчыма, будзем супрацьстаяць гэтай навале.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG