Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: 7 тэледэбатаў зьнята з эфіру праз заклікі да байкоту


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына назвала дакладную колькасьць выбарцаў: 7 078 809 чалавек. Гэты паказьнік ніжэйшы, чым на прэзыдэнцкіх выбарах, прыкладна на 26 000.

17 тэледэбатаў з удзелам кандыдатаў у дэпутаты выйшла ў эфір, 14 тэледэбатаў яшчэ рыхтуецца да эфіру. 7 тэледэбатаў былі зьнятыя з эфіру, таму што там была агітацыя за байкот. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына на прэсавай канфэрэнцыі. Хто і за што здымае ўжо запісаныя праграмы з эфіру?

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына патлумачыла, што ўсе 7 дэбатаў зьнятыя з эфіру толькі з адной прычыны:

«Чаму яны зьнятыя? Таму што пры дадзеных дэбатах ажыцьцяўлялася агітацыя за байкот выбараў».

Тыдзень таму былі зьнятыя з эфіру дэбаты з удзелам кандыдата ад АГП рэжысэра Юрыя Хашчавацкага. Спадар Хашчавацкі распавёў, што ягоным апанэнтам быў Леанід Скорабагаты, на ягоны погляд — вельмі сымпатычны кандыдат, шчыры вернік, шматдзетны бацька, у якога некалькі прыёмных дзетак:

Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

«Ён мне сказаў, што ідзе ў парлямэнт, каб зьменшыць колькасьць зла ў гэтым парлямэнце. Я пажартаваў: як вы наагул будзеце змагацца са злом у парлямэнце, калі вас туды ня пусьцяць? Я бачыў, што ён разумее. Прадмету спрэчак у нас не было. І тады я пераключыўся на вядоўцу: маўляў, вам наагул ня сорамна працаваць тут, хлусіць, маніць, так апусьціць тэлебачаньне? Хлусы ў парлямэнце, хлусы на тэлебачаньні... І заклікаў усіх не хадзіць на выбары, таму што гэта падвойны падман. Я яшчэ даволі эмацыйна гэта рабіў, такі крыху падобны да Жырыноўскага быў».

Дэбаты ў эфір не пусьцілі. Не паказалі па тэлебачаньні і 5-хвілінны выступ Юрыя Хашчавацкага. Прычым не патлумачылі, чаму. Больш за тое, 10 верасьня павінен быў адбыцца запіс ягонага выступу па радыё (эфір быў заплянаваны на 11 верасьня). Хашчавацкага на радыё не запрасілі.

На пытаньне Радыё Свабода, хто прымае рашэньне зьняць запісаную праграму, на якой падставе, спадарыня Ярмошына адказала так:

«Там няма ніякага мантажу. Здымаецца тэлеканалам сам запіс абсалютна цалкам, калі там хаця б адзін з кандыдатаў рабіў заклік не ісьці на выбарчы ўчастак, ня ўдзельнічаць у выбарах. Мы ня бачым гэтых запісаў, калі толькі не глядзім дэбаты як гледачы. Часам кіраўніцтва тэлеканалу прывозіць запіс на вывучэньне на прадмет выкананьня заканадаўства. І пазыцыя ЦВК зьяўляецца найбольш мяккай у гэтых пытаньнях».

10 верасьня ў эфір выйшлі дэбаты з удзелам старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, дзе ён зрабіў даволі рэзкія заявы на адрас Мікалая Самасейкі, дзейнага дэпутата і кандыдата на дэпутацкае крэсла на другі тэрмін. На 11 верасьня заплянаваныя дэбаты ганаровага старшыні АГП прафэсара Станіслава Багданкевіча. Ягоныя апанэнты — старшыня Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў Міхаіл Савановіч і Андрэй Дзьмітрыеў, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Тацяны Караткевіч (кампанія «Гавары праўду»).

Станіслаў Багданкевіч тлумачыць, чаму пагадзіўся на ўдзел у дэбатах, і прызнаецца, што ў адным з ранейшых выступаў заклікаў да байкоту выбараў:

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Я двойчы выступаў па радыё. І мяне пусьцілі ў радыёэфір другі раз, калі я гаварыў выключна пра байкот. Гэтым разам у тэледэбатах я казаў, што іду на тэлебачаньне, выключна каб прарваць інфармацыйную блякаду. Я не адчуваю сябе кандыдатам. Я ўключыўся ў гэтую кампанію з адной прычыны: каб выступіць па тэлебачаньні і па радыё. 18 гадоў мяне не дапускалі да тэле- і радыёэфіру. Я не хачу сябе рэклямаваць. Вось зараз мы вырашылі скарыстаць гэтую магчымасьць: 5 хвілін выступу і 5 — у тэледэбатах. Пэнсіянэры слухаюць радыё, глядзяць тэлебачаньне — хтосьці пачуе».

А вось агульную перадвыбарчую праграму кандыдатаў у дэпутаты ад АГП аб’ёмам 12 тысяч знакаў газэты «Рэспубліка» і «Звязда» друкаваць адмовіліся: маўляў, заканадаўства не прадугледжвае такога варыянту, кожны кандыдат павінен выступіць з індывідуальнай праграмай аб’ёмам да 4 тысяч знакаў. Калі кандыдаты падзялілі праграму на 3 часткі і прапанавалі друкаваць з працягам, ім таксама адмовілі. Спадарыня Ярмошына з гэтай нагоды нават пажартавала: «Ну проста раман Дзюма з працягам». Кандыдаты ад АГП падалі заявы, якія будуць вынесеныя на разгляд Назіральнай рады па інфармацыйных спрэчках, створанай пры ЦВК.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG