Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Энэргетычная вайна: Эўракамісія супраць Газпрома


Сёньня прэзыдэнт Расеі Пуцін падпісаў указ, які абавязвае стратэгічныя прадпрыемствы не даваць інфармацыю на патрабаваньне органаў замежных дзяржаў без дазволу расейскіх ўладаў.

Пры ўзьнікненьні падобных сытуацый кампаніям неабходна будзе ўзгадніць свае далейшыя дзеяньні з фэдэральным органам выканаўчай улады, які будзе вызначаны ўрадам на працягу бліжэйшага месяца. На думку экспэртаў гэты ўказ — адказ Крамля на расьсьледаваньне дзейнасьці ў краінах Эўразьвязу расейскага газавага манапаліста.

Паводле прэсавага сакратара старшыні праўленьня Газпрома Сяргея Купрыянава, гэты закон рэгулюе сытуацыі, падобныя ператрусам у эўрапейскіх падразьдзяленьнях Газпрома ці антыманапольнаму расьсьледаваньню. На думку Купрыянава дзеяньні Эўракамісіі можна разглядаць як ціск на Газпром з мэтай паўплываць на цэнавую палітыку. Расьсьледаваньне, распачатае Эўракамісіяй, і рэакцыя на яго Расеі, знаходзяцца ў цэнтры ўвагі заходніх СМІ. Прапануем вам агляд некаторых публікацый.

The Wall Street Journal, ЗША


Эўрапейскі Зьвяз узмацняе спробы пазбавіцца ад расейскага панаваньня ў галіне паставак прыроднага газу ў Эўропу. Ён пачаў расьсьледаваньне меркаваных спробаў Газпрому стаць манапалістам на рынках на ўсходзе ЭЗ.

Расьсьледаваньне, якому папярэднічалі ператрусы ў офісах кампаніі, якія прайшлі ў верасьні летась, накіраванае на тое, каб прыбраць перашкоды, якія Газпром, як сьцьвярджаецца, чыніць краінам, якія імкнуцца дывэрсыфікаваць газавыя пастаўкі і інтэграваць свае энэргетычныя рынкі з рынкамі астатняй часткі кантынэнту, заявілі эўрапейскія чыноўнікі.

Эўракамісія паспрабавала аслабіць хватку Газпрому, увёўшы новую энэргетычную палітыку

ЭЗ кажа, што расьсьледавацца будуць паводзіны Газпрома ў васьмі краінах. Расея забясьпечвае Эўразьвязу 36% спажыванага ім газу, і пры гэтым фактычна застаецца адзіным пастаўшчыком газу ў Баўгарыю, Эстонію, Латвію, Літву і Славаччыну. Па эўрапейскіх дадзеных, яна таксама пастаўляе 82% газу ў Польшчу, 83% — у Вугоршчыну і 69% — у Чэхію.

Эўракамісія паспрабавала аслабіць хватку Газпрому, увёўшы новую энэргетычную палітыку, накіраваную на тое, каб перашкодзіць пастаўшчыкам газу валодаць ў ЭЗ трубаправодамі, і пачаўшы заахвочваць будаўніцтва трубаправодаў ад іншых газавых радовішчаў, якія знаходзяцца па-за межамі Расеі — напрыклад, у Азербайджане. Аднак, гэтыя меры мелі ў лепшым выпадку частковы посьпех. Між тым, у камісіі маецца рэальны ўплыў у галіне барацьбы з манапалізмам. Яна можа і накладаць штрафы, і прымушаць кампаніі адмаўляцца ад манапалістычнай палітыкі.

«Своеасаблівы» творчы падыход Газпрому да складаньня дагавораў з нацыянальнымі кампаніямі, безумоўна, выглядае юрыдычна сумнеўным

У сваёй заяве камісія паведаміла, што яна падазрае Газпром у тым, што ён падаўляе канкурэнцыю трыма шляхамі: абцяжарвае свабодныя пастаўкі газу ў краіны-чальцы ЭЗ, перашкаджае краінам дывэрсыфікаваць газазабесьпячэньне і навязвае ім несправядлівыя цэны, патрабуючы прывязваць цэны на газ да нафтавых цэнаў.

Па словах эўрапейскіх чыноўнікаў, дзеяньні камісіі не накіраваныя супраць Расеі. Літва падала скаргу на Газпром яшчэ ў пачатку 2011 года, але расьсьледаваньне будзе нашмат шырэйшым.

Крысціян Эгенхофэр, кіраўнік энэргетычнай праграмы ў брусэльскім Цэнтры эўрапейскіх палітычных дасьледаваньняў мяркуе: «Своеасаблівы» творчы падыход Газпрому да складаньня дагавораў з нацыянальнымі кампаніямі, безумоўна, выглядае юрыдычна сумнеўным. Хватка Газпрома ва Усходняй Эўропе застаецца моцнай, і менавіта з гэтым цяпер спрабуюць разабрацца. Гэта адмоўна адаб’ецца на адносінах паміж ЭЗ і Расеяй, аднак надзейнай альтэрнатывы ў галіне гандлю прыродным газам у абодвух бакоў няма. Расея па-ранейшаму застаецца найбуйнейшым у сьвеце пастаўшчыком прыроднага газу ".


Il Legno Storto, Італія



У нядзелю, 9 верасьня расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін пракамэнтаваў рашэньне Эўрапейскай камісіі адкрыць афіцыйнае расьсьледаваньне дзейнасьці газавага манапаліста Газпрома.

Гэтая кампанія, 50% якой валодае Крэмль, абвінавачваецца Брусэлем у тым, што яна перашкаджае свабоднай ўнутранай канкурэнцыі ў Старым сьвеце і праводзіць манапольную палітыку, якая не дае магчымасьці рэалізаваць плян дывэрсыфікацыі забесьпячэньня ЭЗ газам.

Паводле Пуціна пазыцыя Эўрапейскай камісіі дыктуецца цяжкой эканамічнай сытуацыяй у ЭЗ, што шмат у чым абумоўлена слабымі эканомікамі краін Цэнтральнай Эўропы, якія калісьці ўваходзілі ў савецкі блёк.

Паводле Пуціна пазыцыя Эўрапейскай камісіі дыктуецца цяжкой эканамічнай сытуацыяй у ЭЗ

Тое, як бачыць сытуацыю Пуцін, які да гэтага часу адмаўляў наяўнасьць супярэчнасьцяў паміж Брусэлем і Масквой, адпавядае дакладнай палітычнай лёгіцы, нацэленай на падзел Эўропы знутры, каб захаваць уласную гегемонію ў Старым сьвеце. Вядома, што прычыны крызісу зьвязаныя ня толькі са слабымі эканомікамі краін Цэнтральнай Эўропы, але са значна больш цяжкай пазыковай сытуацыяй такіх міжземнаморскіх краінаў, як Грэцыя, Партугалія, Гішпанія і Італія.

Акрамя таго, такія краіны Цэнтральнай Эўропы, як Польшча, Літва і Эстонія адрозьніваюцца значна лепшым эканамічным здароўем, чым краіны на поўдні Эўразьвязу: у Варшаве, Вільні і Таліне валавы ўнутраны прадукт расьце, а беспрацоўе, асабліва сярод моладзі, наогул нельга параўноўваць з узроўнем беспрацоўя Атэнаў, Мадрыду і Рыму.

Такім чынам, словы Пуціна спрыяюць распаўсюджваньню настрояў супраць пашырэньня ЭЗ, якія яшчэ моцныя ў многіх сэктарах палітыкі і ў грамадзкай думцы краін Заходняй Эўропы.

Бэрлін, Парыж і Рым знаходзяцца сярод тых краін, якія ў многіх выпадках, асабліва — у энэргетычным сэктары, аддаюць перавагу таму, каб падтрымліваць пляны Расеі дзеля захаваньня сваіх нацыянальных інтарэсаў, хоць праекты Крамля ўступаюць у супярэчнасьць з агульнаэўрапейскімі інтарэсамі , якія адстойваюць краіны Цэнтральнай Эўропы.

Rzeczpospolita, Польшча



У мінулыя выходныя прэзыдэнт Расеі накінуўся з крытыкай на Эўрапейскую Камісію за тое, што тая пачала антыманапольнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Газпрому. Барацьба разгортваецца вакол Цэнтральнай Эўропы, у тым ліку — Польшчы, якая залежыць ад паставак расейскага газу і сутыкаецца з рызыкай стаць мішэньню энэргетычнага шантажу Масквы. Хоць у Пуціна ёсьць шмат саюзьнікаў, у першую чаргу — у Нямеччыне, атрымаць посьпех ён ня зможа. Бо Газпром робіцца перажыткам мінулага, усё менш прыстасаваным да энэргетычных рэалій XXI стагодзьдзя. Яго пераможа не палітыка, а рынак.

Газпром у любым выпадку ўжо прайграў. Чаму? Па-першае, таму што яго спробы ўвайсьці на эўрапейскі рынак гандлю ўраздроб сустрэлі адпор. Па-другое, трэці энэргетычны пакет ЭЗ перашкодзіў яму аб’яднаць пастаўкі і валоданьне транспартнымі сеткамі. Па-трэцяе, пацярпеў фіяска праект будаўніцтва LNG-тэрміналаў і заводаў для вытворчасьці звадкаванага газу, паколькі гэты рынак перанасычаны таннай сыравінай з Катару і Аўстраліі. Па-пятае,
Газпром у любым выпадку ўжо прайграў

здабываючае абсталяваньне Газпрому дажывае свае апошнія дні, а на новае ў яго няма грошай. Па-шостае, попыт на газ у Эўропе падае: не толькі з прычыны крызісу, але і таму, што ён замяшчаецца энэргіяй з аднаўляльных крыніц. Па-сёмае, падыходзяць да канца наяўныя запасы сыравіны, а распрацоўка новых радовішчаў, напрыклад, у Арктыцы, або нерэнтабельная або на яе проста не хапае сродкаў. Па-восьмае, дзякуючы будаўніцтву газаправодаў-перамычак паступова пашыраецца эўрапейскі газавы рынак, на якім можна купляць сыравіну па спотавых цэнах.



Пры падрыхтоўцы матэрыялу скарыстаныя пераклады парталу Inosmi.
XS
SM
MD
LG