Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фасад зіхаціць, а за фасадам — бруд і смурод...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 12 верасьня 2012 году

У пошце «Свабоды» ў гэтыя верасьнёўскія дні пераважае выбарчая тэматыка. Улада заклікае да ўдзелу ў галасаваньні, якое пачнецца ўжо празь некалькі дзён. Тым часам многія апазыцыйныя палітыкі агітуюць за байкот, аргумэнтуючы сваю пазыцыю тым, што ўмоў для свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі няма, а імёны пераможцаў гэтай кампаніі можна назваць ужо сёньня.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на тэму магчымых наступстваў выбарчай кампаніі. Наш слухач і даўні аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў піша:

«Колькі людзей можа выйсьці ў Менску на вуліцу на заклік апазыцыі, каб пратэставаць супраць сфальшаваных выбараў? Тысяч дзесяць, ня болей. Інакш кажучы, кожны тысячны зь беларусаў, адна дзясятая доля працэнта. Вось вам колькасьць людзей, якія па-сапраўднаму заклапочаныя адсутнасьцю дэмакратыі ў краіне. У сапраўднасьці 99 працэнтаў беларускага насельніцтва па-ранейшаму далёкія ад стандартаў чэскай вестэрнізаванасьці і польскага патрыятызму.

Але што цікава: пры гэтым рынкавая эканоміка ў Беларусі сяк-так працуе і разьвіваецца — няхай і на кітайскіх падыходах ды прынцыпах (рынак без дэмакратыі). Прычым, адрозна ад дыктатуры СССР, у сёньняшняй аўтарытарнай Беларусі любы ахвотны можа свабодна выехаць з краіны — хоць у Марсэль ці Амстэрдам.

Несьвядомае насельніцтва ня бачыць грандыёзнага злачынства ў тым, што Лукашэнка праз сваю адданую Ярмошыну пазбаўляе народ гэтай, так бы мовіць, „сьвятыні“ — заходняй дэмакратыі. Тым больш што з пачатку
2012-га году ўлада кінула сабаку костку — падлатала эканамічны правал мінулага году. Таму я ня думаю, што наш народ будзе моцна абурацца з прычыны верагодных фальшаваньняў на выбарах. Нічога ж новага ў гэтым няма: проста Лукашэнка бэйсбольнай бітай адганяе ад тэрыторыі Беларусі заходнюю дэмакратыю».

Так, спадар Алесь, ён — з бэйсбольнай бітай, а да яго тым часам многія спрабуюць падысьці з шахматамі ці тэніснай ракеткай. І потым вельмі зьдзіўляюцца: чаму ж не атрымліваецца гульня? Хоць тую біту ён з рук ніколі за васямнаццаць год не выпускаў і ва ўсе прапанаваныя ці навязаныя яму гульні нмагаўся гуляць менавіта ёй. Гэтак жа будзе і на верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбарах — ілюзіі на гэты конт захоўваюцца хіба што ў самых безнадзейных аптымістаў.

З тэмай выбараў цесна зьвязвае многія сацыяльныя праблемы свайго гораду наш даўні слухач і аўтар Ігар Пасноў — дзіцячы доктар зь Віцебску. У сваім новым лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Вось і зноў пара „выбіраць“. Слова „выбіраць“ знарок бяру ў двукосьсе. Бо ўсе ведаюць, якія ў нас выбары. Улада разьлічвае, што ўсе дружна калі не прагаласуюць, дык прамаўчаць. Бо як жа: наўкол росквіт, у цэнтры гораду ўсё зіхаціць — ліхтары, ілюмінацыя, тратуары, параходзікі на Дзьвіне. Але ж гэта — толькі фасад. Зазірніце за яго. У цэнтры Віцебску — 500 баракаў, фактычна не прыдатных для жыцьця. Сапраўднае віцебскае гета: бруд і смурод. (Гэта вуліцы Чапаева, Міру, Лазо ды іншыя.) А ў гэты ж час і без таго моцныя цагляныя дамы ўцяпляюць і фарбуюць.

Галасуючы за так званую „квітнеючую“ Беларусь, мы галасуем за бальніцы і дзіцячыя паліклінікі, якія ляжаць у руінах. Інфэкцыйная бальніца ператворана ў сапраўдную даліну разрухі і ўбоства. Многія будынкі наскрозь праедзеныя плесьняй і грыбком гэтак жа, як наш аблвыканкам праедзены карупцыяй. (Нагадаю, намесьніка старшыні аблвыканкаму Кавалёва вывелі пад белы ручкі за хабар і цяпер ціха судзяць у Менску.)

У свой час пабудавалі фэрмы з малакаправодамі. Цяпер дэмантуюць, каб перарабіць на даільныя залі. І навошта гэтыя супэр-комплексы пры вёсачках, у якіх засталося па дзьве-тры працаздольныя сям’і? Адкуль будуць браць сена? Вазіць за сотні вёрст? Словам, ідзе грабежніцкае расьцягваньне бюджэту. Таму і заробкі такія: дактары ды настаўнікі з
20-гадовым стажам атрымліваюць па паўтара-два мільёны рублёў.

„Людзі, будзьце пільныя!“ — кажу словамі Юліюса Фучыка, чэхаславацкага антыфашыста, які папярэджваў нас з гестапаўскай турмы. Трэба зьняць каляровыя акуляры, гвалтам начэпленыя на нас цяперашнімі цудатворцамі, ды ўбачыць усю праўду — бяз штучных упрыгожаньняў ды бірулек. А рэальнасьць такая, што наўкол ня толькі бляск, але і галеча нашага шматпакутнага краю, які сядзіць у глыбокай сацыяльнай яме»
.

Адносна згаданага Вамі, спадар Ігар, былога намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Леаніда Кавалёва, які адзін час узначальваў увесь пралукашэнкаўскі моладзевы саюз — БРСМ. На мінулым тыдні Менскі суд за хабар у асабліва буйным памеры асудзіў яго на 7 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле амністыі год скасавалі, так што на волю былы высокі функцыянэр павінен выйсьці праз шэсьць гадоў.

Наш слухач Антон Каласоўскі з Горадні быў абураны прысудам, які вынес нарвэскі суд тэрарысту Брэйвіку. Нагадаю, забойцу, які зьнішчыў каля сотні людзей, пакаралі 21 годам пазбаўленьня волі. Гэты тэрмін злачынца будзе адбываць ва ўмовах, якія па беларускіх мерках могуць лічыцца камфортнымі. Антон Каласоўскі з гэтай нагоды піша:

«Такога вырадка трэба было адразу зьнішчыць, труп спаліць, а попел высыпаць у кантэйнэр з радыеактыўнымі адкідамі і захаваць недзе далёка-далёка... А гэты вырак і гэтыя ўмовы ўтрыманьня (спартзаля, спальня і кабінэт з кампутарам) — гэта проста глумленьне над памяцьцю забітых, цынічнае, пагардлівае стаўленьне так званага свабоднага (чытай — буржуазнага) сьвету да чалавечага жыцьця, дый наогул — да цывілізацыі. І чым у такім разе гэты так званы дэмакратычны рэжым адрозьніваецца ад рэжыму Лукашэнкі? Рэжым Лукашэнкі трымае ў нечалавечых умовах ні ў чым не вінаватых людзей, а рэжым буржуазны мала таго, што пакідае забойцу жыцьцё, дык яшчэ і ўтрымлівае адмарозка як ВІП-пэрсону... У абодвух выпадках ёсьць агульнае: цынічнае стаўленьне да людзей наогул.

...Які лямант паднялі вакол піяршчыц з Масквы, якія зьдзейсьнілі д’ябальскі танец у царкве! Маўляў, як так, у свабодным сьвеце ўсё можна! А іх і ня трэба было судзіць — а выслаць пажыцьцёва ў Туруханскі край — і няхай там скакалі б перад мядзьведзямі і пілавалі лес, а не крыжы...

Ну, а Брэйвік, напэўна, хутка выдасьць мэмуары. У „свабодным“ жа сьвеце ўсё можна: і бізнэс на мёртвых, і бізнэс на жывых. Ніякая мараль ня стрымлівае. Абы толькі ўхапіць як мага болей, урваць ад іншых»
.

Не пагаджуся з вамі, спадар Антон, калі вы праводзіце паралелі паміж рашэньнем нарвэскага суду ў справе Брэйвіка і сьмяротным прысудам Кавалёву і Канавалаву, вынесеным судом беларускім (прычым яўна не без уплыву пазыцыі прэзыдэнта Лукашэнкі). Гэта якраз два супрацьлеглыя, палярныя падыходы да гуманістычных каштоўнасьцяў, да ацэнкі чалавечага жыцьця.

