Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З банкнотаў здымаюць праваслаўны крыж


Малюнак Напалеона Орды і купюра 100 тысяч рублёў

Малюнак Напалеона Орды і купюра 100 тысяч рублёў

Нацбанк Беларусі выправіў недакладнасьць на купюры ў 100 тысяч рублёў. Цяпер малюнак Нясьвіскага замка на гэтай банкноце будуць друкаваць без праваслаўнага крыжа.

Купюра зь няправільнай выявай была ў абарачэньні цягам 7 гадоў. Але толькі нядаўна грамадзяне заўважылі, што на гэтай банкноце да Нясьвіскага замка прымаляваныя праваслаўныя крыжы, што супярэчыць гістарычнай праўдзе. У Нацбанку навіну пра недакладнасьць у малюнку на купюры даведаліся ад журналістаў. Які ж лёс чакае грошы зь няправільным малюнкам?

«Улічваючы, што ў 2004 годзе будынак замка знаходзіўся ў стадыі рэканструкцыі, Нацыянальным банкам было прынята рашэньне для асноўнай выявы адваротнага боку банкноты выкарыстоўваць малюнак Напалеона Орды 1876 году, на якім замак паўстае ў сваім гістарычным абліччы», — растлумачылі ва ўпраўленьні інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Нацбанку зьяўленьне недакладнасьці на банкноце, паведамляе «„Комсомольская правда“ в Белоруссии».

Арыгіналаў гэтых малюнкаў у Беларусі няма (яны захоўваюцца ў музэях і бібліятэках за мяжой — у Кракаве, Варшаве і Львове), а таму для падрыхтоўкі неабходных матэрыялаў выкарыстоўвалася выданьне «Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова XIX стагодзьдзя».

«У працэсе апрацоўкі малюнка з названай кнігі невыразны малюнак на вежах замка быў безь якога-небудзь намеру інтэрпрэтаваны мастаком друкарскай фабрыкі як праваслаўны крыж. Цяпер у друкарскія формы адваротнага боку банкноты ўнесены выпраўленьні, якія будуць улічаныя пры друку наступных заказаў банкнот названага наміналу», — патлумачылі ў Нацбанку.

Аднак старыя 100-тысячныя купюры па-ранейшаму будуць дзейнічаць: імі можна разьлічвацца ў крамах, а вымаць іх з абарачэньня будуць паступова.
XS
SM
MD
LG