Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сурвіла – Барадачу: Паўнамоцтвы Рады БНР не падлягаюць падзелу


Герб БНР

Герб БНР

Старшыня БНР Івонка Сурвіла ўдакладніла паўнамоцтвы Рады БНР і выказалася за супрацоўніцтва з арганізацыямі як у Беларусі, гэтак і ў замежжы.

Поўны тэкст артыкула зьмешчаны на афіцыйнай старонцы Рады БНР у Фэйсбуку.

Нагодай для артыкула зьявілася публікацыя былога камандзіра спэцназу, палкоўніка Ўладзімера Барадача на сайце «Беларускі партызан». У сваім артыкуле ён кажа, што «У Эўропе і ЗША існуюць дзясяткі дэмакратычных офісаў, арганізацый, і Беларускіх дамоў, частка зь якіх зьяўляецца нічым іншым, як дублюючым адзін аднаго клюбамі па дробных інтарэсах. Інтарэсы дробныя, але сумы, якія выдаткоўваюцца на іх жыцьцяздольнасьць, вельмі значныя». Барадач, які заявіў пра стварэньне Рады нацыянальнага адраджэньня, зьвяртаецца да Рады БНР «вызначыцца з задачамі, якія зьяўляюцца прэрагатывай Рады. Больш за тое, мы прапануем Радзе ўзяць на сябе адказнасьць за дзейнасьць апазыцыі ў замежжы, структураваць яе, сыстэматызаваць яе працу».

Свой артыкул Уладзімер Барадач скончыў прыгадваньнем ліста да Рады БНР, зьмест якога, аднак, не раскрывае ні ён, ні Івонка Сурвіла ў сваім артыкуле-адказе.

Заявіўшы, што падзяляе шэраг выкладзеных Барадачом у ягоным артыкуле меркаваньняў («хаця зь іншымі і паспрачалася б»), Івонка Сурвіла вызначае яго як «чалавека, адданага беларускай справе не адзін дзень і не адзін год».

Нагадаўшы, што «на працягу дзесяцігодзьдзяў Рада БНР заяўляла на міжнароднай арэне пра сувэрэнныя правы беларускага народа на ўласную дзяржаву», а таксама пра адмову перадаць у пачатку 1990-х свае паўнамоцтвы, чаго дамагаўся ўрад Кебіча, старшыня Рады БНР распавядае пра сёньняшнюю дзейнасьць Рады. Пры гэтым падкрэсьлівае, што «галоўнае змаганьне за Беларусь адбываецца ў самой Беларусі – сіламі тых актывістаў, якія вядуць штодзённую працу і вельмі часта плацяць за гэта сваёй свабодай, як Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч».

Івонка Сурвіла паведамляе, што «Рада БНР не карыстаецца ніякай фінансавай падтрымкай ад заходніх дзяржаў ці арганізацый», а таксама ня мае дачыненьня да разьмеркаваньня грантаў.

«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прадстаўляе сувэрэнныя правы беларускага народа на грунце Акту 25 сакавіка, а не якую-небудзь партыю ці групу партый. Рада БНР зьяўляецца адзіным, непадзельным органам, цалкам адказным за спаўненьне свайго мандату», – піша Івонка Сурвіла.

Рада БНР можа перадаць свае паўнамоцтвы толькі свабодна абранаму воргану ўлады ў Беларусі – калі будзе перакананая, што гэты ворган у стане гарантаваць захаваньне незалежнасьці Беларусі. Такім чынам, паўнамоцтвы і легітымнасьць Рады не падлягаюць ніякаму часткаваму падзелу і часткавай перадачы. Іншымі словамі, Рада БНР ня можа перадаць нейкую частку сваіх статутных функцыяў – воргану ўлады, партыі ці групе асобаў.

Пры гэтым, Рада можа прадаставіць сваю эгіду – напрыклад, для вялікай кааліцыі сілаў, якія абапіраюцца на ідэалы Акту 25 сакавіка, калі такая кааліцыя паўстане з саміх палітычных сілаў у Беларусі. Гэтаксама, Рада можа стварыць экспэртныя групы для выпрацоўкі пэўных прапаноў і рашэньняў ў пэўных галінах, прыцягваючы да гэтага адмыслоўцаў як зь Беларусі, гэтак і з дыяспары» – піша Івонка Сурвіла.

Заявіўшы, што ня ўмешваецца ва ўнутраныя міжпартыйныя канфлікты, старшыня Рады БНР паведаміла, што Рада БНР адкрытая «да супрацоўніцтва – як з арганізацыямі ў Беларусі, гэтак і з тымі, якія створаныя ў замежжы» і выказала намер найбліжэйшым часам «абмеркаваць гэта з Уладзімерам Барадачом і зь іншымі патрыётамі Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG