Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Постсавецкая прастора: хто куды прыйшоў за 20 гадоў?


Сёньня ў Празе пачала працу міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная працэсам дэмакратызацыі ў краінах былога СССР. У форуме бяруць удзел прадстаўнікі Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузія, Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расеі, а таксама ЗША і Чэхіі.

Сярод дакладчыкаў на канфэрэнцыі — беларускі палітык, палітычны уцякач, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч. Мы папрасілі яго расказаць пра мэты і хаду канфэрэнцыі.

Міхалевіч: Гэта дастаткова прадстаўнічы форум. Ён зладжаны чэскім таварыствам імя Амоса Каменскага. Канфэрэнцыя мае назву «Дэмакратызацыя на постсавецкай прасторы: 20 гадоў пасьля». Адбываецца яна ў Сэнаце Чэскай рэспублікі, бяруць удзел даволі ўплывовыя асобы з розных краін, напрыклад, з Расеі — Канстанцін Касачоў, спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта РФ па стасунках з краінамі СНД, з Азэрбайджану — Асім Малазадэ, які шмат гадоў быў дакладчыкам па Беларусі ў ПАРЭ, з Латвіі — былая прэзыдэнт Віка Вайра-Фрайбэрга.

РС: На што Вы зьвярнулі ўвагу на гэтай канфэрэнцыі?

Міхалевіч: Мне было цікава паслухаць сп-ра Касачова, гэта адзін з тых людзей, якія прымаюць рашэньні, і які адказны ў Расеі менавіта за беларускі накірунак. Як дыплямат, ён выказваўся вельмі ўзважана, практычна ўсе прадстаўнікі Расеі заўсёды спрабуюць паказаць, што ёсьць розныя полюсы, розныя краіны і ня трэба ўжываць аднолькавыя дэмакратычныя стандарты для ўсіх.

калі Захад пачынае датаваць банкі, якія кепска працуюць, і падтрымлівае такія краіны, як Грэцыя, то гэта вельмі нагадвае тое, што робіць Лукашэнка, калі датуе неэфэктыўныя калгасы

Для мяне важна, што тут можна сур’ёзна пагаварыць з прадстаўнікамі Грузіі, тут вельмі прадстаўнічая грузінская дэлегацыя, ў якую ўваходзяць прадстаўнікі як улады, гэтак і апазыцыі. Тут шмат прадстаўнікоў постсавецкіх краін і для мяне гэта магчымасьць ацаніць, што робяць беларускія ўлады па розных накірунках. На вялікі жаль, не атрымалася знайсьці прадстаўніка беларускай амбасады, хаця ўжо размаўляў з прадстаўнікамі расейскай, украінскай і іншых амбасадаў.

РС: Вы сказалі: «Гэта магчымасьць ацаніць, што робяць беларускія ўлады па розных накірунках». Што вы мелі на ўвазе?

Міхалевіч: Ну, напрыклад, як Беларусь узаемадзейнічае з краінамі Ўсходняга партнэрства, якіх дзеяньняў можна чакаць з боку парлямэнтаў такіх краін, як Малдова, Азэрбайджан, Армэнія. Я выступаю супраць таго, каб афіцыйная беларуская парлямэнцкая дэлегацыя была прадстаўленая ў Парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства. У той жа час як большасьць прадстаўнікоў такіх краін, як, напрыклад, Азэрбайджан, выступаюць за гэта.

РС: Наколькі шырока ў дэбатах на канфэрэнцыі гучала беларуская тэма?

Міхалевіч: Мой выступ пасьля адкрыцьця канфэрэнцыі быў другім пасьля прадстаўніка Расеі. Гэта вялікі гонар для мяне. Было потым шмат пытаньняў. Я казаў ня толькі пра парушэньні правоў чалавека. Як прыхільнік рынкавай эканомікі я гаварыў пра тое, што калі зараз Захад пачынае датаваць банкі, якія кепска працуюць, і падтрымлівае такія краіны, як Грэцыя, якія стаяць на мяжы банкруцтва, то гэта вельмі нагадвае тое, што робіць Лукашэнка, калі датуе неэфэктыўныя калгасы і падтрымлівае сыстэму, якая даўно збанкрутавала.
XS
SM
MD
LG