Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валадарства Корсакаў у Вайтэлях пашыраецца — усім вятрам ды вэртыкалям на злосьць!


5 год таму, калі ўпершыню прыехаў у Вайтэлі, пра Кастуся Корсака, аднаго зь першых фэрмэраў на Маладзечаншчыне, у навакольлі ўсе, з кім сустракаўся, найперш казалі мне дзьве рэчы — ніколі не дае «на лапу» начальнікам любога ўзроўню і працуе па 25 гадзін у суткі. Мо з-за таго доўга не давалі прыбаўкі зямлі ў пажыцьцёвую арэнду — і зараз на дадатковых 200 га яшчэ не хапае двух «вэртыкальных» подпісаў. З-за ўсяго ж і інфаркт атрымаў сёлета. Але пра гэта ў дзень прыезду расказалі мне ўжо сыны, што жывуць ды фэрмэрствуюць з бацькам 4 гады — 27-гадовы Андрэй і 29-гадовы Алесь. Сам бацька абяцаў зьявіцца пасьля абеду — з раніцы паехаў на «Лідсельмаш» па запчасткі для камбайна. Я ж, пакуль браты завіхаліся на двары, завёў гаману з жонкай Андрэя, 25-гадовай Настай, якая адначасова ладзіла сьняданьне.

Наста: «Замужам я першы год, дзіцёнку 2 месяцы — сынуля Кіруша…»

Карэспандэнт: «Цяжка быць жонкай фэрмэра?»

Наста: «Ды не, як і ўсім жонкам, трэба прыбіраць, гатаваць — я гаспадыня ў доме. Добра, што вольны графік — мужа можна ўзяць з сабой паехаць, калі што. Ну, і маральнае задавальненьне ад таго, што працуеш на сябе — што заробіш, тое тваё. Будзе на што, дзе і як дзіцёнка вырасьціць…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А чаго прагнуць, каб згатавала?»

Наста: «Бульбу зь мясам — і каб скварка была пражараная, гэта больш за ўсё! Чыста фэрмэрская ежа…» (Сьмяецца.)

Прыходзяць і радком сядаюць перада мной браты Корсакі. Я ўзгадваю расповед Кастуся пра выпадак з 10-гадовым Алесем, калі калгасная брыгадзірка ледзь ня страціла прытомнасьць — на яе поўным ходам рухаўся трактар без кіроўцы.
Убачыў, як бацька робіць на трактары на палетку, паказаў, дзе што як, і зь першага разу ўсё атрымалася

Алесь: «Убачыў, як бацька робіць на трактары на палетку, паказаў, дзе што як, і зь першага разу ўсё атрымалася. У канцы палетку людзі па ягады-грыбы ходзяць і даносяць бацьку, што трактар на самакіраваньні ходзіць, бо кіроўцы не відаць…»

Алесь мае вышэйшую адукацыю, а Андрэй сярэднюю мэнэджэраў-эканамістаў. Распытваю, што адбылося ў сямействе за апошнія гады.

Карэспандэнт: «Адукацыя фінансавая ў фэрмэрскай справе дапамагае?»

Алесь: «Вучыць пісьменна шукаць інфармацыю. На электронны адрас можна які-небудзь рахунак аплаціць, у бацькі кліент-банк на ноўтбуку стаіць з электронным подпісам — аплачвае тавары, запчасткі, паліва, хімію. Эканомія часу! А 10 год таму выпісаў тавар у Віцебску, забіраеш плацёжку ў Маладзечна і зноў у Віцебск. На расейскіх форумах з фэрмэрамі можна пагутарыць — ты ім пра сваё, у іх нешта ўзяць можна…»

Карэспандэнт: «Андрэй 5 год таму працаваў на мэтрапалітэне, і ты сказаў, што вернесься фэрмэрам, калі зямельнае валадарства Корсакаў пашырыцца — атрымалася?»

Андрэй: «Амаль. Бо няма яшчэ афіцыйных дакумэнтаў, што гэта наша зямля — 230 га. Тэхнікі набралі, але ці спатрэбіцца, незразумела. У нас афіцыйна лічыцца 138 га, якія апрацоўваем 5 год. Апошнія 2 гады — „бяры апрацоўвай яшчэ 200“, тады крычаць „афармляй дакумэнты“, возьмесься — пачынаюцца перашкоды. Во камбайн узялі: не дадуць астатнюю зямлю — ён мне ня трэба. Белгіпразём скінуў прыёмку на выканкам. А ён пераяжджае і ўсё цягнецца, цягнецца. Да Дажынак — на, бяры працуй, пасьля Дажынак — усё заціхла. Яно заўжды было: з паперкай — чалавек, безь яе — букашка. Элемэнтарная бюракратыя…»

Андрэй: «Ёсьць прышлыя людзі, якія прыходзяць не зямлю апрацоўваць, а бабло грэбці — думаюць, пасадзіў, убраў, і о-па — па кішэню грошай. Аж не, зямля потым 5–6 год пустая стаіць. Тут просіш за кожны га, а хтосьці ўзяў 300 га, не апрацоўвае, угнаеньні за дзяржаўны кошт на Расею загнаў — о, прыгажосьць!»

Карэспандэнт: «5 год таму ваша мара, пра якую казалі, была — зрабіць уласны мэхдвор. Ажыцьцявілася?»

Андрэй: «Практычна так. Яшчэ б пару трактаркоў неблагіх! (Сьмяецца.) Паўнавартасная гаспадарка — 2 трактары 1221, 952-гі ўзялі, два 82-х, 2 маленькія 320-я трактары, 2 добрыя камбайны зернеўборачныя, сеялкі, апырсквальнікі, акучнікі новыя, касілкі сваёй толькі не хапае…»

Алесь: «Складзкіх памяшканьняў няма, пад зернеачыстку дах трэба, каб вялікія машыны маглі заходзіць. Будзем разьвіваць мяса і малако — да сотні сьвіней…»

Андрэй: «Яшчэ пра кароў хачу сказаць. Раней праз хату ў людзей была. Зараз у 30 хатах тры, дзьве — у нас. І з бацькам рашылі — паставім статак на 20–25 кароў, будзем глядзець за імі…»

Карэспандэнт: «Колькі падсобных рабочых бераце?»

Алесь: «Калі і 10 хапае, калі і 50 ня хваце — у сярэднім 20, у залежнасьці ад ураджаю. Сёньня сонца, заўтра буран…»

Карэспандэнт: «5 год таму ўраджайнасьць на новых землях была 40 цэнтнэраў з га…»

Алесь: «Цяпер на асобных участках і 65 — не мяжа, некаторыя і 15 га не далі…»

Карэспандэнт: «Не сакрэт, што фэрмэрам няўдобіцы даюць…»
На табе, божа, што мне ня гожа — калгас кінуў, а ты бяры, хочаш — апрацоўвай

Алесь: «На табе, божа, што мне ня гожа — калгас кінуў, а ты бяры, хочаш — апрацоўвай. У мінулым годзе 100 га сенакосу далі, дзе не касілася апошнія 8 год. А гаспадара прыдбала зямля — глядзіцца зараз іншымі вачыма, дый яна інакш на цябе глядзіць…»

Карэспандэнт: «Пачалі ўжо гаварыць, што вы хочаце зрабіць…»

Андрэй: «Зернясховішча, кароўнік, а ў першую чаргу — склад, бо ў мінулым годзе 100 тон пшаніцы ляжала…»

Карэспандэнт: «Вы ўжо далейшае жыцьцё бяз фэрмэрства не ўяўляеце?»

Андрэй: «Не-а!»

Карэспандэнт: «А на выбары парлямэнцкія пойдзеце?»

Андрэй: «Калі час будзе, пойдзем. (Сьмяецца.) Нашага кандыдата няма!»

Алесь: «З гэтых парлямэнтароў я нічога ня бачу — так, указы прымаюцца. Адведзены 10-дзённы тэрмін на папяровую валакіту. А што на самой справе? Ісьці кожны раз скардзіцца ў пракуратуру? Парадак прадстаўленьня зямлі для фэрмэрскай гаспадаркі таксама прапісаны акуратна. Калі прыходзіш у кабінэты — во пастановы Саўміна за нумарам такім і такім, толькі вейкамі хлопаюць, бо самі ня ведаюць. Дык чаго за іх ісьці галасаваць?!»

* * *

Вакол Вайтэляў невялікія прысядзібныя ўчасткі. На дзялцы ў 5 сотак корпалася пэнсіянэрка, спадарыня Сьвятлана Леплянін. Калі падышоў, з радасьцю паказала мне першы зьняты з градкі гурок.

Карэспандэнт: «Вам наколькі хапае таго, што садзіце — гляджу, бульбачка?»

Леплянін: «Усё — і часнок, і трускаўкі, цыбулю выкапалі, гуркі пасадзілі. Рабіла на птушкафабрыцы, пэнсіі мільён семсот паклалі. Год інвалід 3 групы. А па інваліднасьці нічога не даюць, толькі з красавіка Лукашэнка выдзеліў лекі па 50%…»

Карэспандэнт: «Лукашэнка выдзеліў? А колькі ў вас працоўны стаж?»

Леплянін: «Я сыходзіла — 40 год бязь некалькіх месяцаў. Можа, мы зарабілі, гэта ясна, проста на такі выраз прызвычаіліся…»

Маладыя Корсакі праводзяць мяне да суседзяў — сям’і Ігнаценкаў. Пад 100-гадовай грушай на ўваходзе слупок з надпісам «Галубоўшчына». А на двары — маляўнічы гарадок з дрэва.

Тут кафляны калодзеж, сухое дрэва са шпакоўнямі, лаўка з коламі ад гарматаў часоў 1-й сусьветнай. А яшчэ — прыбіральня з кнігамі на паліцах! Гаспадара, 53-гадовага Ігара, жонка Галіна называе фантазёрам. Яна карэнная, ведае свой радавод у трох каленах.
Галіна: «Гэта зямля прадзеда майго — Рабушкі Сьцяпана, які купіў тут зямлю. І раздаваў яе сынам — засьценак з трох хат называўся Галубоўшчына. Дом бабуля і дзядуля будавалі ў 30-я гады, 10 га было ў іх зямлі. Забралі пашу камуністы, лес, лугі. Бабуля была гарадзкая, прыйшлося з малымі дзецьмі працаваць на 2 га зямлі — конь быў, авечкі, сьвіньні. У 53 годзе калгас прыйшоў, і ўсё туды сышло. Дом удалося ўратаваць, каб ня зьвезьлі ў вёску. Месца маляўнічае — я зараз хатняя гаспадыня…»

Ігар: «А я прыватны прадпрымальнік, гандлюю, як казаў Астап Бэндэр, опіюмам для народу — кнігі, друкаваная прадукцыя…»

Карэспандэнт: «Рызыкоўны бізнэс сёньня, лічыцца нерэнтабэльным…»

Ігар: «Чаму, школы яшчэ не зачынілі, езьдзім па раёнах. Выяжджаем з кніжнымі аўталаўкамі ў Гродзенскую вобласьць…»

Карэспандэнт: «Ясна, што жнівень-верасень — гарачая пара. А няўжо ў вёсках і чытаюць яшчэ?»

Ігар: «Дзіцячая прадукцыя — радуе, што ёсьць сем’і, дзе ўпор робяць не на кампутар. Я сам чытаў запоем і перакананы, што асноўную інфармацыю можна набыць толькі праз кнігу…»

Карэспандэнт: «А сур’ёзную літаратуру бяруць?»

Ігар: «Пад заказ мы возім лячэбную, псыхалягічныя кнігі бяруць, Малахава. Вельмі рэдка бяруць беларускую літаратуру…»

Галіна: «Калі просяць даць дзецям што-небудзь па-беларуску — ужо вельмі прыемна. Быкава, Караткевіча спытваюць людзі нашага ўзросту…»

Ігар: «Я ў свае часы зачытваўся Быкавым, бо кнігі нават не ваенныя — псыхалягічныя, як паводзіць сябе чалавек, што трапіў у сытуацыю — у дадзеным выпадку ваенныя дзеяньні…»

Карэспандэнт: «Прэзыдэнт таксама ж яго вершамі зачытваўся…» (Агульны сьмех.)

Ігар: «О-о-о! Не чапайце хворае месца ў хворага…»

Карэспандэнт: «Скаціны не трымаеце, а гарод?»

Галіна: «О, 4 соткі разам з кветнікамі. Калісьці маці вельмі падабаліся кветкі, казала: ой, дачушка няма месца! Ну, цяпер 2 соткі ў іх… А ўвогуле, хата ў Вайтэлях — гэта ня лецішча: душа. Радавая сядзіба, практычна некранутая пасьля будоўлі. Бацька, адзінае, — прыладзіў гаўбец і абшаляваў яе. Ну, саломай быў дом накрыты ў 30-я гады…»

Ігар: «100 год дому — уяўляеце, якая моц паходзіць ад яго?! У падвале хавалі прадукты ад партызан — яны маглі ўсіх расстраляць. Немцы хоць цукерку пакідалі дзіцяці, як сама цешча расказвала…»

Галіна: «Але сказаць пры бацьку, што Сталін дрэнны — нельга было, бо за яго падымаўся ў атаку. Аднак Лукашэнку не любіў…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А на выбары пойдзеце?»

Спадарства: «Не!.. Не — даўно ўсё выбрана і банкетныя залі заказаныя. Гэта фікцыя!»

Па дарозе назад сустрэў 8-клясьніка Віктара ды 10-клясьніка Барыса. Адбылася паказальная размова.

Карэспандэнт: «Зьяжджаць ня думаеце?»

Хлопцы: «Не… Дзе працаваць, дакладна ня ведаю яшчэ… Бізнэсмэнам…»

Карэспандэнт: «Ну, на вёсцы — значыць, фэрмэрам. Хацелі б як Корсакі быць?»

Хлопцы: «Ня вельмі…» «Я таксама не хачу — шмат клопатаў…»

У гэты дзень спадара Кастуся так і не засьпеў — той прыехаў аж апоўначы. Едучы назад, зноў пракручваў тое галоўнае, што ён сказаў мне 5 год таму.

Корсак: «Фэрмэраў баяліся і будуць баяцца. Прафэсіяналізму, хутчэй за ўсё, болей у нас. Можна пачытаць кніжкі, цяпер інтэрнэт, але як няма знутры прызваньня — ня будзе толку. Зьверху паступае каманда дуралома якога-небудзь — тут сей авёс, тут кукурузу. А я ведаю, што тут бульбу, тут кукурузу, а не наадварот! І ніхто не прыляціць а 6-й раніцы і на плянэрку ці сэлектарную нараду не пагоніць.Таму фэрмэраў ня любяць вэртыкальшчыкі. І баяцца, калі назваць усё сваімі імёнамі. Што такое — аддаць зямлю? Я ж яе ня вывезу, яна нідзе ня дзенецца. І ў мяне карані пушчаныя, што ня выкарчаваць. Але я буду гаспадаром! Я ня буду сядзець і думаць, з чаго плаціць заробак. З выручкі! А ў іх цэлае райсельгасупраўленьне, фінансавыя службы… Боязь выпусьціць уладу — вось што гэта!»

Назаўтра мы пагутарылі са старэйшым Корсакам праз тэлефон.

Карэспандэнт: «Удалося ўсё ў Лідзе?»

Корсак: «Усё нармальна — уборка пачнецца своечасова!»

Карэспандэнт: «200 га, якія атрымалі і на якія не хапае двух подпісаў — засяваць будзеце?»

Корсак: «Задняга ходу ўжо няма! Засталіся фармальнасьці…»

Карэспандэнт: «Вы „на кані“ — удачы і беражыце сэрца!»

Корсак: «Дзякуй, я пастараюся…»
XS
SM
MD
LG