Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Полацкім вінаробчым заводзе выходзяць з прафсаюзу


Каля 30-ці працаўнікоў прадпрыемства з пачатку верасьня выйшлі з галіновага афіцыйнага прафсаюзу і рыхтуюцца стварыць «пярвічку» СПБ.

Прычына — нізкія заробкі, парушэньне нормаў аховы працы, зьняважлівае стаўленьне з боку адміністрацыі.

Паводле прадстаўніка Свабоднага прафсаюзу, працаўніка прадпрыемства «Шкловалакно» Міколы Шараха, рабочыя вінаробчага заводу вырашылі пакінуць афіцыйны прафсаюз на знак пратэсту. Спадар Шарах праводзіў сход, дзе прымалася рашэньне стварыць «пярвічку» СПБ:

«На вінаробчым заводзе праходзіў сход працоўнага калектыву. Дырэктар Аляксандар Масалаў не пускаў мяне на завод, хоць пра гэта была папярэдняя дамоўленасьць. Даведаўшыся, што мяне не прапускаюць, некалькі дзясяткаў рабочых пакінулі сход і вырашылі сабрацца на прахадной. Там і было прынята рашэньне, каб стварыць Свабодны прафсаюз. Са свайго боку я гатовы кансультаваць, як гэта робіцца. На „Шкловалакне“ Свабодны прафсаюз дзейнічае ўжо не адзін дзясятак гадоў».

Мікола Шарах апавёў, што цяпер на вінаробчы завод пэрыядычна наведваюцца супрацоўнікі КДБ — шукаюць завадатараў выхаду з афіцыйнага прафсаюзу. Прыходзяць з праверкамі і з гарвыканкаму, а адміністрацыя прадпрыемства абяцае выплаціць прэміі, калі рабочыя пагодзяцца вярнуцца назад у галіновы прафсаюз.
XS
SM
MD
LG