Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Назіральніка пакаралі штрафам


Юры Новікаў ля суду
Юры Новікаў ля суду

11 верасьня Ленінскі суд Магілёва прызнаў вінаватым у распаўсюдзе й перавозцы друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных каардынатара грамадзянскай кампаніі «За свабодныя выбары» Юрыя Новікава.

Судзьдзя Аксана Ратнікава пастанавіла пакараць актывіста штрафам на сорак базавых велічыняў (4 мільёны рублёў), а канфіскаваную 23 жніўня друкаваную прадукцыю, прызначаную для незалежных назіральнікаў,— зьнішчыць.

Сваёй віны Юры Новікаў не прызнаў. Суду ён заявіў, што дзеяньні міліцыянтаў незаконныя й скіраваныя на зрыў падрыхтоўкі незалежных назіральнікаў. Актывіст сьцьвердзіў у судзе, што канфіскацыя дапаможнікаў па назіраньні — яшчэ адно сьведчаньне, што падчас выбараў будуць сур’ёзныя фальшаваньні:

«Мэта была адна: канфіскаваць нашу прадукцыю, то бок сарваць нашу кампанію ў Магілёўскай вобласьці. Я прашу суд абавязаць супрацоўнікаў міліцыі вярнуць усю канфіскаваную прадукцыю — для таго, каб мы за рэшту дзён, якія засталіся да выбараў, правялі працу з нашымі назіральнікамі і нармальна падрыхтаваліся да назіраньня за выбарамі».

23 жніўня міліцыянты сканфіскавалі з прыватнай машыны Новікава блізу 1500 асобнікаў друкаванай прадукцыі: сшыткі, мэтадычкі для назіральнікаў ды бюлетэнь «За справядлівыя выбары». Паводле паказаньняў супрацоўніка міліцыі Яўгена Загорскага, рашэньне канфіскаваць літаратуру ён прыняў, бо ў ёй былі, як яму падалося, прыкметы сродкаў масавай інфармацыі. У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэньня ім пазначана, што Новікаў перавозіў і распаўсюджваў друкаваную прадукцыю, вырабленую невядомымі асобамі.

Паказаньні суду даў і супрацоўнік дзяржаўтаінспэкцыі Андрэй Усачоў, які нібыта выявіў друкаваную прадукцыю ў машыне Юрыя Новікава. Ён заявіў, што машыну сам не аглядаў, а толькі бачыў пакункі з прадукцыяй у багажніку. У пратаколе ж Загорскага пазначана, што Ўсачоў назваў канкрэтныя найменьні таго, што ў пакунках было. Юры Новікаў запытаў Усачова, як той тлумачыць супярэчнасьці паміж тым, што ім сказана ў судзе і ў пратаколе:

Новікаў: «Вы ж гэта падпісалі, ці разумееце гэта? Як гэта можа быць?»

Усачоў: «Ну добра, добра. Ну, недзе не дачытаў і падпісаў!»

Новікаў: «Пры вас багажнік не адчыняўся, ці праўда?»

Усачоў: «Так!»

Новікаў: «Праўда!»

Довады Юрыя Новікава судзьдзя палічыла неабгрунтаванымі й вынесла сваё рашэньне.

«Гэта проста сваволя. Імянныя сшыткі, у якіх назіральнік павінен быў паставіць свае імя, прозьвішча, і гэта палічыць сродкамі масавай інфармацыі — гэта наагул здароваму розуму не паддаецца. Я нават не зьдзіўлюся, калі гэтыя сшыткі падчас назіраньня ў назіральнікаў будуць забіраць, тлумачачы гэты тым, што гэта СМІ. Гэта ж поўны абсурд».

На судзе прысутнічаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» зь Менску Віктар Карняенка. Адміністрацыйны працэс супраць свайго калегі ён пракамэнтаваў наступным чынам:

«Міліцыя не займаецца абаронай правоў насельніцтва, а займаецца палітычным вышукам і перашкодамі для апанэнтаў улады. З кожным годам ціск на актывістаў узмацняецца. Каб уладам забясьпечыць неабходныя вынікі на выбарах, даводзіцца ісьці на больш жорсткія і відавочныя парушэньні нават цяперашняга недасканалага заканадаўства».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG