Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з чэргамі на жыльлё.

Ён загадаў выявіць нядобрасумленных грамадзянаў, якія скарысталі дзяржаўную падтрымку на будаўніцтва часта не адной кватэры, а пасьля здаюць іх у арэнду ці прадаюць. Лукашэнка заявіў, што з такімі ўласьнікамі размова павінна быць кароткая — канфіскацыя нерухомасьці. Тым часам экспэрты нагадваюць: у пагоні за паказьнікамі ўлады самі стварылі ўмовы для масавага крэдытаваньня пад будаўніцтва жыльля.

Дакладваючы прэзыдэнту пра сытуацыю ў эканоміцы і ў будаўнічай галіне ў прыватнасьці, прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч паведаміў, што ў 2013 годзе на жыльлёвае будаўніцтва аб’ёмы будуць павялічаныя ў 1,5 раза — да 2,4 мільярда даляраў. Аднак Лукашэнка перапыніў старшыню ўраду літаральна на паўслове, загадаўшы замарозіць пляны да таго часу, пакуль ня будзе высьветлена: хто будуе нерухомасьць на ільготных умовах, а потым на гэтым яшчэ і нажываецца? «Імем рэвалюцыі» акрэсьліў і скрайні тэрмін рэвізіі — красавік наступнага году:
Ні капейкі грошай не даваць, кватэраў не даваць, пакуль не ўдакладненая будзе чарга ...

«Ні капейкі грошай не даваць, кватэраў не даваць, пакуль не ўдакладненая будзе
чарга. Дабудуйце тое, што сёньня ёсьць, каб мне лісты не пісалі людзі кожны дзень. Дабудуйце тое, што абяцалі, і тое праверце — каму вы пабудавалі? Хто там здае — не здае, хто ў арэнду пасьля гэтага аддае жыльлё. Здаў у арэнду — забярыце ў яго кватэру. Майце на ўвазе: да красавіка месяца ўсё прасеяць, усё выверыць. А потым выбаркова ўзяць і праверыць. І пасьля гэтага размова кароткая з тымі, хто гэта рабіў. Вось у нас ёсьць людзі, мы па пераліку іх вызначылі. Атрымаў гэтую падтрымку, атрымаў кватэру — ідзі жыві. Гэта шматдзетныя, вайскоўцы і г.д. Усё: разводзься, не разводзься — табе грошай ня будзе. Трэба паправіць закон».

Лукашэнка ўдакладніў, што няма чаго шкадаваць тых, хто пабудаваў сабе другую ці трэцюю кватэру і зарабляе ад здачы жыльля па 300–500 даляраў штомесяц. Міхаіл Мясьніковіч пагадзіўся: праверкі дагэтуль выяўляюць факты незаконнага распараджэньня дзяржаўнай падтрымкай, калі збудаваныя кватэры перапрадаюцца ці здаюцца ў арэнду.

Паводле афіцыйных зьвестак Менгарвыканкаму, дзьве кватэры ва ўласнасьці маюць больш за 55 тысяч менчукоў, тры — амаль 5,5 тысячы чалавек, чатыры — 740, пяць — 170, шэсьць — 140. Аднак чыноўнікі ня могуць дакладна сказаць, колькі грамадзянаў з гэтага ліку ўзьвялі жыльлё зь дзяржаўнай падтрымкай.Пагатоў нарматыўныя акты, якія існавалі да нядаўняга часу, не забаранялі будаваць жыльлё з прыцягненьнем ільготных крэдытаў, што пры наяўнасьці сродкаў дазваляла людзям будаваць па некалькі кватэраў.

Эканаміст Сяргей Балыкін лічыць, што абвінавачваць грамадзянаў у нямэтавым выкарыстаньні ільготных крэдытаў не выпадае. Найперш, самі ўлады стварылі ўмовы для злоўжываньняў на рынку нерухомасьці. Па-другое, у цывілізаваным сьвеце праблема сацыяльнага жыльля вырашаецца інакш:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Шчыра кажучы, дзяржава сама стварыла такую сытуацыю, і гэта цалкам вынік такой палітыкі — даступных ільготных крэдытаў і магчымасьці атрымаць жыльлё ва ўласнасьць. На мой погляд, сацыяльнае жыльлё ня трэба будаваць за крэдыты, яго ня трэба перадаваць ва ўласнасьць, а трэба перадаваць паводле дамоваў найманьня ці арэнды. Неабходна будаваць, як у цывілізаваным сьвеце, шматпавярховыя муніцыпальныя дамы і здаваць кватэры ў такіх дамах за невялікія кошты паводле ўжо згаданых дамоваў. Але зараз махаць шашкай позна: дзяржава сама стварыла такія ўмовы, і цяпер казаць людзям, што вы ня так выкарыстоўвалі нашы законы, нельга. Таму што гэта ўлады пісалі такія законы і пакідалі там такія вось дзіркі. Адпачатку ня вельмі разумна было праводзіць такую жыльлёвую палітыку, каб кожны набываў на ільготных умовах кватэры ва ўласнасьць».

Ня так даўно віцэ-прэм’ер ураду Анатоль Калінін тлумачыў, што мэханізмы і тэрміны рэгістрацыі жыльля дазвалялі будаваць як мінімум тры кватэры цягам пяці гадоў без афармленьня паўторных даведак. Апроч таго, ранейшыя нормы дазвалялі станавіцца на ўлік тым, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да росту чаргавікоў на тле рэзкага павелічэньня аб’ёмаў будаўніцтва. У выніку, словамі Калініна, чарга з тых, хто мае патрэбу, ператварылася ў чаргу па дзяржаўную падтрымку. І прывёў прыклад: у амаль 5-мільённым Санкт-Пецярбургу на чарзе стаяць 190 тысяч сем’яў, а ў менш чым 2-мільённым Менску — больш за 270 тысяч.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка выступіў яшчэ з адной ініцыятывай, якая тычыцца ўтрыманьня жыльля. На яго перакананьне, насьпела рэальная патрэба дыфэрэнцыяваць аплату за камунальныя паслугі, калі заможныя павінны плаціць у разы болей за бедных:

«Давайце зробім так: багаты чалавек 120–150% хай плаціць камунальныя выдаткі. А бедны чалавек, зь якога ўзяць сёньня няма чаго, — 25–30%. І мы вырашым праблему. Але вы нават ня зрушыліся ў гэтым кірунку ва ўрадзе, таму што думаеце, што і вам жа трэба будзе — вы ж ня бедныя людзі — 120% плаціць. Але вы вычленіце, няхай дзесьці хібнасьць дапусьціце: багаты чалавек не павінен плаціць 25% ці 30% камунальных. Вы да яго прыйдзіце і скажыце: ты мусіш заплаціць столькі і столькі. А то ў нас у кабінэце вырашылі чохам усё: бабах — плаці. Мы ж не прывыклі дыфэрэнцыявана працаваць».

Паводле праекту ўрадавай праграмы, ухваленай кіраўніком краіны, да 2015 году ўсё насельніцтва Беларусі мусіць выйсьці на 100-працэнтны паказьнік аплаты камунальных паслугаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG