Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алег Стахаевіч адсудзіў у «Граніта» 865 тысяч рублёў


Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч

Лунінецкі суд пастанавіў спагнаць на карысьць кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу Алега Стахаевіча 865 тысяч рублёў зь мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт».

Алег Стахаевіч паведаміў «Свабодзе», што падаваў пазоў, каб спагнаць з «Граніту» 2 мільёны 300 тысяч рублёў за пратэрміноўку канчатковага разьліку і за няпоўны разьлік. Суд задаволіў пазоў часткова. Стахаевіч лічыць гэта перамогай:

«Прадстаўнік адказчыка адстойваў пазыцыю, што „Граніт“ мне ўвогуле нічога ня вінен. Аднак судзьдзя Міхаіл Дзенісовіч усё ж пацьвердзіў, што парушэньні пры разьліку былі. Пасьля таго як звольнены Мікалай Карышаў адсудзіў у „Граніту“ пэўную суму, мы лічым сёньняшні суд яшчэ адной нашай перамогай».

На пачатку судовага паседжаньня Алег Стахаевіч хадайнічаў аб адводзе судзьдзі Міхаіла Дзенісовіча:

«Ён судзіў мяне тады яшчэ, падчас гісторыі з маімі правамі кіроўцы. Потым вёў паседжаньне наконт дысцыплінарных спагнаньняў Мікалая Карышава. І трэцяя прычына адводу — тое, што зь яго ініцыятывы мяне незаконна ў суд не пусьцілі. Аднак адвод судзьдзя адхіліў».

Паседжаньне па справе аб спагнаньні з «Граніту» разьліку на карысьць Алега Стахаевіча павінна было прайсьці 30 жніўня. Аднак у той дзень міліцыянт не прапусьціў прафсаюзнага актывіста ў будынак суду, патлумачыўшы, што Стахаевіч быў у шортах.

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства звольненыя актывісты БНП Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка.
XS
SM
MD
LG