Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма цікавасьці да выбараў як да палітычнай падзеі»


Сацыёлягі прагназуюць сярэднюю яўку на верасьнёўскія парлямэнцкія выбары ў межах 60%. Яны таксама выказваюць меркаваньне, што ў некаторых акругах, найперш у менскіх, неабходнага кворуму выбарцаў для прызнаньня выбараў можа і ня быць.

За гадзіну, якую карэспандэнт «Свабоды» увечары 11 верасьня правёў каля перадвыбарчага пікету кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валера Ўхналёва і яго давераных асобаў, да нас падышлі ўсяго 12 чалавек. І гэта ў цэнтры Менску, каля прадуктовай крамы па вуліцы Куйбышава.

Людзі сталага веку казалі, што пойдуць выконваць свой грамадзянскі абавязак. Моладзь і людзі сярэдняга веку гаварылі, што ніякім выбарам ня вераць.

Ірына Іванаўна кажа, што яна на пэнсіі ўжо амаль 25 гадоў. Пэнсіянэрка незадаволеная тым, як працуюць дзяржаўныя ўстановы:

«Прыходжу ў райвыканкам к дзевяці гадзінам. Кабінэт, у які мне патрэбна, зачынены. Стаю, чакаю. А палове дзесятай пачынаюць хадзіць — са шклянкамі, цукрам, будуць каву піць. Гэта што такое? Паўгадзіны папрацавалі, а можа нават і наагул не працавалі, параказвалі навіны і давай каву піць».

Галасаваць яна пойдзе. І абяцала, што падтрымае Валера Ўхналёва, але толькі пры ўмове, што ён «навядзе парадак».

Яўген Міхайлавіч, які падышоў да нас пазьней, таксама на пэнсіі. Пытаемся, ці будзе ён удзельнічаць у выбарах?

«Застацца па-за выбарамі, я лічу, гэта нават не прыгожа. Таму будзем галасаваць».

Цікавімся, ці ведае спадар Яўген свайго цяперашняга дэпутата?

«Ня ведаю. І гэта самае дрэннае. І ён мяне ня ведае, і наш раён таксама ня ведае, найхутчэй».

Ухналеў: «А яна, спадарыня Палянская, у вашай акрузе, між іншым, два тэрміны прабыла».

«Значыць, пара мяняць».

Па выніках пікету Валер Ухналёў — намесьнік кіраўніка партыі «Справядлівы сьвет», кандыдат па Коласаўскай 106-й выбарчай акрузе, прызнаў: у грамадзян амаль няма цікавасьці да выбарчай кампаніі.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у размове са «Свабодай» адзначае: гэта — заканамерная зьява:

«Калі займацца дэпалітызацыяй грамадзтва на працягу столькіх гадоў і адвучаць людзей ад рэальнага сэнсу выбараў і ўдзелу ў палітыцы, то нельга чакаць іх актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Па-другое, беларускі парлямэнт ужо цалкам згубіў свой палітычны сэнс. Нельга ж бясконца дурыць людзей, кажучы ім, што гэты орган рэальна функцыянуе. Людзі адчуваюць, што ад дэпутатаў няма карысьці. І таму няма цікавасьці да выбараў як да палітычнай падзеі.

І апошняе — не створана палітычная сытуацыя, у тым ліку і апазыцыяй. Гэту сытуацыю можна было скарыстаць, як палітычную. Але для гэтага не сталася адзінства апазыцыі. Яна не прапанавала людзям іншай формы ператварэньня гэтай бессэнсоўнай падзеі ў падзею палітычную, якая што-небудзь можа зьмяніць».
XS
SM
MD
LG