Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фон Зальцэн: Падрабязнасьці пра трэнінгі беларускай міліцыі замоўчваліся


Кляўдыя фон Зальцэн

Кляўдыя фон Зальцэн

У Нямеччыне працягваецца скандал вакол сувязяў афіцыйнага Бэрліну і Менску. Дэпутатка нямецкага Бундэстагу і ПА АБСЭ ад фракцыі зялёных Марылюіза Бэк накіравала запыт у фэдэральны ўрад, у якім патрабуе цягам аднаго тыдня даць справаздачу адносна паставак у Беларусь узбраеньня для беларускіх міліцэйскіх фармаваньняў, а таксама паставак авіярухавікоў для беларускіх беспілотных самалётаў.

Падставай для запыту стала публікацыя ў брусэльскай EUobserver, дзе сьцьвярджаецца, што вырабленыя кампаніяй 3W Modellmotoren у Родэрмарку рухавікі перапрадаваліся ў Беларусь у абыход санкцый ЭЗ. Таксама ў абыход санкцый аўстрыйская і швайцарска-нямецкая фірмы пастаўлялі беларускім сілавікам ўзбраеньне, якое тыя выкарыстоўвалі падчас здушэньня мірных акцый.

Паводле ініцыятывы апазыцыйных партыяў — сацыял-дэмакратаў, зялёных і левых ў Бундэстагу ў аўторак адбылося адмысловае пасяджэньне парлямэнцкай камісіі, на якім кіраўніцтва фэдэральнага Міністэрства ўнутраных спраў дало тлумачэньні адносна дапамогі нямецкай паліцыі беларускім міліцыянтам.

Вось што пра паседжаньне кажа Кляўдыя фон Зальцэн, аўтарка сэрыі артыкулаў у наямецкай газэце Tagesspiegel, якія прыцягнулі ўвагу нямецкай публікі да праблемы і якія часта цытаваліся на сайце Свабоды.

Кляўдыя фон Зальцэн: «Гэта было закрытае пасяджэньне і журналістам нельга было прысутнічаць на ім. Самога міністра не было, быў толькі яго намесьнік. Як вынікае з распаўсюджанага прэсавага рэлізу, дэпутатам патлумачылі, што такое супрацоўніцтва ажыцьцяўляецца ў рамках міжнародных паліцэйскіх апэрацый у барацьбе са злачыннасьцю. Было адзначана, што зьмены ў кантактах паміж Нямеччынай і Беларусьсю ў бок больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва адбыліся дзесьці ў 2005, калі Эўропа спадзявалася на дэмакратычныя рэформы ў краіне. У пэрыяд у сувязі з гэтымі надзеямі праводзіліся трэнінгі для міліцыянтаў. Аднак пасьля ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў 2010 і здушэньня на плошчы мірнай дэманстрацыі, стала ясна, што Беларусь ня рухаецца ў бок дэмакратыі, а таму супрацоўніцтва было спыненая. Гэта што тычыцца супрацы зь Менскам. Падчас пасяджэньня акцэнты ставіліся ня толькі на Беларусь, але і на правамоцнасьць аказаньня нямецкай паліцэйскай дапамогі за мяжой, на тое, што парлямэнт мусіць быць праінфармаваны пра гэта і г.д. Увогуле мне цяжка рабіць высновы пра дыскусію, на якой мне самой не давялося быць. А таму мая праца зьбіраць інфармацыю далей і непасрэдна ад удзельнікаў нарады даведвацца, хто што дакладна гаварыў...»

Tagesspiegel была першым выданьнем у Нямеччыне, а Кляўдыя фон Зальцэн першай нямецкай журналісткай, якая паведаміла пра падрыхтоўку беларускіх сілавікоў у Нямеччыне, пра абсталяваньне і прылады для беларускай міліцыі, якія накіроўваліся зь Нямеччыны ў Менск. Мы спыталіся, як яна занялася гэтай тэмай.

Кляўдыя фон Зальцэн: «Як я да гэтага прыйшла? Пачалося з таго, што гэтым летам ад сваёй пасады быў адхілены шэф нямецкай паліцыі. Адначасна зьявіліся нейкія чуткі, спэкуляцыі адносна таго, што ў яго былі сувязі зь беларускім рэжымам. Аднак потым зьявілася афіцыйнае абвяржэньне — МУС сьцьвярджала, што зь беларускім рэжымам гэта ніяк не зьвязана. Для мяне ж гэта зьявілася штуршком для расьсьледаваньня, якія ж кантаты мае нямецкая паліцыя зь Менскам. На збор інфармацыі спатрэбіліся тыдні. Ну і ў выніку зьявілася гэта сэрыя артыкулаў».

Некаторыя беларускія аналітыкі і журналісты тлумачаць ўзьнікненьне гэтага скандалу ў тым ліку і маючымі адбыцца ў будучым годзе парлямэнцкімі выбарамі. Маўляў, менавіта таму апазыцыя ў асобе левых ды зялёных пачала гаварыць, ініцыяваць расьсьледаваньне гэтай гісторыі.

Кляўдыя фон Зальцэн: «Калі гаварыць, напрыклад, пра партыю левых, то гэтая партыя цягам гадоў раз на тры месяцы робіць запыты да ўраду адносна супрацы нямецкай паліцыі з замежнымі краінамі. Гэта тычыцца і Аўганістану, і Косава, і ўсіх магчымых краін. І ў рамках гэтых пытаньняў таксама і пытаньні навучальнай дапамогі. І летась ўжо быў канкрэтны запыт адносна навучаньня беларускіх міліцыянтаў і таго, як гэтая дапамога была выкарыстаная падчас падзеяў 19 сьнежня (думаю, што левыя атрымалі наводкі ад кагосьці зь Беларусі).
Такія запыты — нармальная партыйная практыка. Гэта свайго роду мэханізм парлямэнцкага кантролю над выканаўчай уладай Аднак адказ урадоўцаў на запыт быў вельмі абцякальны. Усё зьвялося да навучаньня памежнікаў, а падрабязнасьці пра трэнінгі міліцэйскіх кадраў замоўчваліся. І вось пра тое, што не знайшло адлюстраваньня ў адказах ураду левым, пра тое, што акрамя памежнага супрацоўніцтва вялося і зусім іншае, упершыню паведаміла я ў Tagesspiegel, а потым гэтую навіну падхапілі іншыя СМІ. Бо гэта сапраўды для многіх было сапраўднай навіной».
XS
SM
MD
LG