Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАДА: У допінгавым скандале з Астапчук вінаваты трэнэр


Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва (НАДА) Аляксандар Ванхадла і кіраўнік Дырэктарату нацыянальных камандаў па відах спорту Міністэрства спорту і турызму Андрэй Фомачкін агучылі першыя вынікі ўнутранага расьсьледаваньня допінгавага скандалу вакол пазбаўленай залатога алімпійскага мэдаля штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук.

Паводле Аляксандра Ванхадлы, у выніку разбору было выяўлена, што забаронены прэпарат падсыпаў спартоўцы безь яе ведама трэнэр Аляксандар Яфімаў. Спэцыяліст патлумачыў гэта тым, што ня быў упэўнены ў выніках атлеткі і вырашыў перастрахавацца. Гэта здарылася 30 ліпеня падчас трэніровачнага збору, за некалькі дзён да алімпійскага выступу.

Яфімаў будзе дыскваліфікаваны на 4 гады. Хоць Астапчук нібыта нічога не падазравала, але ў адпаведнасьці з кодэксам НАК яна таксама будзе дыскваліфікаваная на 1 год. Гэты тэрмін можа быць і скарочаны. Апроч таго, трэнэр і спартоўка будуць пазбаўленыя прэзыдэнцкай стыпэндыі, бо ня спраўдзілі ўскладзеных на іх чаканьняў.

Надзея Астапчук і Аляксандар Яфімаў ад удзелу ў прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікоў Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва і Міністэрства спорту і турызму адмовіліся. У размове з карэспандэнтам «Свабоды» спартоўка спаслалася на тое, што якраз кіруе аўтамабілем і гаварыць ня можа.

Пасьля заканчэньня ўнутранага расьсьледаваньня справу Астапчук перададуць у міжнародныя спартовыя структуры, якія вынесуць канчатковы вэрдыкт у гісторыі з дыскваліфікаванай атлеткай.

Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў беларускую спартоўку вышэйшай узнагароды з-за станоўчай допінг-пробы, загадаўшы вярнуць узнагароду, дыплём і алімпійскую акрэдытацыю. Два аналізы паказалі наяўнасьць у арганізьме Астапчук мэтэналону, які ў сьпісе забароненых прэпаратаў сёлетняй Алімпіяды ў Лёндане клясыфікаваны як анабалічны стэроід.

Неўзабаве пасьля вяртаньня зь Лёндану кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму прад’явіла прэтэнзіі фармакалягічнай галіне, якая «пляцецца ў хвасьце» ўсясьветнай мэдыцыны, прапануючы айчынным спартоўцам прэпараты мінулага стагодзьдзя. Такія стымулятары, маўляў, даўно сталі лёгкай здабычай антыдопінгавых лябараторыяў.

Ці сапраўды беларускія атлеты, ня маючы магчымасьці крочыць нароўні з прагрэсам у галіне мэдыцыны, вымушаныя рызыкаваць, спажываючы састарэлыя прэпараты? Галоўны лекар нацыянальных камандаў Валер Бялан ускосна гэта пацьвярджае:

«Так, як вы ставіце пытаньне — састарэлыя-несастарэлыя — гэтае пытаньне неправамоцнае. У якім пляне? Ужо нават звычайныя людзі, абывацелі, разумеюць, што бяз допінгу спорт вялікіх дасягненьняў немагчымы. І тут лепш, чым словамі шматразовага чэмпіёна Фэлпса, ня скажаш. Ён сказаў літаральна наступнае: за апошнія гады ўсе ўсясьветныя рэкорды, дасягнутыя ў плаваньні, — вынік ужываньня допінгу. А тое, што ён дазволіў сабе такое сказаць (усё гэта ёсьць у інтэрнэце), пра што сьведчыць? Гэта кажа пра тое, што ён нават не ўяўляе, што яго могуць злавіць. І вось якраз гэта можна ўзяць за аснову: дэкляраваная барацьба з допінгам — гэта адно, а насамрэч усё будзе перарастаць у паляваньне на лепшых спартоўцаў мала абароненых краінаў. Таму што ня скажаш жа, што мы недаразьвітая краіна, бо здабылі столькі і столькі мэдалёў. Мы іх заваявалі — нягледзячы нават на тыя мэтодыкі, якія прасоўвалі багацейшыя дзяржавы. Вось адкуль трэба зыходзіць, а ня тое, што састарэлыя-несастарэлыя».

Пакуль усе алімпійскія аксэсуары Надзеі Астапчук знаходзяцца ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Калі падазрэньні пацьвердзяцца, іх вернуць арганізатарам спаборніцтваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG