Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кволая беларуская палітыка нараджае меней скандалаў, чым іх віруе ў галіне мастацтва. Не стамляюся паўтараць: увесь «дзьвіж», уся «весялуха» зараз там — у галерэях, сярод куратараў, мастакоў ды фатографаў. Ды й свабоды там болей.

Я не магу ўзгадаць, якія скандалы адбыліся за тыдзень у беларускай палітыцы, аднак у беларускай мастацкай тусоўцы скандалаў адбылося адразу два.

Зашытыя раты: на вуліцы і ў галерэі



Першы здарыўся на адкрыцьці выставы пэрформанс «Навінкі 2012». Натуральна, усе «нашы» мэдыі аббегла навіна пра тое, што артыстка з Аўстраліі Ганна Вояк «зашыла сабе рот», а ў галерэі падчас пэрформансу вызвалілася і закрычала. Аб гэтым паведамілі «Эўрарадыё», «Белапан», «Ніва», «Белсат», карацей — аб прыбыцьці Казіміра Малевіча ў Віцебск у 1919 годзе пісалі меней, чым пра гэты зашыты рот.

У гэтым артыстычным кроку шмат хто пабачыў палітычны маніфэст, кшталту таго, што зрабіў у ліпні 2012 года мастак з Пецярбурга, Пётр Паўленскі, які выйшаў да Казанскага праспэкта з зашытым ротам у знак падтрымкі панк-дзяўчын з Pussy Riot і стаяў там ажно паўтары гадзіны, бо міліцыя проста ня ведала, што рабіць: выклікаць «хуткую»? Забіраць хлопца ў шпіталь да «псіхаў»?

Дык хто ўбачыў у тым падтрымку «свабоды слова і дэмакратыі»?

Аднак паміж дзеяньнямі Паўленскага і Ганны Вояк адрозьненьняў болей, чым падабенства. Напрыклад: вызваліўшыся, Паўленскі гучна растлумачыў палітычныя канатацыі ўласных дзеяў. Ён даў знакамітае інтэрвію аб тым, што ў грамадзтве кшталту расейскага, Хрыста расьпялі б яшчэ раз. Ганна Вояк ніякіх палітычных мэтаў уласнай акцыі не абвяшчала. Дык хто ўбачыў у тым падтрымку «свабоды слова і дэмакратыі»?

Усе зьвярнулі ўвагу на тое, што рот Ганны быў зашыты, аднак ніхто не засяродзіўся на тым, што яна была ў чырвоным. Хто сказаў, што гэта меней важна, чым зашыты рот? Што азначала чырвоная стужка на роце? Вы ўпэўнены, што яна пратэставала супраць адсутнасьці свабоды слова, а не супраць, напрыклад, засільля «левых» у актуальным мастацтве? Вы наогул упэўнены, што яна — «пратэставала»? Я — не.

Паміж акцыямі Паўленскага і Вояк ёсьць яшчэ адно прынцыповае адрозьненьне. Паўленскі стаяў з зашытым ротам на вуліцы. Ваяк ладзіла свой пэрформанс у галерэі. Зашыты рот ля Казанскага, сярод натоўпу — палітычная акцыя. Зашыты рот у галерэі — артыстычная дзея, спэктакль, «тэкст».

Фашыст з чалавечым тварам



Другі скандал адбыўся на выставе «На Захадзе ад Усходу», што праходзіць гэтымі днямі ў галерэі «Ў». Выстава ўтрымлівае вельмі трапную калекцыю мастацкіх разважаньняў аб тым, што ёсьць сучасная ідэнтычнасьць, эканоміка, адукацыя і якое месца ва ўсім гэтым займае Беларусь (месца гэтае добра вызначана ў назьве).

Андрэй Лянкевіч

Андрэй Лянкевіч

Выстава міжнародная, тут ёсьць файная інсталяцыя з калекцыі фотак, якія зроблены эўрапейскімі чыноўнікамі на сотавыя тэлефоны з мэтай вызначыць, якія палі ды фэрмэры атрымаюць фінансавую падтрымку, а якія — не. Вось, чыноўнікі гойсалі па палетках, здымалі расьліны ды збожжа, а мастакі адшукалі гэтыя фоты ды выставілі як «ready made».

Ёсьць тут дасьціпная відэапраца Марыны Няпрушкінай, у якой героі беларусы, апранутыя ў майкі алькагалічкі ў сьмешных хрушчоўскіх інтэр’ерах чытаюць перакладзеныя зь нямецкай мовы перадвыбарчыя выступы Ангелы Мэркель, Оскара Лафантэна ды Гіда Вэстэрвэле. І вось, калі гэткі «Вася» з фрыкатыўным «г» прамаўляе пра «крызыс лібэралізму» і маніпулятыўную сутнасьць дзяржавы, робіцца зразумелым, як далёка знаходзімся мы на сваім «Усходзе» — ад Захаду.

Але самае цікавае тут — праца фатографа Андрэя Лянкевіча ў разьдзеле «Ідэнтычнасьць». Яна называецца «Падвоеныя героі». З-за гэтай працы ў галерэю прыходзяць людзі, якія кажуць пра ўласныя «абражаныя пачуцьці» і нават пагражаюць падаць у суд.



Гледачоў рэспублікі, якая, калі верыць прамовам афіцыйных асоб, амаль што адна, на ўласныя сілы, перамагла фашызм, абразіў падвойны партрэт удзельніка гістарычных рэканструкцыяў на тэму Другой сусьветнай вайны. У правай частцы фота герой апрануты ў савецкую ўніформу, у левай — у фашысцкі «фрэнч».

І там, і там — партрэты адной асобы, зьнятай у адным ракурсе, з адным асьвятленьнем.

І вось, я хадзіў да гэтай працы Лянкевіча некалькі дзён, дэманстраваў яе розным людзям і ніяк ня мог уцяміць: што тут можа абразіць гледача? Тым больш — краіны, што перамагла фашызм? Дзе тут «прапаганда фашызму»? На працы, відавочна, не прадэманстравана перавагі фашыстаў над савецкім салдатам, гэта цалкам нэўтральны і гуманістычны партрэт, разважаньне пра тое, што і першыя, і другія былі салдатамі, гінулі за ідэю...

Потым да мяне дайшло: канешне! У беларускім мастацтве (ДАГЭТУЛЬ!!!) фашыст павінны выяўляцца карыкатурна. Так, як ён выяўляецца ў пасьляваенных савецкіх фільмах нізкай мастацкай вартасьці, але вялікага ідэалягічнага зараду. Беларусам фашыста трэба паказваць зьверам. Жудаснай пачварай зь вялікімі зубамі і сьлінай, што капае з падбародку. Адзіная кананічная выява фашыста — тая, што дэманструецца на працах мастака Міхаіла Савіцкага на другім паверсе яго музэя (які, дарэчы, у пятніцу наведаў Аляксандр Лукашэнка).

Лянкевіча ўразіла тое, што ўдзельнікі гістарычных рэканструкцый могуць мець адначасова два камплекта формы: савецкі і нямецкі. Што ўчора ты савецкім салдатам мог «загінуць» ля Брэсцкай крэпасьці, сёньня — «ісьці ў атаку» ў ударных сілах Вэрмахту. Што колер і матар’ял гузікаў уніформы для іх — рэч болей прынцыповая, чым тыя ідэі, якія стаяць за нямецкай свастыкай.

У мяне падчас вайны загінуў прадзед. Моцна кантузіла дзеда, які заўчасна з-за гэтай кантузіі сканаў. Але я ня бачу, як праца «Падвоеныя героі» Андрэя Лянкевіча можа мяне пакрыўдзіць. Гэта добрая і вельмі сучасная (для існага стану беларускага грамадзтва, якое ставіць гэтую скончаную 50 год таму назад вайну паміж сабе і Эўропай!) фатаграфія.

Я б зразумеў, калі б яна выклікала абурэньне і пагрозы 30 год таму. Зараз — не разумею. Зараз — раю ўсім прыйсьці і паглядзець.

У беларускага гледача вельмі нізкі парог скандальнасьці.

Ён не гатовы ня толькі да Марсэля Дюшана, ён не гатовы нават да Пікасо.

*** Варта схадзіць і узьняць тэму падвойнай ідэнтычнасьці зь сябрамі за півам
* Глядзіце лепей Шышкіна
** Малюйце лепей Шышкіна самі


*** Варта схадзіць і узьняць тэму падвойнай ідэнтычнасьці зь сябрамі за півам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG