Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская друкарня «тармозіць» агітацыйную кампанію


Алена Фаміна

Алена Фаміна

Двое дэмакратычных кандыдатаў, Алена Фаміна і Аляксей Гаўруцікаў, пяты дзень запар ня могуць атрымаць зь Віцебскай абласной друкарні замоўленыя ўлёткі.

Надрукаваныя толькі каляровыя ўлёткі для нагляднай агітацыі. А чорна-белыя, каб раздаваць выбарцам, немагчыма атрымаць ужо каторы дзень.

«Спачатку нам сказалі, што ўсё будзе гатова ў мінулую пятніцу. Запрасілі прыйсьці пасьля абеду. Але аддалі толькі каляровыя ўлёткі. Астатняе паабяцалі зрабіць да ранку ў панядзелак. Потым патэлефанавалі: „Не, мы не ўпраўляемся, зайдзіце вечарам“. Падвечар зноў тэлефануюць: „Не гатова, зайдзіце ў аўторак а 8-й раніцы“. Прыходжу сёньня — не, не гатова, зайдзіце ў 11. Але і ў 11 нічога не гатова. Інакш як сабатажам гэта назваць не магу», — гаворыць кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе № 18 Аляксей Гаўруцікаў.

Затрымку кандыдаты, прыхільнікі Мікалая Статкевіча, лічаць невыпадковай.

«11 верасьня мы раздавалі запрашэньні на сустрэчы з выбарцамі. 12 верасьня іх у нас тры: на дзьвюх агітпляцоўках і ў сярэдняй школе № 45, прычым з удзелам нашых давераных асобаў, Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Мілінкевіча. Менавіта падчас такіх сустрэчаў і неабходныя агітацыйныя ўлёткі — каб раздаваць іх людзям», — кажа Алена Фаміна, кандыдатка па Віцебскай-Горкаўскай акрузе № 17.

Агітацыйныя ўлёткі незалежных кандыдатаў толькі-толькі пачалі зьяўляцца ў Віцебску. Друкаваную ж прадукцыю ў падтрымку праўладных прэтэндэнтаў гараджане бачаць у вітрынах крамаў і ў дзяржаўных установах ужо зь мінулага тыдня.
XS
SM
MD
LG