У Нарвэгіі (як і ў многіх іншых эўрапейскіх краінах) на розных гістарычных этапах практыкаваліся вельмі розныя падыходы да гэтай праблемы. Усялякае было: і ведзьмаў на кастрах палілі, і рукі злодзеям адсякалі, і на шыбеніцах за забойства вешалі, і расстрэльвалі... Але вось жа ў выніку прыйшлі да таго, што суровае пакараньне зусім не засьцерагае ад страшных злачынстваў, што ў інтарэсах грамадзкай маралі — якраз гуманны падыход.

Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, якая адмаўляецца ўводзіць мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ці зрабіла гэта яе больш бясьпечнай? Ці ўратавала ад жорсткіх забойстваў, бандытызму, згвалтаваньняў ды іншых цяжкіх злачынстваў?

На заканчэньне — новы ліст ад нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў, што на Віцебшчыне. Гэтым разам слухач дзеліцца назіраньнямі і развагамі наконт вясковай працы. Цытую ліст:

«Седзячы ў чарзе ў паліклініцы, разгаварыўся зь невялічкага росту мужчынам год 50 з моцна загарэлым тварам. Па ўсім было відаць, што ён — вясковы жыхар. І я не памыліўся: чалавек гэты — калгасны пастух. Вось ягоны маналёг.

„Працую пастухом, суткі праз суткі. Атрымліваецца 15 сутак на месяц. Раней плацілі мільён, цяпер — тры. Хто падумае: што там рабіць, сядзі сабе на сьвежым паветры, каровы ходзяць спакойна за дротам (маецца на ўвазе так званы „электрапастух“), нікуды ня пойдуць. Ого, бывае, што пабегаць яшчэ як даводзіцца! Хоць і ток, але ўсё роўна каровы, бывае, дрот парвуць уначы ды па кустах разыдуцца. Раніцай набегаесься па хмызьняках, пакуль зьбярэш іх да купы — даіць жа трэба. Вунь, гарадзкія, па тэлевізары паказвалі — абы толькі клешч упіўся — адразу ў шпіталь ляцяць: ах, клешч, ах, дастаньце, ах, на аналіз яго, ах, заразны! А я кожны дзень іх па пяць зь сябе выкалупваю! Каб я іх здаваў на аналізы, то ўвесь шпіталь толькі на аднаго мяне працаваў бы! А-а, які там шпіталь, якія там аналізы — працаваць за мяне хто будзе?! А каровы? Яны што, спакойныя ўсе? Так і глядзі, каб каторая на рогі ня ўзьдзела! Усякія выпадкі бываюць. Дый паветра тое сьвежае — то сьпёка, што вытрываць няма як — ты ж не ў цяньку, а на полі, схавацца няма дзе, — то дождж, змокнеш як сабака. Пасьля сутак прыйдзеш — каля сваёй гаспадаркі працы — канца-краю няма! Цяжка...“

Тут падышла мая чарга, і я пайшоў у кабінэт. Наступным у чарзе быў мой vis-a-vis, і таму пагутарыць зь ім больш не давялося.

Ну што, спадары „гарадзкія“ слухачы „Свабоды“, можа, у каго зьявілася жаданьне папрацаваць летам на сьвежым паветры і па некалькі кляшчоў зь сябе павыкалупваць штодзённа? Згаджайцеся — усяго толькі 15 сутак на месяц, або 360 гадзін, за мільён! Не? А за тры мільёны? Таксама няма ахвотных? Шкада, а то б я адрасок даў...»
.

Праца на зямлі, сапраўды, цяжкая, патрабуе шмат высілкаў, часу і, у пэўным сэнсе, самаахвярнасьці. Нялёгкая гэтая праца ня толькі ў Беларусі. Галяндзкую, нямецкую, польскую карову таксама трэба і дапільнаваць на пашы, і своечасова падаіць, і нарыхтаваць сена. Чаму ж праца беларускага пастуха ў нас выклікае спачуваньне і шкадаваньне, а пра пастуха нямецкага, галяндзкага ці нават польскага мы ўвогуле мала што ведаем (хіба тое, што да ліку абяздоленых тамтэйшыя сяляне не адносяцца)? Тут можна шмат казаць і пра тэхналёгіі, і пра сучасную тэхніку, і пра арганізацыю працы... Усё так. Але першаснае тут усё ж — на каго працуе вясковы чалавек, каму належаць гэтая зямля, гэты статак, гэтае атрыманае ў выніку малако і мяса.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG