Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія пэнсіянэры гандлююць на Камароўскім рынку, каб зарабіць на штодзённыя патрэбы. Пэнсіяў на пражыцьцё не хапае, і жыць становіцца ўсё цяжэй.

Найбольш актыўны гандаль на менскай Камароўцы ў гэтыя дні — каля прылаўкаў з ураджаем садоў і гародаў: памідорамі, бульбай, яблыкамі. Цягам дня пакупнікі разьбіраюць усё, што прывозіцца, кажа адна з гандлярак зелянінай, Антаніна:

Карэспандэнтка: «Ці добра купляюць вашу прадукцыю?»

Гандлярка: «Добра: капуста, кроп, пятрушка — усё, што расьце ў нашым гародзе. Увечары прыйдзеце — ужо нічога гэтага ня будзе, усю раскупяць. Увесь час гандлюем, і ўвесь час усё разьбіраецца — усіх задавальняе якасьць і кошты».

Карэспандэнтка: «А ці даводзіцца падвышаць кошты?»

Гандлярка: «Усё будзе даражэць, і ў нас будзе даражэць. Зараз скончыцца наша прадукцыя, то будуць з Грузіі везьці і той жа кроп, і пятрушку. А калі наша бульба, якая ў нас расьце, і тая даражэе, а не таньнее, то чаму гэтая ня будзе даражэць?»

Карэспандэнтка: «Але людзі ўсё роўна бяруць?»

Гандлярка: «Бяруць, а што рабіць?»

Менавіта гародніна, садавіна і крупы — асноўныя прадукты харчаваньня для сёньняшняга гарадзкога пэнсіянэра. Гэта на ўласным досьведзе ведае 80-гадовая Аляўціна Ёсіфаўна:

Карэспандэнтка: «Што вы звычайна набываеце на Камароўцы?»

Спадарыня: «Я набываю крупы, картошку-мартошку і кватэру аплочваю. Усё. У мяне пэнсія 2 мільёны — канцы з канцамі зводжу, але я мяса ня ем, курэй не купляю».

Карэспандэнтка: «А ці хацелі б набываць курэй, мяса?»

Спадарыня: «Хацела б набываць хоць зрэдку, але не ўдаецца».

Карэспандэнтка: «Ці зможаце вы за вашую пэнсію, якая была падвышаная, набыць сабе бульбы, буракоў — усяго, што неабходна на зіму?»

Спадарыня: «Гэта я набуду. Але вось хто набывае адзеньне для сябе, то гэта ўсё немагчыма. Мяне апранаюць дочкі. Усё, што я нашу і маю, куплена імі».

Каб забясьпечыць іншыя, акрамя харчаваньня, патрэбы, значная колькасьць пэнсіянэраў вымушаная працаваць. Зінаіда Антонаўна прыехала на Камароўку з-пад Стоўбцаў, каб прадаць ураджай з уласнага гароду. Прысела недалёка ад уваходу — за месца на рынку трэба плаціць, кажа яна:

Карэспандэнтка: «Адкуль вы гэта ўсё прывезьлі?»

Спадарыня: «Зь вёскі. Стаўпецкі раён, вёска Заямнае. Прадаю яйкі вясковыя, пятрушку выгадавала і гуркі выбрала апошнія».

Карэспандэнтка: «Самі?»

Спадарыня: «Сама, вядома. Вось чатыры дзясяткі яек ужо прадала — дзецям сваім малыя яйкі аддаю, і яны ня крыўдзяцца, а большыя вязу на базар».

Карэспандэнтка: «Навошта вы гэта робіце? Каб мець дадатак да пэнсіі?»

Спадарыня: «Так, да пэнсіі. Зараз раблю рамонт у хаце, пафарбавала, зьмяніла газавы кацёл — усё выйшла на дванаццаць мільёнаў. Чатыры мільёны пакрысе выплаціла, а восем яшчэ вінная. Пакуль яшчэ здароўе маю, то яшчэ можна жыць».

Карэспандэнтка: «Шмат даводзіцца працаваць?»

Спадарыня: «Ну, працаваць… Так, спаць няма калі».

Яшчэ адзін менскі пэнсіянэр Віктар, які штодня назірае за ростам цэнаў на Камароўцы, кажа, што толькі зьмена ўлады дазволіць спыніць далейшае пагаршэньне ўмоў жыцьця:

Карэспандэнтка: «Ці часта бываеце на Камароўцы? Што набываеце?»

Спадар: «Так, часта бываю, бо жыву побач. Набываю асноўныя прадукты — мясныя, малочныя, іншы раз гародніну».

Карэспандэнтка: «Калі часта, то, пэўна, зможаце адзначыць, як мяняюцца кошты — як часта і ў які бок?»

Спадар: «Як у які бок? Усім жа вядома, у які — штодня ўсё даражэе і даражэе. Прычым вельмі хутка. Літаральна днямі набываў хлеб, батон — фантастычна падымаецца кошт. Але ж мы гэта ўсё бачым — што гэта за сакрэт? Страшна кошты растуць. Практычна ў нас ужо жыць нельга, калі папраўдзе. А казкі, якія па тэлебачаньні распавядаюць, — гэта ўсё няпраўда».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, што можа зьмяніць такую сытуацыю?»

Спадар: «Вядома, трэба мяняць уладу. Прэзыдэнта гэтага трэба ўжо прыбіраць цалкам — гэта не прэзыдэнт. Бо такая хлусьня, якая льецца з экранаў, ні ў якія рамкі ўжо не трапляе. Дэпутаты, якіх выбіраць будуць — тое, што ім закамандуе вярхоўны, тое яны і зробяць. Яны нічога для людзей ня робяць абсалютна. Я жыву ў цэнтры гораду — бруд страшэнны, у двары — возера ўжо дваццаць гадоў стаіць. Нічога гэтыя дэпутаты не вырашаюць, і абсалютна ўсю гэтую ўладу трэба мяняць. Прычым прыбіраць усіх гэтых пэнсіянэраў, хоць мне самому таксама не 15 гадоў. Неабходна ва ўладу прыводзіць больш маладых людзей. Вось такая ў нас сытуацыя».

XS
SM
MD
LG