Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканаміст: Рэальныя прыбыткі непараўнальныя з 1990-мі


Аляксандар Лукашэнка чарговым разам пацьвердзіў абяцаньне, што да канца 2012 году сярэдні заробак будзе даведзены да 500 даляраў. Гэтую ўстаноўку ён паўтарыў, прымаючы з дакладам пра сытуацыю ў эканоміцы кіраўнікоў ураду і Нацыянальнага банку.

«Сярэдні заробак у нас вырас амаль да 4 мільёнаў рублёў. Гэта прыкладна крыху больш за 470 даляраў. Да канца году мы гарантавана выйдзем у сярэднім на 500 даляраў. Пры гэтым рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва ўзрастуць на 17,5%, а рэальная заробная плата — на 21,5%. Але нельга забывацца, што рост заробнай платы ва ўвязцы з прадукцыйнасьцю працы застаецца нязьменным і найважнейшым прынцыпам нашай працы. Мы павінны даць магчымасьць людзям зарабляць грошы», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка пры гэтым пахваліўся: курс беларускага рубля застаецца стабільным і няма падставаў хвалявацца, што нешта перашкодзіць выхаду на заплянаваныя паказьнікі.

Тым часам незалежныя экспэрты канстатуюць: апераджальны рост цэнаў на прадукты, тавары і паслугі зводзіць на нуль усе спробы чыноўнікаў адрапартаваць пра дасягненьне 500-даляравага заробку. Як кажа кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, даведзеная зьверху плянка прыбыткаў дазволіць беларусам хіба што выжываць, але ніяк не шыкаваць:

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

«Можна зрабіць і 500 даляраў, і нават больш. Але ж сёньня ў Беларусі цэны на любы прадукт харчаваньня ўжо вышэйшыя, чым у той жа Літве. Палічыце: у 1990 годзе сярэдні заробак быў 269 рублёў. Зараз — дзесьці 3 мільёны 600 тысяч (мабыць, ужо больш, ня памятаю — дый гэта ня важна). Але галоўнае ў тым, што тады мы сьвініны маглі купіць 160 кіляграмаў (з акругленьнем), а цяпер — толькі 47% ад той сумы. Вось вам рэальныя прыбыткі насельніцтва, якія абваліліся ўдвая. Мы тут нешта фантазіруем, урад на кожным рагу рапартуе — прыбыткі растуць. Ды якія прыбыткі, навошта ўвогуле гэта падкрэсьліваць? Мы можам у кішэні гэтыя грошы не пазапіхваць пачкамі, але ж трэба разумець іншае — што мы можам купіць на гэтыя грошы? Бо адмысловае паняцьце ёсьць у эканоміцы — рэальны кошт грошай...»

Падчас нарады Аляксандар Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу падначаленых на тым, што насельніцтва цяпер найбольш хвалюе рост коштаў.
XS
SM
MD
LG